Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гаспадарку весьці — ня кодэксам трэсьці


Іван Анташкевіч

Іван Анташкевіч

1 сакавіка пачынае дзейнічаць новы Жыльлёвы кодэкс. Былы кіраўнік упраўленьня жыльлёвай гаспадаркі Менгарвыканкаму Іван Анташкевіч камэнтуе некаторыя зьмены.

Новы Жыльлёвы кодэкс раскрывае структуру платы за жыльлёва-камунальныя паслугі. У жыроўцы зьявяцца пункты пра тэхнічнае абслугоўваньне, капітальны рамонт, камунальныя паслугі і бягучы рамонт. Плата за бягучы рамонт раней ня бралася.

Анташкевіч: «Нашая дзяржава ня зробіць такія зьмены, у выніку якіх людзі стануць плаціць менш. Нас жа пастаянна пераконваюць, што мы вялікую частку недаплочваем, калі разьлічваемся штомесяц за ЖКГ, што ідзе дзяржаўнае датаваньне. Відавочна, новы артыкул у жыроўцы будзе патрабаваць новых грошай. Праблема ў тым, што ніхто ня будзе разьбірацца, ці рабіўся той рамонт і колькі сродкаў на яго было выдаткавана. Прыйдзе паперка — будуць плаціць».

Камунальныя паслугі трэба будзе аплачваць строга да 25 дня кожнага месяца. А жыроўкі павінны прыходзіць не пазьней як 15-га.

У новым кодэксе прапісаныя ўмовы, пры якіх чалавек можа разьлічваць на тое, што атрымае новае жытло: 10 м² на чалавека ў Менску, 15 м² у іншых гарадах.

Тыя, хто жыве ў непрыватызаваных кватэрах, павінны будуць плаціць ня толькі за паслугі ЖКГ, але і за арэнду памяшканьня. Праўда, тарыфы такой аплаты пакуль ня вызначаныя.

Анташкевіч: «Відавочна, што чыноўнікі шукаюць грошы. Нягледзячы на тое, што памер аплаты такой арэнды пакуль не вядомы, гэта можа даволі сур’ёзна павялічыць штомесячную плату за жытло для жыхароў непрыватызаваных жылых памяшканьняў. Дастаткова паглядзець на кошты найманага жыльля ў Менску: аднапакаёўка каштуе 200–300 даляраў на месяц. Гледзячы на гэтую суму, можна зрабіць выснову, што памер аплаты непрыватызаваных кватэраў можа вельмі значна павысіцца. Зь іншага боку, гэта ўсясьветная практыка: калі чалавек арандуе кватэру ў дзяржавы, то мусіць плаціць за арэнду. Спасылкай на гэтую ўсясьветную практыку нашыя чыноўнікі і тлумачаць такое новаўвядзеньне. І далей можна будзе аргумэнтаваць любую суму: і 50 даляраў, і 100, і болей. Але так можна і без штаноў людзей пакінуць».
Можна будзе аргумэнтаваць любую суму: і 50 даляраў, і 100, і болей. Але так можна і без штаноў людзей пакінуць

За неаплачаныя паслугі ЖКГ будзе налічвацца пеня.

Адказнасьць за сплату будзе несьці ня толькі ўласьнік альбо ўладальнік кватэры, але і ўсе паўналетнія дзеяздольныя жыхары.

Праз 6 месяцаў неаплаты паслугаў ЖКГ парушальнік атрымае папярэджаньне. А пазьней мясцовыя ўлады могуць праз суд дамагацца высяленьня парушальніка з кватэры. Пасьля высяленьня няплатніку павінны прапанаваць іншае, меншае памяшканьне, якое можа быць горшай якасьці і нават разьмяшчацца ў іншым населеным пункце.

Анташкевіч: «Новыя захады якраз скіраваныя на тое, каб людзі плацілі ў час. Таму ўводзяцца штрафы і тэрміны. Увядзеньне салідарнай адказнасьці, на маю думку, — слушны крок. Трэба, каб усе дарослыя несьлі матэрыяльную адказнасьць за сваё жытло. Зь няплатнікамі трэба нешта рабіць.

Жыльлёва-камунальны кодэкс — гэта звычайна дакумэнт доўгатэрміновы. У Беларусі ён зьмяняўся апошні раз у 1999 годзе. Таму атрымліваецца, што некаторыя зьмяненьні і дапаўненьні якраз і ўводзяцца з разьлікам на нейкія наступныя рэформы, дадаткі і ўказы, якія дапоўняць гэты нарматыўны дакумэнт. Гэта значыць, што ня ўсе зьмяненьні пачнуць дзейнічаць адразу з 1 сакавіка».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG