Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка зноў можа канвэртаваць палітычную валюту ў нафту і газ»


Кірыл Коктыш

Кірыл Коктыш

Група высокага ўзроўню Савету міністраў саюзнай дзяржавы 28 лютага абмяркоўвала балянс паставак нафты ў Беларусь у 2013 годзе. Пакуль бакам не ўдалося дамовіцца. «Паліўны балянс будзе падпісаны неўзабаве», — паведаміў дзяржсакратар саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. Чаму афіцыйныя Менск і Масква дагэтуль узгаднілі толькі аб’ём паставак на першы квартал гэтага году? Ці прыдумае беларускі бок штосьці іншае замест бізнэсу з растваральнікамі? На гэтыя пытаньні адказвае дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.

— Беларусь і Расея дагэталь не дамовіліся пра аб’ёмы імпарту расейскай нафты ў 2013 годзе. Ці гэта проста часовая затрымка, ці гэта сьведыць пра сур’ёзныя рознагалосьсі ў гэтым пытаньні сярод кіраўніцтва дзьвюх кранаў?

— Гэта сьведчыць, што гэтае пытаньне будзе вырашана на асабістай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна. Які там будзе гандаль — гэта будзе за зачыненымі дзьвярыма. Бо сёньня відавочна, што на звычайных умовах, якія прапаноўвае Расея, дамовіцца не атрымліваецца. Таму гэта пераходзіць зноў на нейкі палітычны ўзровень.

Мне здаецца, Пуцін у выніку пагодзіцца на тыя аб’ёмы нафты, якія просіць Беларусь. Але будуць нейкія сустрэчныя ўмовы, пра якія мы наўрад ці будзем ведаць. І будуць яны ў рэчышчы будаўніцтва Эўразійскага Зьвязу.

Яшчэ адзін маркер — кепскія адносіны Ўкраіны і Расеі. Так што дамовы зь Беларусьсю для Крамля стануць яшчэ адным чыньнікам, каб паказаць Кіеву, што лепей дамаўляцца з Масквой і пагаджацца на расейскія прапановы.

— Схема з растваральнікамі вельмі дапамагла беларускай эканоміцы ў 2012 годзе, амаль да канца году ўдавалася трымаць станоўчае сальда гандлёвага балянсу. Ці ўдасца Менску знайсьці нейкую новую схему ў тым самым рэчышчы? Ці рэалістычныя такія прагнозы?
Мне здаецца, Лукашэнка зноў можа канвэртаваць палітычную валюту ў нафту і газ

— Наўрад ці такая схема сёлета будзе асвоеная. Канечне, магчыма інтэрпрэтаваць словы Лукашэнкі пра тое, што Беларусь мае тэхналёгіі біяпаліва як тое, што замест растваральнікаў будзе біяпаліва. Але наўрад ці такія відавочныя схемы будуць праходзіць.

Магчыма, будуць іншыя спробы, на якія Расея будзе заплюшчваць вочы альбо запісваць на балянс. Але наўрад ці гэты рахунак Менску давядзецца плаціць грашыма. Маскве патрэбны посьпех на інтэграцыйнай ніве, у Эўразійскім зьвязе, і Менск здолее зноў разьлічвацца звыклай палітычнай валютай, як гэта рабіў раней.

На некалькі гадоў гэтая каньюнктура зьмянілася, але зараз яна зноў вяртаецца. І мне здаецца, Лукашэнка зноў можа канвэртаваць палітычную валюту ў нафту і газ.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG