Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плошча-2010 натхніла барда Андрэя Мельнікава на стварэньне песеннага альбому пад назвай «Зубы на далоні», які днямі быў прэзэнтаваны ў Менску.

Больш за два гады прайшло з часу апошняй Плошчы, а яна і сёньня змушае кагосьці ганарыцца, кагосьці спусьціцца на зямлю, кагосьці да гэтай пары натхняе. Плошча-2010 натхніла барда Андрэя Мельнікава на стварэньне песеннага альбому пад назвай «Зубы на далоні», які днямі быў прэзэнтаваны ў Менску.

— Андрэй, твой новы альбом прысьвечаны падзеям 19 сьнежня 2010 году. Хтосьці з апазыцыйных палітыкаў ганарыцца Плошчай — найперш яе масавасьцю. Ты ж даў альбому нейкую капітуляцыйную назву — «Зубы на далоні»…

— 19 сьнежня 2010 году быў на Плошчы Незалежнасьці каля Чырвонага касьцёлу мой сябра, пісьменьнік Сяргей Малалеткін. Ён трымаў у руках абраз сьвятога Мікалая. Калі ў наступ пайшлі спэцназаўцы, ён, у адрозьненьне ад мяне, нікуды ня зьбег. У выніку яму выбілі сківіцу, і апынуўся ён на сутках. Якраз гэты эпізод стаў самым галоўным пры стварэньні альбому. Для мяне ён і сёньня самая яскравая падзея таго вечару: чалавек у дзень сьвятога Мікалая стаяў з іконай сьвятога Мікалая супраць спэцназу. Абраз патапталі, сківіцу выбілі — вось такое жывое сьведчаньне пра Плошчу.

— У новым альбоме — 25 песьняў. Ці ёсьць сярод іх такія, пра якія табе самому хочацца сказаць: ну тут я сам сябе пераўзышоў, ну гэта проста здорава?

— Сьведчаньне пра сябе ёсьць няпраўдай, яно памылковае. Адзінае, што магу сказаць: яшчэ сем песьняў у альбом не ўвайшлі. Зубоў жа мае быць 32. Сем песьняў не прайшлі цэнзуру «вечных дзяцей Беларусі» (я потым патлумачу, што гэта такое). Калі ўсё пойдзе нармальна, то будзе дадатковае, дапоўненае выданьне, і там ужо будуць 32 трэкі. Самыя правакацыйныя песьні пра Плошчу пакуль засталіся ў шуфлядзе. А пачалося ўсё зь песьні «Годным людзям 19-га». Яна пісалася па гарачых сьлядах, калі я стаяў каля Звону Нагасакі 20 сьнежня, і ў мяне ўзьнікалі словы і мэлёдыя. І звон быў пацярпелы, яму абрэзалі вяроўку, за якую хтосьці званіў позьнім вечарам 19-га.

— На тваім рахунку ўжо 21 альбом. Гэта шмат. Ці чапляюць цябе і сёньня нейкія крытычныя закіды? Вось я прачытаў нядаўна ў сеціве: «Андрэй Мельнікаў так і не навучыўся ні сьпяваць, ні граць, ні нават настройваць гітару. Але ягоныя песьні нават у такім выкананьні ўсё роўна гітовыя». Ці ў цябе ўжо выпрацаваўся імунітэт і да пахвальбы, і да крытыкі?

— Шчыра кажучы, і пахвальбы, і крытыкі на свой адрас я чуў вельмі мала. На сёньняшні дзень я проста ўдзячны ўсім, хто хоць нешта пра мяне кажа. Чалавек выказваецца, значыць — яго гэта чапляе. Хоць сёньня існуе попыт не на глыбіню, а на тое, што на расейскім слэнгу называецца «піпл хавае». Ёсьць попыт на тое, што піпл хавае. І грамадзтва наша не разьвіваецца, у выніку атрымліваецца — заліў і забыў. Што да мяне, то я сёньня падпадаю пад падвойны ўціск — як з боку ўлады, так і з боку тых, хто супраць улады.
Абраз патапталі, сківіцу выбілі — вось такое жывое сьведчаньне пра Плошчу

— За што цябе заціскае ўлада, я разумею. А за што — з супрацьлеглага лягеру?

— Разумееш, ёсьць такая вельмі камфортная рэч — жыцьцё ў ілюзіі. У свой час, калі Сяргей Дубавец пераклаў салжаніцынскую прамову «Жить не по лжи» на беларускую мову, я спачатку не зразумеў — навошта? Усе ж беларусы расейскую мову разумеюць, хто хоча, і так прачытае. Але прайшоў час, і я цалкам пагадзіўся з Дубаўцом: словы Салжаніцына для нас вельмі актуальныя. А жыць у ілюзіі нашмат больш прыемна і зручна, чым у хлусьні. І гэта не вядзе ні да якіх канструктыўных вынікаў. Філёзаф Валянцін Акудовіч увёў такую фармулёўку: «вечныя дзеці Беларусі». Вечныя дзеці Беларусі — гэта зьява, на жаль, вельмі пашыраная. Гэта тыя, хто жыве ў ілюзіі, прытым з адчуваньнем сваёй перавагі над супрацьлеглым бокам. Мы ня будзем казаць нічога кепскага пра нашую сям’ю, пра нас. Бо калі мы даведаемся, што ў нас ёсьць нейкія хібы, гэта нас разбурыць, увядзе ў дэпрэсію… Вечныя дзеці Беларусі лічаць, што беларусам трэба казаць, што яны сьвятыя. Ёсьць сьвятая беларуская мова, ёсьць сьвятыя беларускія паводзіны…

— Мельнікаў у гэтыя паводзіны яўна ня ўпісваецца… Ты зьяўляесься сталым удзельнікам фэсту «Аршанская бітва», які праходзіць штогод на Крапівенскім полі. Чаму яго з такой зацятасьцю забараняюць улады?

— Калі казаць прамым тэкстам, то татальная забарона пачалася з 2007 году, калі на Крапівенскім полі вырашыў адзначаць сваё дзесяцігодзьдзе «Малады фронт». Мы аказаліся непарыўна зьвязанымі. І мне сёньня вельмі шкада, што маладафронтаўцы апошнія гады на фэст не прыяжджаюць. «Аршанская бітва», наколькі я разумею, не падабаецца і Маскве, яна гэта кантралюе і прымае нейкія захады праз сваіх людзей тут. Я ня бачу патрэбы нашым чыноўнікам, нашым уладам там нешта забараняць. У гэтым няма лёгікі. Я разглядаю іх як выканаўцаў у дадзеным выпадку. Ад самага пачатку «Аршанскай бітвы» расейскі амбасадар, тады яшчэ Сапрыкін, умешваўся. Мы мапу ВКЛ два гады не маглі выдаць, бо там была пазначаная Аршанская бітва. Адназначна, што Бітва пад Оршай — расейская болька, і Расеі непрыемна, калі на гэтую больку націскаюць. Яна кажа сваім шаўкам тут: «Фас!», і шаўкі робяць «фас». А некаторыя, хто ня лічыць сябе шаўкамі, гэты «фас» не выконваюць, а проста робяць выгляд, за што ім наш дзякуй.
Адназначна, што Бітва пад Оршай — расейская болька, і Расеі непрыемна, калі на гэтую больку націскаюць

— Нядаўна амаль незаўважана прайшлі 130-я ўгодкі генэрала Булак-Балаховіча. У цябе ёсьць песьні, напісаныя ад яго імя. Ён для цябе фігура гераічная, ці неадназначна-спрэчная?

— У вайскоўцаў Булак-Балаховіча была такая памятка: кожны, хто вызнае Ісуса Хрыста, ёсьць тваім братам. Адна гэтая сэнтэнцыя пераважае ўсё адмоўнае, што было ў тым войску. Адна гэтая памятка, напісаная Балаховічам, заслугоўвае вечнасьці. Ён загінуў, і можна сказаць, што ў пэўным сэнсе ён наступнік Кастуся Каліноўскага, таксама спрэчнай асобы, якой закідаюць, напрыклад, тэрор супраць праваслаўных бацюшак. Але Каліноўскі заплаціў сваёй крывёй, аддаў сваё жыцьцё ў ахвяру. Тое самае можна сказаць і пра генэрала Булак-Балаховіча, які да канца жыцьця застаўся змагаром. Што да ягонага змаганьня з бальшавікамі было прымешанае яшчэ нешта, тое, аднак, у вечнасьці не застанецца. А тое, што чалавек аддаў сябе ў ахвяру «за другі свая» — застанецца.

— Калісьці Міхась Забэйда Суміцкі казаў пра сябе: песьняй нясу людзям радасьць. Што сваёй песьняй хочаш несьці і нясеш людзям ты?

— Ёсьць людзі, якім мае песьні дапамагаюць жыць. Кагосьці падтрымлівае «Казка», кагосьці — «Ясна панна», кагосьці — «Гэта мы!». Я сьпяваю і ўзгадваю добрых людзей, якім мае сьпевы падабаюцца. Мяне самога гэта вельмі падтрымлівае. Мне больш за ўсё хочацца, каб людзі жылі ў сьвеце без ілюзіяў. Я спрабую сваімі песьнямі разбураць ілюзіі. Беларусам пашанцавала адносна сваіх суседзяў, у нас не такі вялікі пласт гістарычнай міталёгіі, міталёгіі паўсядзённага жыцьця. Вось я размаўляю зь любым расейцам, і ўжо на трэцяй хвіліне пачынаюцца нейкія міты. Зь літоўцам пачнеш размаўляць — тое самае, з украінцам — тое ж самае. Нават у палякаў, хоць у меншай ступені, гэта прысутнічае. Наш народ выслуховае вялікую колькасьць чужых мітаў, але ён у іх ня верыць. Вось мы знаходзімся на сярэдзінным эўрапейскім мэрыдыяне. Мы — мост, пра што ў нас нават на дзяржаўным узроўні казалася неаднаразова. Камусьці ў Расеі гэта не падабаецца, і нам кажуць: вы ня мост, вы — фарпост. А для мне вобраз маста вельмі важны. Мост ня можа быць міталягічным.

— Мост мае стаяць на непахісных палях.
Беларусы — адзіны народ у Эўропе, які не ваяваў са сваімі суседзямі

— Вось-вось. Беларусы могуць быць сусьветнымі міратворцамі, бо мы не мілалягізаваная нацыя, а міты вядуць да канфліктаў. Чалавек, які не жадае прымаць чужы міт, робіцца для кагосьці ворагам. Беларусы — адзіны народ у Эўропе, які не ваяваў са сваімі суседзямі. Літоўцы пра гэта нават у сваіх школьных падручніках запісалі. А чаму? Таму, мабыць, што беларусы літоўцам ніколі не навязвалі сваіх мітаў. Чаму з намі ваявалі расейцы, мы ведаем — хацелі захапіць нашую тэрыторыю. Чаму з намі ваявалі палякі — мы таксама ведаем. Чаго ўкраінскія казакі сюды прыходзілі — таксама вядома: гэта была вельмі настойлівая расейская прапанова. А мы не разьвязвалі захопніцкіх войнаў. Таму мы і надаемся на ролю міратворцаў.

— Днямі прэзэнтацыя твайго альбому «Зубы на далоні» прайшла ў Менску, ва ўправе БНФ, у невялікім памяшканьні. А дзе б ты хацеў зладзіць свой паказальны выступ, свой галоўны канцэрт?

— У Вільні, на гары Гедыміна. На гэтай гары пахаваны Кастусь Каліноўскі. Гэтае месца на сёньняшні момант знаходзіцца пад покрывам літоўскага нацыянальнага міту, міту сучаснай Літвы. Вось на гэтай гары для ўсіх сваіх прыхільнікаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі я з задавальненьнем пасьпяваў бы.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG