Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Svenska Dagbladet: Лукашэнка «супакоіў» Більта?


Ужо больш за паўгода прайшло з часу, як разгарэўся швэдзка-беларускі дыпляматычны канфлікт, а афіцыйны Стакгольм, вядомы сваімі рэзкімі заявамі на адрас беларускага рэжыму, захоўвае маўчаньне.

Чаму не чуваць такога папулярнага ў колах ЭЗ крытыка Лукашэнкі Карла Більта? Як павінны падтрымліваць адзін аднаго эўрапейцы ў захадах супраць беларускай дыктатуры? Такія пытаньні на старонках выданьня Svenska Dagbladet ставіць вядомы швэдзкі праваабаронца, кіраўнік Östgruppen Марцін Угла.

Марцін Угла адзначае, што адразу пасьля беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў-2010 міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більт быў адным з тых эўрапейскіх палітыкаў, якія рэзка асудзілі парушэньні правоў чалавека з боку беларускага рэжыму.

Разам з трыма калегамі з ЭЗ кіраўнік швэдзкага замежнапалітычнага ведамства напісаў для New York Times артыкул «Лукашэнка — лузэр», які выклікаў шырокі рэзананс як у палітычных колах, так і сярод шырокай грамадзкасьці. Аўтары адзначалі, што беларускі лідэр ня выканаў сваіх ранейшых абяцаньняў наконт дэмакратызацыі, што стасункі паміж Эўразьвязам і Менскам павінны, такім чынам, сысьці на нішто. Аўтары бачылі сваю задачу ў тым, каб падтрымліваць тых, хто працуе для разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі. «Эўропа ня будзе нямой», — гаварылася ў публікацыі.

На працягу 2011 і першай паловы 2012 году Більт ня раз выступаў з рэзкай крытыкай рэжыму Лукашэнкі. Ён сустракаўся зь вядомымі беларускімі апазыцыйнымі палітыкамі і праваабаронцамі, публічна падтрымліваў іх. Швэцыя стала маторам новай, больш прынцыповай эўрапейскай палітыкі ў дачыненьні да афіцыйнага Менску.

Калі вядомы палітвязень, былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў у красавіку 2012 году датэрмінова выйшаў на волю, Більт асабіста павіншаваў яго з гэтым. Той тэлефонны званок стаў пэўным сымбалем і меў вялікі рэзананс у незалежных беларускіх СМІ.

Зразумела, што крытыка Більтам беларускага рэжыму зрабіла яго папулярным у дэмакратычным руху, але не ў атачэньні Лукашэнкі. Тое, што ў жніўні швэдзкі амбасадар Стэфан Эрыксан мусіў пакінуць Менск, ня выклікала зьдзіўленьня. Адпаведна, была спыненая звычайная дзейнасьць амбасады Швэцыі ў Менску і амбасады Беларусі ў Стакгольме.

Швэдзкі міністар даў рэзкую ацэнку дзеяньням Менску. І змоўк. Крытычных і дыскусійных артыкулаў больш няма. Ад пачатку 2013 году няма ніякіх крытычных заяваў у сувязі з рэпрэсіямі ды перасьледам дысыдэнтаў. А яны працягваюцца па-ранейшаму.

Патлумачыць такое маўчаньне, верагодна, можна тым, што Стакгольм хоча аднавіць дзейнасьць сваёй амбасады ў Беларусі і што шанцы на гэта тым вышэйшыя, чым меней ён будзе сваёй крытыкай раздражняць беларускі рэжым. Аднак калі такая асьцярожнасьць і можа здацца нават зразумелай, ці не прыкмета яна таго, што Лукашэнка дэ-факта прымусіў змоўкнуць аднаго з сваіх самых зацятых крытыкаў?

Як мяркуе аўтар, у такой сытуацыі іншыя краіны ЭЗ не выказваюць жаданьня заняць вызваленую Більтам нішу. Магчыма, баючыся трапіць у падобную сытуацыю. Такая рызыка відавочная. У свой час у New York Times Більт разам з калегамі абяцалі, што Эўропа ня будзе маўчаць. Марна.

Паводле ж Марціна Углы, маўчаць нельга. Каб іншым краінам ЭЗ зьнізіць для сябе верагоднасьць «швэдзкага варыянту», ім неабходна мець магутную, мэтанакіраваную і адзіную, арыентаваную на дэмакратычныя каштоўнасьці пазыцыю ў дачыненьні да Беларусі, разам адстойваць свабоду слова, не паддаючыся на ціск Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG