Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць беспрацоўных у Беларусі ў студзені 2013 году вырасла на 6,1 працэнта.

Паводле зьвестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, колькасьць беспрацоўных, зарэгістраваных у органах працы, занятасьці і сацыяльнай абароны, на канец студзеня 2013 году склала 26,5 тысячы чалавек, што на 13,5% менш, чым на канец студзеня 2012 году, і на 6,1% больш, чым на канец сьнежня 2012-га, паведамляе БелаПАН.

Як паведамляе Белстат, узровень зарэгістраванага беспрацоўя на канец студзеня 2013 году склаў 0,6% ад эканамічна актыўнага насельніцтва (на канец студзеня 2012 года — 0,7%).

У эканоміцы Беларусі ў студзені 2013 году было занята 4 млн. 537,5 тыс. чалавек, што на 0,9% менш, чым у студзені 2012 году. Арганізацыі краіны ў студзені 2013 году прынялі на працу 55,6 тысячы чалавек, у тым ліку на дадаткова ўведзеныя працоўныя месцы — 3,2 тысячы чалавек, звольнілі 60,8 тысячы чалавек.

Паводле Ўсясьветнага банку, фактычнае беспрацоўе ў Беларусі заніжанае ў 7 разоў.

«Альтэрнатыўныя паказьнікі беспрацоўя сьведчаць пра тое, што ўзровень беспрацоўя можа да сямі разоў перавышаць афіцыйна зарэгістраваны ўзровень», — гаворыцца ў дакладзе Ўсясьветнага банку.
У дакладзе сьцьвярджаецца, што ў 2010 годзе па дапамогу ў працаўладкаваньні зьвярнулася 7% насельніцтва, у той час як зарэгістраванае беспрацоўе склала 0,8%.

Акрамя таго, «прыблізна адна пятая насельніцтва працаздольнага ўзросту цяпер эканамічна неактыўная».

У дакладзе адзначаецца, што гэтыя паказьнікі могуць сьведчыць таксама пра значныя маштабы ценявой дзейнасьці і (або) міграцыі працоўнай сілы ў Расею.

У дакладзе тлумачыцца, што зацікаўленасьць у рэгістрацыі беспрацоўным у Беларусі зьніжае маленькі памер дапамог — 8% сярэдняга заробку, складанасьць працэдуры рэгістрацыі і неабходнасьць удзелу беспрацоўнага ў грамадзкіх працах.
XS
SM
MD
LG