Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 1 сакавіка: У Менску даюць прэмію імя Гедройца; 60-тыя ўгодкі Радыё Свабода; нарадзіліся Шапэн, Жылка, Савік, Сідарэвіч


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:

У Менску ў гатэлі «Crowne Plaza» пройдзе цырымонія ўручэньня літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Пачатак а 18.30. У шорт-лісьце прэміі знайшліся наступныя аўтары і творы: Сяргей Балахонаў, «Зямля пад крыламі Фэнікса»; Альгерд Бахарэвіч, «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча»; Адам Глобус, «Сказы»; Уладзімер Някляеў, «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без»; Людміла Рублеўская, «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега»; Юры Станкевіч, «Шал».

Таварыства вольных літаратараў вызначыць імя лаўрэата сваёй штогадовай прэміі «Гліняны Вялес». Шорт-ліст «Глінянага Вялеса» за 2012 год склалі: Эдуард Акулін, «Малітва воч»; Леанід Галубовіч, «З гэтага свету»; Сяргей Рублеўскі, «Паспець надыхацца»; Юры Станкевіч, «Шал»; Андрэй Федарэнка «Ланцуг».

У Музэі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца прэзэнтацыя новага альбому дуэту «Аляксандра і Канстанцін». Пачатак а 17.00.

У Жэнэве пачынаецца дзесяцідзённы фэстываль фільмаў, прысьвечаны праблематыцы правоў чалавека ў сьвеце.

Босьнія і Герцагавіна адзначае Дзень незалежнасьці. Дата прымеркаваная да рэфэрэндуму аб незалежнасьці Босьніі і Герцагавіны ад Югаславіі, які адбыўся 29 лютага і 1 сакавіка 1992 году. У рэфэрэндуме, які байкатавала пераважная большасьць басьнійскіх сэрбаў, 99,7% удзельнікаў выказаліся за незалежнасьць былой югаслаўскай рэспублікі.
У ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

1810 — нарадзіўся Фрыдэрык Шапэн, польскі кампазытар і піяніст.

1815 — вяртаньне Напалеона ў Францыю з выгнаньня на востраве Эльба.

1881 — беларус Ігнат Грынявіцкі бомбай забіў расейскага цара Аляксандра ІІ. Грынявіцкі таксама загінуў у той дзень, сьмяротна паранены выбухам бомбы.

1896 — адкрыцьцё радыяактыўнасьці Антуанам Анры Бэкерэлем.

1918 — выйшаў у сьвет першы нумар газэты «Дзяньніца» — першай савецкай газэты на беларускай мове.

1933 — ад сухотаў у ссылцы ў Кіраўскай вобласьці, Расея, памёр Уладзімер Жылка, беларускі паэт.

1936 — нарадзілася Лідзія Савік, беларускі літаратуразнавец, крытык.

1948 — нарадзіўся Анатоль Сідарэвіч, беларускі гісторык, літаратурны крытык.

1953 — пачала вяшчаць расейская служба Радыё Свабода (пачаткова Радыё Вызваленьне), зь мястэчка Лямпэртгайм у Заходняй Нямеччыне. Вяшчаньне радыёстанцыі на 10 наступных мовах народаў СССР дадалося 18 сакавіка 1953. Вяшчаньне на беларускай мове пачалося 20 траўня 1954.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Дзень хустачкай чырвонай захаду выцер пот.
Дзень утамiўся i ў клунак змроку
Зьвязаў неспакой, клапоты
I пазяхнуў ветрам — лёгка, летункова.
Сутунелым крылом
Тулiцца к вёсцы цiша
I пахцiць скошаным сенам
I кароўiм сырадоем.

Зараз прыйдзе Матка-Ноч,
Добрая, такая пяшчотная,
Пакрые коўдзеркай-цемнатой,
Заплюшчыць дню вочы:
Сьпi, натомлены!»


Уладзімер Жылка, «Летні вечар» (1925)
XS
SM
MD
LG