Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

1 сакавіка ў фінансавай сыстэме Беларусі спыняюць хаджэньне банкноты ў 10 і 20 рублёў.

Улады спасылаюцца на адсутнасьць пакупніцкай здольнасьці купюраў згаданага наміналу і на грувасткасьць падлікаў. Праўда, мала чаго вартая і самая малая ад сёньня купюра ў 50 рублёў — традыцыйны «пункт адліку» ў выглядзе карабку запалак каштуе ў пяць разоў больш. А вось у суседніх краінах «дзясяткі» ды «дваццаткі» па-ранейшаму маюць значную вагу. Так, у Польшчы 10 злотых — больш за 3 даляры ў эквіваленце, у Літве 10 літаў — 4 даляры, у Латвіі 10 латаў — амаль 20 даляраў. Нават ва Ўкраіне 10 грыўняў каштуюць больш за даляр. Чаму ў Беларусі грошы так хутка ператвараюцца ў фанцікі.

За гады прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі беларусы перажылі дзьве дэнамінацыі — агулам з купюраў былі адкінутыя чатыры нулі. Такім чынам, каб не «абразаньні» 1994 і 2000 гадоў, цяпер за даляр трэба было б аддаць больш за 85 мільёнаў. У сьвеце ня так шмат дзяржаў, дзе нацыянальная валюта абясцэньваецца такімі тэмпамі. Як кажа доктар эканамічных навук Уладзімер Кулажанка, улады свае памылкі традыцыйна перакладаюць на плечы насельніцтва:

Уладзімер Кулажанка

Уладзімер Кулажанка

«Вывад гэтых купюраў з абарачэньня зьвязаны з інфляцыйным працэсам, які ў нашай эканоміцы не спыняецца. Таму фармальна такое рашэньне зьяўляецца правільным. Але справа ў тым, што дадзены акт абцяжарвае праблему грашовага абарачэньня ў будучым. Гэта зьвязана з тым, што цяпер цяжка вызначаць цану ў рублях. Скажам, кошт у 31 рубель ці 937 рублёў ня вызначыш, трэба акругляць да 50. І зразумела, што гэтае акругленьне будзе рабіцца не на карысьць пакупнікоў, не на карысьць спажыўцоў. Вось у чым праблема. А наагул гэта зьвязанае з тым, што наша валюта вельмі слабая. Калі за 1 даляр даюць 8600 рублёў, то гэта гаворыць само за сябе».

За два дзясяткі гадоў гіпэрінфляцыя прымусіла адмовіцца ад цэлага шэрагу купюраў дробнага наміналу, за якія нічога нельга набыць. Толькі ў выніку дэнамінацыі 13-гадовай даўнасьці выведзеныя па-за абарачэньне банкноты ў 500 000, 1 000 000, 5 000 000 рублёў. Але, нягледзячы на захады ўладаў, колькасьць нулёў на банкнотах зноў павялічваецца. Ужо ў 2001-м бесьперапынны рост коштаў «нарадзіў» 10 000 рублёў, у 2002-м зьявілася купюра ў 20 000, неўзабаве Нацбанк «намаляваў» 50 000, а ў 2005-м — і 100 000. Грандыёзная дэвальвацыя 2011 году прысьпешыла зьяўленьне 200-тысячнай купюры, а цяпер ідуць размовы пра неабходнасьць зноў увесьці паўмільённую.

З такімі тэмпамі, як кажуць адмыслоўцы, да месца казаць пра чарговую дэнамінацыю. Але ці ўратуе яна ад тэндэнцыяў, якія сталі нормай? Як лічыць кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка, з аднаго боку, уладам выгадна ўсё перакрэсьліць і пачаць нібыта з чыстага аркуша. А калі глыбей прааналізаваць фінансавую палітыку кіраўніцтва краіны? У адкрытым лісьце на імя Аляксандра Лукашэнкі спадар Цярэшчанка прыводзіць некаторыя красамоўныя разьлікі.

На момант прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь 27 ліпеня 1990 году афіцыйны курс савецкага рубля складаў 59 капеек за даляр. Пасьля дзьвюх дэнамінацыяў і трох дэвальвацыяў на 1 студзеня 2013 году курс усталяваўся на ўзроўні 8570 беларускіх рублёў за даляр. Такім чынам, беларускія грошы за прамінулы час зьнізіліся ў кошце да амэрыканскай валюты ў 145,3 мільёна разоў!

За савецкім часам своеасаблівым пунктам адліку быў карабок запалак, які каштаваў 1 капейку. На пачатку 2013-га былы «эталён» каштаваў ужо 250 рублёў — і нават не за 60 запалак, як некалі, а толькі за 45. За 20 зь лішкам гадоў цана запалак у Беларусі вырасла ў 333 мільёны разоў! Аднак, як заяўляе суразмоўца, ягоныя выкладкі толькі раздражняюць чыноўнікаў:

Віктар Цярэшчанка

Віктар Цярэшчанка

«Падкрэсьліваю: гэта — надта актуальная тэма. Мы можам гаварыць пра што заўгодна, але грашова-крэдытная палітыка — найважнейшае пытаньне дзяржавы. Дарэчы, бліжэйшым часам зноў абвалімся. Але што ні кажы — ну ня слухае дзяржава ў асобах ураду, выканаўчай улады. Я ж не кажу, што маю рацыю ўва ўсім, што ў мяне квадратная галава і што я разумнейшы за іншых. Не, я нідзе пра гэта не кажу. Я гавару пра іншае — паглядзіце аналіз. У нас грашовая маса эквівалентная 1,1 мільярда даляраў. Гэта нічога! У нас суб’екты гаспадараньня могуць разьлічыцца адзін з адным, маем дэбэтна-крэдытнае сальда. А тое, што інтэрвэнцыі на біржы і беларускі рубель „умацоўваецца“, як нам кажуць, — дык гэта чарговая „качка“ і падман».

Непазьбежны рост коштаў патрабуе грашовай рэвізіі нават у фінансава стабільных краінах. Але перадусім гэта тычыцца «жалеза» — сабекошт манэтаў часта вышэйшы за іх намінал. Ад папяровых купюраў, як у Беларусі, амаль што не пазбаўляюцца. Так, за апошнія гады ад самых дробных манэтак у адну сотую ад адзінкі нацыянальнай валюты адмовіліся Канада, Швэцыя, Фінляндыя, Нарвэгія, Францыя, Гішпанія, Швайцарыя, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Бразылія. Аўстралія і Новая Зэляндыя пазбавіліся ад манэт у 2 цэнты, Вялікая Брытанія — у палову пэнса. Расея спыніла выпуск адна- і пяцікапеечных манэтаў.

Але ёсьць рэкардсмэны, якія з наміналам не цырымоняцца. Самы яскравы ўзор фінансавай непісьменнасьці ўладаў — Зымбабвэ. Тут дэнамінацыі праводзіліся ў 2006, 2008 і 2009 гадах. Прычым калі першы раз — па «беларускім сцэнары» (каэфіцыент 1000:1), то потым лічбы фігуравалі проста астранамічныя — 10 мільярдаў і 1 трыльён «да аднаго», адпаведна. За два гады былі абрэзаныя 25 нулёў, але і гэта не ўратавала сытуацыю. Цяпер у Зымбабвэ кожны разьлічваецца той валютай, якая цікавая для прадаўца.

Але да рэкорду самай вялікай купюры па колькасьці нулёў не дацягнулі нават зымбабвійцы. Цягам 1945–1946 гадоў у Вугоршчыне ў разгар гіпэрінфляцыі хадзіла банкнота ў адзін мільярд трыльёнаў пэнгё — 1 эдзь. Гэтая грашовая адзінка мела ажно 29 нулёў.

Дарэчы, выпушчаны ў 1998 годзе «пяцімільёньнік» яшчэ недэнамінаваных беларускіх рублёў застаецца самай вялікай паводле наміналу банкнотай ва ўсіх краінах СНД.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG