Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаагскі трыбунал апраўдаў і вызваліў былога кіраўніка Генштабу Югаславіі


Апеляцыйная палата Міжнароднага крымінальнага трыбуналу для былой Югаславіі апраўдала былога начальніка генэральнага штабу югаслаўскай арміі генэрала Момчылу Пэрышыча і загадала вызваліць яго з-пад варты.

У верасьні 2011-га Пэрышыча асудзілі да 27 гадоў турмы паводле абвінавачваньняў у вайсковых злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці, зьдзейсьненых у Харватыі, Босьніі і Герцагавіне ў 1993-1995 гадах.

Бок абвінавачваньня найстоваў на тым, што Белград аказвау ўсебаковую падтрымку сэрбскім баевікам, якія дзейнічалі на тэрыторыі Босьніі і Герцагавіны, а таксама Харватыі.

Пэрышыч, у прыватнасьці, абвінавачваўся ў тым, што ён асабіста стварыў два цэнтры, якія давалі этнічным сэрбам фінансавую дапамогу, узбраеньне і транспарт.

Пэрышыча, які ўзначальваў генштаб югаслаўскай арміі ў 1993-1998 гадах, быў тады прызнаны вінаватым у забойствах, негуманных дзеяньнях, перасьледах, нападах на грамадзянскіх асобаў у Сараеве і Срэбраніцы.

Яго таксама зьвінавацілі ў тым, што яго падначаленыя зьдзейсьнілі злачынныя дзеяньні ў час аблогі Сараева ў 1993-95 гадах, а таксама крывавыя расправы ў Срэбраніцы ў 1995 годзе і ракетны абстрэл Заграбу ў траўні 1995 года.

Судзьдзя Апеляцыйнай палаты Тэадор Мэрон заявіў, што судзьдзі першай інстанцыі «зьдзейсьнілі юрыдычную памылку», усклаўшы на Пэрышыча адказнасьць за дзеяньні арміі басьнійскіх сэрбаў, якая зьдзейсьніла дадзеныя злачынствы. На думку сябраў палаты, няма дастатковых падстаў меркаваць, што Пэрышыч кантраляваў дзеяньні падначаленых, а таксама меў магчымасьць прадухіліць забойства і пакараць вінаватых, перадае ІТАР-ТАСС.
XS
SM
MD
LG