Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя лічбы: рэпрэсавана 1 мільён 600 тысяч, 377 тысяч расстраляна


Канфэрэнцыя па ўвекавечаньні памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій
Канфэрэнцыя па ўвекавечаньні памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій

28 лютага 1998 году ў Менску, у гатэлі «Юбілейны» прайшла першая канфэрэнцыя па ўвекавечаньні памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій. Удзельнікаў было каля 300, працавалі дзьве сэкцыі, заслухалі 32 даклады. Праз 15 гадоў грамадзкія актывісты зноў сабраліся на такую ж канфэрэнцыю, каб падсумаваць, што зроблена за гэтыя гады.

Маштабы канфэрэнцыі 1998 году і сёньняшняй — непараўнальныя. Калі 15 гадоў таму праблему ўшанаваньня памяці ахвяраў рэпрэсіяў камуністычнага рэжыму абмяркоўвалі прадстаўнікі ўлады, сур’ёзныя навукоўцы з акадэмічных інстытутаў , то сёньня сабраліся грамадзкія актывісты і чалавек 15 тых, хто праз гэтыя рэпрэсіі прайшоў. Гісторык, дасьледчык гэтай тэмы Ігар Кузьняцоў адзначыў, што зьменаў у лепшы бок няма, з таго часу не зьявілася ніводнага новага мэмарыяльнага знаку, ніводнага фільму, сур’ёзнага дасьледаваньня, ніводнай дысэртацыі. Мала таго, пачаліся разборкі, зьнішчэньне памятных знакаў у Курапатах, усталяваных энтузіястамі:

«Мы цяпер дайшлі ўжо да той кропкі, дзе пачалося процістаяньне не традыцыйнае: апазыцыя — улада, альбо грамадзтва — улада. А цяпер процістаяньне ідзе ўнутры самой апазыцыі. І як гэта ні сумна, замест еднасьці шэрагаў цяпер назіраецца яшчэ большае разыходжаньне, і ў тым ліку ў зьвязку з праблемай ушанаваньня памяці ахвяраў рэпрэсій».

Леанід Воўчак
Леанід Воўчак
Былы рэпрэсаваны Леанід Воўчак таксама адзначыў: вельмі непрыемна, што спрэчкі носяць палітызаваны характар:

«Вельмі непрыемна было мне чуць, што некаторыя апазыцыйныя партыі выкарыстоўваюць гэта ў падзеле па нацыянальнасьцях — беларусы, палякі, габрэі. Гэта мярзотна. Працу па ўшанаваньні памяці рэпрэсаваных трэба працягваць, але ў гістарычным, чалавечым пляне, а не ў палітычным».

На круглым стале дасьледчык Ігар Кузьняцоў агучыў і новыя лічбы рэпрэсаваных, параўноўваючы свае дасьледаваньні з дадзенымі цяперашняга дырэктара дэпартамэнту архіваў і справаводзтва Мін’юсту спадара Адамушкі:

«Рэпрэсавана да 1 мільёна 600 тысяч. Афіцыйнай лічбы ў нас няма. Але Ўладзімер Адамушка да таго, як ён пачаў на гэтую ўладу працаваць, паводле стану на 1993 год казаў, што ў Беларусі рэпрэсавана каля 600 тысяч чалавек».

Вельмі вялікая розьніца і ў колькасьці расстраляных, кажа Ігар Кузьняцоў. Гэтую лічбу ў 377 тысяч ён агучыў сёньня ўпершыню:
Прыкладная колькасьць расстраляных — каля 377 тысяч. Несупадзеньне — ня ў два разы, ня ў тры разы, а ў дзесяць разоў!

«Зноў жа вярнуся да клясыка вывучэньня рэпрэсіяў Уладзімера Адамушкі. Ён сказаў, што за ўсе гады савецкай улады на тэрыторыі Беларусі было расстраляна 30–35 тысяч чалавек. Прыкладная колькасьць расстраляных — каля 377 тысяч. Несупадзеньне — ня ў два разы, ня ў тры разы, а ў дзесяць разоў!»

Гісторык Ірына Кашталян, якая таксама дасьледуе тэму палітычных рэпрэсіяў і якой не дазволілі абараніць кандыдацкую дысэртацыю, апавяла пра інтэрнэт-праект «Беларускі архіў вуснай гісторыі». Да афіцыйных архіўных крыніцаў доступу няма. Спадарыня Ірына лічыць:

«Варта зьвяртацца да такога тыпу крыніц, як успаміны, з улікам плюсаў і мінусаў іх суб’ектыўнасьці. Яны ажыўляюць гістарычную карціну часу, паказваюць складаныя тэмы празь нейкія важныя жыцьцёвыя вехі, праз сытуацыйныя аповеды. Менавіта з выкарыстаньнем гэтых крыніц можна ўсталяваць гістарычную справядлівасьць, якую немагчыма ўсталяваць праз афіцыйныя крыніцы. Каб праўда ў нейкай меры выпаўзла на паверхню».

Леанід Воўчак прапанаваў гісторыкам глыбей вывучаць і праблему выканаўцаў — злачынцаў, катаў:

«Я разумею, гэта цяжка, ніхто вам прозьвішчаў даваць ня будзе. Але калі мы разам з тым, як публікуем і слухаем пра тысячы расстраляных па Радыё Свабода, апавядалі б яшчэ і пра катаў — як яны трапілі ў органы, чаму выконвалі, раскрыць псыхалягічны партрэт такога чалавека — гэта каштоўная праца была б».
Мапа масавых расстрэлаў у Менску, складзеная Ігарам Кузьняцовым
Мапа масавых расстрэлаў у Менску, складзеная Ігарам Кузьняцовым

Сябра праўленьня Міжнароднага таварыства «Мэмарыял», сябра Рады пры прэзыдэнце Расеі па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці Сяргей Крывенка расказаў, што і ў Расеі такія самыя праблемы, як і ў Беларусі. Ушанаваньнем памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій займаюцца толькі энтузіясты, грамадзкасьць:

«Улада ня робіць ніякіх высноваў з гісторыі. Кожны раз на новым вітку гісторыі ўлада робіць адны і тыя ж памылкі. І гэта мы ёй дазваляем, грамадзтва дазваляе. Бескантрольная ўлада, адсутнасьць грамадзянскай супольнасьці, ціск на праваабаронцаў, несвабодная прэса — гэта ж усё досьвед са сталінскіх часоў. Усяго гэтага трэба дамагацца. Гэта таксама наўпрост зьвязана з увекавечваньнем памяці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG