Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На гэтым тыдні ў апазыцыйным асяродзьдзі і ў незалежных мэдыях абвастрыліся спрэчкі наконт выбараў адзінага кандыдата ад апазыцыі. Кампанія «Гавары праўду» абвясьціла, што выходзіць з дыскусіі на гэтую тэму, прапаноўвае сваю ўласную стратэгію на 2015 год, сутнасьць якой можна зьвесьці да тэзы, сфармуляванай лідэрам кампаніі Ўладзімерам Някляевым: «У 2015 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах будуць змагацца ня людзі, а ідэі — якой павінна быць Беларусь? Таму галоўнае — ня ХТО замест Лукашэнкі, а ШТО замест Лукашэнкі».

Формула прыгожая, але ня больш за тое. Бо з гледзішча правілаў паліттэхналёгіі для перамогі на мажарытарных выбарах неабходна мець тры моцныя складнікі: праграму (ідэю ці праект), арганізацыю і асобу. Калі аднаго з гэтых зьвёнаў няма, ланцуг не замыкаецца, вынікаў ня будзе. Таму аднолькава важна і што, і хто замест Лукашэнкі.

Інтэрнэт-газэта «Салідарнасьць» надрукавала артыкул Уладзімера Марцьянава пад вельмі гучнай і паказальнай назваю: «Адзіны-2015: шлях у нікуды?» () Аўтар слушна разважае пра вялікія цяжкасьці, якія ўстаюць перад апазыцыяй пры вырашэньні задачы выбару адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары.

Першая з гэтых праблемаў сфармуляваная так:

«Бо калі ў працэсе перамоваў і кансультацый удасца выявіць, абраць, прызначыць — усё роўна — фігуру адзінага, далей непазьбежна павінна ісьці аб’яднаньне апазыцыйных структураў і арганізацыя іх сумеснай працы. І вось тут прыходзіць час сур’ёзных, скажам так, фундамэнтальных ускладненьняў... Вы ўяўляеце сабе камуніста, які з усіх сіл працуе на перамогу кандыдата ад БНФ ці БХД? Хтосьці мне скажа, што камуністы Калякіна гэта ўжо не зусім камуністы, а хутчэй — сацыял-дэмакраты. Няхай так, але мэты і задачы сацыял-дэмакратаў таксама далёкія ад лібэральнай сыстэмы каштоўнасьцяў».

Праблема тут сапраўды існуе, што пацьвярджае досьвед прэзыдэнцкіх кампаніяў 2001 і 2006 гадоў. Але, па-першае, гэта чыньнік суб’ектыўны. А, як вядома, суб’ектыўнымі фактарамі можна кіраваць.

Па-другое, у сытуацыі выбарчай кампаніі важней аб’яднаць электарат, чым арганізацыйныя структуры апазыцыі. І сутнасьць стратэгіі вылучэньня адзінага кандыдата палягае ў тым, каб не распыляць галасы той часткі насельніцтва, якая арыентаваная на дэмакратычныя каштоўнасьці. А аб’яднаньне структураў — пажаданая, але не крытычна неабходная ўмова перамогі.

Па-трэцяе, хачу нагадаць аўтару, што камуніст Калякін быў кіраўніком перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата апазыцыі Мілінкевіча ў 2006 годзе.

Па-чацьвёртае, цалкам рэальна стварыць праграму пераменаў, якая б задавальняла і сацыял-дэмакратаў, і лібэралаў, і БНФ, і БХД. Гэта пытаньне тэхналёгіі.

Наступная праблема, якую ўздымае аўтар, больш важная.

«Апазыцыя сёньня маргіналізаваная па максымуме. Тут і сыход з сыстэмнай палітыкі, і прапагандысцкія кампаніі ўлады, і шмат што іншае. Усяго патроху, але выснова адна — набраць неабходныя для перамогі 50% плюс адзін голас ёй не пад сілу ні пры якіх абставінах. Прычым незалежна ад посьпеху або няўдачы праекту з адзіным кандыдатам. У выніку можа быць адсоткаў 20–25... Думаю, што гэта столь, вышэй за якую скокнуць ніяк ня ўдасца. Бо перамога на мажарытарных выбарах палягае ў тым, каб узяць „балота“. Гэта значыць „непрасунутую“, палітычна неструктураваную, аморфную, закасьцянелую паміж „саўком“ і „сацыяльна-арыентаванай рынкавай эканомікай“ частку грамадзтва, якая панічна баіцца апазыцыі... Гэтыя людзі, можа, і цяперашнюю ўладу ня надта любяць. Але апазыцыю ня любяць значна больш. Ані ў адзіным выглядзе, ані ў разрозьненым».

Усё так. Але сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што дэмакратычны электарат складае ня менш за траціну ўсяго насельніцтва. І калі яго мабілізаваць, ён увесь прыйдзе на выбарчыя ўчасткі, то гэтага можа быць і дастаткова для электаральнай перамогі. Бо лічыць жа трэба не ад усяго насельніцтва, а ад той колькасьці, якая прыйшла на выбары. І калі прыхільнікі Лукашэнкі, расчараваныя ў сваім куміры, масава праігнаруюць галасаваньне, то 25–30% дэмакратычнага электарату ад усяго насельніцтва можа скласьці 51% ад выбарцаў, якія рэальна прыйшлі на выбарчыя ўчасткі. Зразумела, што гэта вельмі тэарэтычны варыянт, але шанец на яго выкарыстаньне дае толькі стратэгія з адзіным кандыдатам.

Аднак сп. Марцьянаў ня толькі крытыкуе, але і прапаноўвае свой пераможны плян.

«Што рабіць? Значна больш рэалістычна глядзеўся бы сцэнар, пры якім усімі сіламі ажыцьцяўляўся б пошук кандыдата, здольнага стаць сваім для гэтага „балота“. Які мог бы працаваць у гэтым электараце, заходзячы, у тым ліку, у арэалы, дзе жыве праўладны выбаршчык. Гэты кандыдат не павінен палохаць намэнклятуру, паколькі яна істотна ўплывае на працэс. Добра гэта ці не — у дадзеным выпадку справа дзясятая. Проста такія ўмовы задачы. Для таго каб выпрацоўваць свае правілы, трэба перамагчы паводле існуючых. Галасы апазыцыйна настроенай часткі электарату адыдуць да такога кандыдата па змаўчаньні — ну не за дзеючага ж яны будуць галасаваць. Прычым любая дапамога ад апазыцыі для такога кандыдата — сьмяротны прысуд, бо яна тут жа ўцягвае яго ў маргінальны абшар палітычнай прасторы з пункту гледжаньня вельмі ўжо істотнай часткі электарату. І значнай часткі той жа намэнклятуры».

Прапанова цікавая, схема ідэальная, але галоўны яе мінус — яна вельмі ўтапічная. На якія арганізацыйныя структуры будзе абапірацца гэты кандыдат ад «балота»? Хто будзе зьбіраць яму неабходныя 100 тыс. подпісаў? Выглядае, што, акрамя апазыцыйных арганізацый, гэтага зрабіць няма каму.

Адразу чую абурэньне вялікай колькасьці крытыкаў: пра што вы тут разважаеце, калі выбараў няма і галасы ня лічацца? Так. Але я ўпэўнены, што дзеля рэальнай перамогі над дыктатурай трэба спачатку атрымаць электаральную перамогу сярод насельніцтва. Без вырашэньня гэтай першай задачы няма вялікага сэнсу будаваць пераможныя сцэнары.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG