Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Заснавальнік парталу tut.by Юры Зісер звольніў 1 сакавіка журналіста Ўладзімера Чудзянцова — «па згодзе бакоў». Гэтаму папярэднічаў скандал, які падхапілі мэдыі, зьвязаны з выказваньнямі журналіста ў фэйсбуку.

Былы журналіст tut.by Уладзімер Чудзянцоў апынуўся ў фокусе блогерскага расьсьледаваньня пасьля таго, як абараніў свайго працадаўцу Юрыя Зісера ў ягонай палеміцы з рэдактаркай сайту «Хартыі» Натальляй Радзінай. Ён заявіў, што пытаньне, колькі ён зарабляе і чым будзе карміць сям'ю, яго хвалюе больш, чым "нейкія палітвязьні, якія самі вельмі старанна нарываліся, каб такімі быць".

Раней Чудзянцоў пісаў пад прозьвішчам Зуеў і апублікаваў паклёпніцкі артыкул на аднаго зь лідэраў апазіцыі, Генадзя Карпенку. У адказ на выкрыцьці Чудзянцоў мацерна аблаяў шэраг сваіх крытыкаў. Юры Зісер выбачыўся ад імя парталу за ўсе зьнявагі, якія нанёс Уладзімер. Пасьля крытыкі ў інтэрнэце ён выдаліў свой акаўнт у Фэйсбуку і выцер усе запісы з Лайвджорнала.
Чудзянцову вынесьлі папярэджаньне, якім ён, паводле Зісера, не скарыстаўся.

Чудзянцоў аднавіў свой акаўнт у фэйсбуку і заявіў, што Мікалай Халезін нібыта сфальшаваў яго скрыншот і прыпісаў словы, якіх ён не казаў. 1 сакавіка Ўладзімера Чудзянцова звольнілі.



Юры Зісер пракамэнтаваў сытуацыю карэспандэнту «Свабоды»:

Юры Зісер

Юры Зісер

«Чудзянцоў у „лічцы“ зьневажаў не апошнія тры дні. Ён зьневажаў людзей раней. І мы ўжо мелі на гэты конт непрыемнасьці. Напрыклад, некалькі месяцаў таму ён паслаў намесьніка дырэктара вельмі буйнай, вядомай IT-кампаніі, яшчэ і нашага рэклямадаўцу. І гэты зьняважаны рэклямадаўца зьвярнуўся да дырэктара tut.by, і былі разборкі непрыемныя. Думалі, што такі чалавек не павінен працаваць. Але трэба разумець,што нечае хамства — таксама не падстава для звальненьня. Нельга звольніць чалавека проста за тое, што ён не падабаецца ці некага зьняважыў. Калі зьняважыў, то гэта парушэньне закону, яго могуць прыцягнуць да адказнасьці. Гэтыя эпізоды паўтараліся неаднаразова, але мы цярпелі. Пазаўчора Чудзянцоў атрымаў апошняе папярэджаньне, бо пытаньне стаяла востра і ў нас меркаваньні падзяліліся сярод топ-мэнэджмэнту роўна папалам. І ў нас пасьля гэтага не заставалася ніякага іншага выйсьця, апроч як прасіць разьвітацца. То бок гэта нельга назваць звальненьнем. Мы разьвіталіся менавіта па згодзе бакоў».

Паводле Зісера, нават калі Чудянцоў выказваўся на ўласнай старонцы ў сетках, усё ж «цень падае на партал».

«Тут і падазрэньняў ня трэба. Тут людзі апублікавалі сваю ўласную перапіску, што таксама, на мой погляд, ня лепшым чынам сьведчыць пра іх маральнасьць. Мне б, скажам, у галаву б не прыйшло публікаваць уласную перапіску. Тым больш — дзе мяне пасылаюць. Гэта як мінімум неэтычна. Выклікае сумнеў сам мэханізм: можна абвясьціць цкаваньне любога, нарыць нейкіх шкілетаў у шафе, дзе там што ляпнуў, і проста чалавека затроліць. Інтэрнэт — вялікая рэч. І можна яго скарыстаць і такім чынам. Што мы і бачым».

Карэспандэнт: «Ваша імя трапіла ўжо другі раз у разборкі з журналістамі — спачатку з Натальляй Радзінай, а цяпер з Уладзімерам Чудзянцовым. Што вы адчуваеце?»

Зісер: «Я думаю, мы проста некаму перашкаджаем. Бо мой бізнэс знаходзіцца ў цэнтры, мы не шарахаемся ў крайнасьці, не бярэм радыкальныя пазыцыі. Таму мы перашкаджаем усім — крайнім справа і крайнім зьлева. Што мы і бачым у гэтым цкаваньні. І думаю, што гэта будзе толькі нарастаць, і гэта дрэнна для грамадзтва. Ва ўсякім разе, я не зьбіраюся падаваць у адстаўку, мы ня згортваем сваю дзейнасьць. Я і далей буду выказваць сваю думку, як бы гэтага некаму не хацелася б».

Уладзімер Чудзянцоў паведаміў у фэйсбуку, што паводле джэнтэльмэнскага пагадненьня ён больш не працуе на tut.by. Карэспандэнту «Свабоды» Ўладзімер сказаў, што не трымае зла на Юрыя Зісера, бо добра разумее, у якім становішчы той апынуўся.

Уладзімер Чудзянцоў

Уладзімер Чудзянцоў

«У Беларусі бізнэсовец — больш за бізнэсоўца. Бо ці ён фінансуе нейкія праўладныя мерапрыемствы, упрыгожвае горад да сьвятаў. Ці ён фінансуе нейкую апазыцыю. Але проста займацца бізнэсам накшталт таго, якім займаецца спадар Зісер, у Беларусі вельмі цяжка. І таму ёсьць спробы неяк лавіраваць, неяк падабацца і тым, і другім, падтрымліваць аўдыторыю рэсурсу, які на сёньня самым наведвальны ў Беларусі.І тут Зісер павінен балянсаваць, падабацца і ўладам, і апазыцыі. Пры тым, што Зісер абсалютна аб’ектыўны і трымае строгі нэўтралітэт. Такім і павінен быць інфармацыйны рэсурс, які не жыве за кошт грантаў ці дзярждатацый. Які зарабляе сам і залежыць толькі ад рэклямадаўцы».

Уладзімер Чудзянцоў адзначае, што яго прыватную перапіску публічнай зрабілі іншыя і ён мусіць цяпер адказваць за дзеяньні гэтых людзей.

Уладзімер прыгразіў у фэйсбуку судом «Нашай ніве» за паклёп і разгалошваньне зьвестак пра прыватнае жыцьцё. Ці насамрэч ён зьбіраецца судзіцца?

«Я разглядаю такі варыянт. Але я добра разумею, што замест суду атрымаецца нейкае шоў, таму я не да канца ўпэўнены, што насамрэч буду падаваць пазоў. А па-другое, у мяне ёсьць моцнае жаданьне адпачыць і рыхтавацца да запуску свайго ўласнага праекту, які будзе незалежным ні ад грантаў, ні ад дзяржавы, ні ад рэклямадаўцаў. Бо першы час я пляную яго фінансаваць за ўласны кошт».


_____________________________________________________

Мэдыяэкспэрт, палітоляг Аляксандар Класкоўскі камэнтуе сытуацыю з гледзішча журналісцкай этыкі:

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«У эпоху інтэрнэту і сацыяльных сетак узьніклі новыя калізіі, якія ня ў поўнай ступені ахопліваюцца старымі правіламі журналісцкай этыкі. Калі журналіст выступае ў сацыяльных сетках, — з аднаго боку, ён прыватная асоба, што хачу, тое і пішу. Зь іншага боку, калі гэта публічнае імя, — гэта тычыцца і палітыкаў, і грамадзкіх дзеячаў, — то ён у пэўным сэнсе аказваецца закладнікам сваёй прафэсіі і свайго іміджу. Міжволі гэта так ці іначай кідае цень, закранае рэпутацыю адпаведнай мэдыйнай фірмы. У Беларусі пакуль гэта неараная ніва. І такія сытуацыі паказваюць, што тут трэба журналісцкай супольнасьці выпрацоўваць новыя этычныя правілы, рэкамэндацыі, зьвязаныя з новай мэдыйнай рэальнасьцю, з эпохай інтэрнэту і сацыяльных мэдыяў».

Карэспандэнт: «Дык ці парушыў Чудзянцоў журналісцкую этыку?»

Класкоўскі:«Я дэталёва не сачыў за канфліктам. Я не магу ў поўным аб’ёме меркаваць пра гэтую перапіску. Наагул ад гэтай гісторыі рэзананс вельмі моцны і ня надта прыемны. У агульных рысах ён паказвае, што вельмі нізкая сеціўная культура ў Беларусі. І гэта адзін з аспэктаў праблемы ўвогуле нізкай культуры. Бо беларускае грамадзтва выйшла з таталітарнага шыняля, і ўсё гэта адбіваецца. Людзі ня ўмеюць культурна дыскутаваць, выкладаць свае пазыцыі. Бо нібыта ўсё гэта пачалося са спрэчкі палітычнага кшталту, а ў выніку скацілася на такі віртуальны мардабой, і гэта кепска. Тут ужо трэба казаць пра ўзровень культуры і цярпімасьці ў беларускім грамадзтве. Так ці іначай, усё ўпіраецца ў рэжым, які наўмысна падзяляе грамадзтва — рыба з галавы гніе, паказвае прыклад бескультур’я, прыклад таго, як замест цывілізаванага абмену думкамі ідзе проста «мачылава» апанэнтаў. Гэта мы бачым на самым высокім узроўні, і таму ня дзіва, што на іншых паверхах грамадзтва такая ж прыкрая карціна".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG