Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адзінага» кандыдата будуць шукаць да восені


Да 25 сакавіка, як плянавалася раней, вызначыць мэханізм абраньня адзінага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі ад дэмакратычных сілаў не атрымаецца.

Пра гэта сёньня «Свабодзе» паведаміў адзін з ініцыятараў акцыі — старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён сказаў, што сытуацыя праясьніцца толькі восеньню.

Дата 25 сакавіка 2013 году як дзень, да якога трэба вызначыцца наконт адзінага кандыдата, фігуравала ў дакумэнтах сойму Партыі БНФ. Акрамя гэтай партыі, у кансультацыях удзельнічаюць кампанія «Гавары праўду» і рух «За свабоду». Партыйны лідэр Аляксей Янукевіч тлумачыць, чаму тэрмін 25 сакавіка аказаўся нерэальным:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
«Тут некалькі фактараў адыгрываюць сваю ролю. Адзін — тое, што, магчыма, некаторыя суб’екты нашых перамоваў сёньня бачаць для сябе ўжо іншыя прыярытэты. Тая ж кампанія „Гавары праўду“ сёньня пераважна глядзіць на мясцовыя выбары. На гэтым сканцэнтраваныя ў першую чаргу ўсе іхныя арганізацыйныя высілкі і пляны.

Часткова, я думаю, гэта зьвязана і з тым, што няма пэўнасьці ў нейкіх асобах. Ну, не вымалёўваюцца ў некаторых партнэраў яўныя постаці, якія б маглі прэтэндаваць на ролю адзінага кандыдата. Можа, і ёсьць нейкі сьпіс кандыдатаў. Але ў ім няма яўных фаварытаў. І таму хочацца ўзяць нейкі дадатковы час, каб гэты сьпіс пашырыць. Можа, знайсьці нейкага новага чалавека. Можа, ён сам зьявіцца».

Чым раней будзе названае прозьвішча адзінага кандыдата, тым лепей, — лічыць палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
«Зь іншага боку, адзіны кандыдат — гэта не самамэта. Гэта павінна быць толькі адным са зьвёнаў скаардынаванай стратэгіі, агульнай праграмы. І самая галоўная бяда, што на сёньня няма такой агульнай стратэгіі. А яшчэ няма палітычнай волі ў асноўных гульцоў для таго, каб знайсьці нейкі кансэнсус. І, натуральна, хтосьці павінен пры гэтым ахвяраваць сваімі амбіцыямі.

Таму я думаю, што разумны крок зрабіў той жа Някляеў — не таўчы ваду ў ступе, не сьмяшыць народ, груба кажучы, тым, што зноў ня могуць паразумецца. А ўвесьці часовы мараторый на адзінага кандыдата».

Зусім іншую рэакцыю выклікала заява Ўладзімера Някляева ў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Мы, шчыра кажучы, расчараваныя апошнімі заявамі Ўладзімера Някляева пра тое, што яны спыняюць кансультацыі ў фармаце трох. Мы іх чакалі, бо ў АГП ёсьць свая пазыцыя. Праз усенароднае галасаваньне, праз праймэрыз прыцягнуць як мага большую колькасьць людзей да супольнай працы. І мы разьлічвалі, што пасьля таго, як тры гэтыя структуры вызначацца са сваім бачаньнем, то тады наступіць мажлівасьць для кансультацыяў зь імі. Альбо зблізіць пазыцыі і выйсьці на нешта супольнае. Альбо сказаць: не, мы будзем ісьці паралельна».

Дэмакратычныя сілы будуць вымушаныя вярнуцца да кансультацыяў, упэўнены Аляксандар Класкоўскі:

«Гэтае пытаньне ўсё роўна ніяк абыйсьці ня ўдасца. І хай ня зараз, а праз паўгода ці год яно ўсё роўна стане рубам. Але як частка агульнай стратэгіі. Вось гэта я хачу падкрэсьліць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG