Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Людміла Аляксеева: Радыё Свабода патрэбнае, як і 60 гадоў таму


Першая перадача расейскай службы Радыё Свабода (якое спачатку называлася Радыё Вызваленьне) выйшла ў эфір 1 сакавіка 1953 году. Перадачы ішлі зь мястэчка Лямпэртгайм у Заходняй Нямеччыне. Вяшчаньне радыёстанцыі на 10 наступных мовах народаў СССР дадалося 18 сакавіка 1953. Вяшчаньне на беларускай мове пачалося 20 траўня 1954.

Людміла Аляксеева, адна з найбольш вядомых удзельніц праваабарончага руху ў СССР і постсавецкай Расеі, кажа, што стала слухаць Радыё Свабода ў 1954 годзе.

«Я старалася з усяе сілы выкарыстаць кожную магчымасьць, каб паслухаць Свабоду. Мы жылі ў такім месцы, дзе моцна працавалі глушылкі. Я старалася хадзіць да знаёмых, кудысьці на дачу, дзе слухала ўсю ноч напралёт» — сказала 85-гадовая Аляксеева нашаму радыё.



Радыё Свабода не было першым голасам з Захаду, які гаварыў па-расейску. У 1947 годзе пачалося расейскамоўнае вяшчаньне Голасу Амэрыкі, потым сьледам рушылі BBC і Deutsche Welle.

Але, як лічыць Аляксеева, Радыё Свабода было найбольш вычарпальным сродкам незалежнай інфармацыі для савецкіх людзей.

Было адчуваньне, што гэта мы самі гаворым тое, што хочам сказаць сваім суграмадзянам

«Было адчуваньне, што гэта мы самі гаворым тое, што хочам сказаць сваім суграмадзянам. Свабода перадавала «Хронікі бягучых падзеяў», усё, што адбывалася з намі, у разгорнутым выглядзе і з аналізам» — кажа яна сёньня.

Калі ў 1977 годзе Людмілу Аляксееву савецкія ўлады прымусілі пакінуць СССР, і яна пасялілася ў ЗША, са слухача Свабоды яна ператварылася ў супрацоўніка. Яе першыя перадачы былі прысьвечаныя дзейнасьці Хельсінскай групы ў Савецкім Саюзе. Агулам яна запісала 22 перадачы на гэтую тэму.

Аднак яе ўлюбёнай перадачай была «Дакумэнты і лёсы», у якой яна цягам адведзеных ёй 10 хвілін распавядала пра жыцьцё палітычных вязьняў у СССР.

Аляксеева прызналася, што праца на Свабодзе дазволіла ёй стрываць тугу па родным доме падчас яе 16-гадовага выгнаньня:

Я адношуся да гэтай працы як да сваёй самай важнай і дарагой місіі. Калі мы падаваліся ў эміграцыю, мы думалі, што гэта назаўсёды

«Я адношуся да гэтай працы як да сваёй самай важнай і дарагой місіі. Калі мы падаваліся ў эміграцыю, мы думалі, што гэта назаўсёды. Цяжка растлумачыць, як страшна мне было ад думкі, што я ніколі не змагу вярнуцца. Мне хацелася хоць бы голасам быць сярод сваіх суайчыньнікаў, быць у сваёй краіне. І Свабода давала мне такую магчымасьць».

Пасьля распаду Савецкага Саюзу Людміла Аляксеева палка пярэчыла тым галасам у ЗША, якія заклікалі закрыць Радыё Свабода як ужо непатрэбны атрыбут часоў «халоднай вайны». Сёньня, лічыць Аляксеева, праца расейскай службы Радыё Свабода ня менш патрэбная, чым 60 гадоў таму.

***

У рамках мерапрыемстваў, прысьвечаных 60-годдзю Радыё Свабода, 1 сакавіка адбыўся круглы стол у Вашынгтоне з удзелам прэзыдэнта Радыё Свабоды Кэвіна Клоўза, расейскай праваабаронцы Людмілы Аляксеевай і амерыканскага журналіста і пісьменьніка Дэйвіда Сатэра. Тут відэа трох часак дыскусіі.
XS
SM
MD
LG