Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнцка-ўрадавая дэлегацыя Беларусі гэтымі днямі знаходзіцца ў Камбоджы. А з Банглядэшу і Віетнаму нядаўна вярнуліся прадстаўнікі беларускага аграпрамысловага комплексу. Езьдзяць яны туды ды ў іншыя падобныя экзатычныя куткі сьвету ў пошуках рынкаў збыту для беларускага харчаваньня. Гэтыя густанаселеныя бедныя рэгіёны сьвету, сапраўды, маюць патрэбу ў харчах, але ці заўсёды яны здольныя іх купіць і ці вытрымлівае беларускае харчаваньне канкурэнцыю на гэтых аддаленых ад Беларусі рынках?

Беларускія чыноўнікі, якія езьдзілі ў Банглядэш, 27 лютага правялі прэсавую канфэрэнцыю. Намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Васіль Казакевіч, які пасьля паездкі ў Банглядэш сустрэўся з журналістамі, быў уражаны колькасьцю патэнцыйных спажыўцоў беларускага харчаваньня:

«У той жа Банглядэш 160 мільёнаў насельніцтва. Гэта прыкладна як у Расеі. А плошча — усяго 145 тысяч квадратных кілямэтраў. У Беларусі — 206 тысяч, а ў іх — 145. Мы калі туды прыехалі, дык згадалі часы Савецкага Саюзу, калі нашы людзі глядзелі на парад і хадзілі на дэманстрацыі. Тады на тратуарах было мноства народу. У іх гэтаксама. Але не з-за сьвятаў, а з-за шчыльнасьці насельніцтва.

А той жа Віетнам! 92 мільёны. І штогод дадаецца па працэнту. А гэта ж — амаль мільён».

Адказваючы на маё пытаньне, як Беларусь зьбіраецца выйсьці на рынак Банглядэш (маўляў, пакуль давязеш туды тое ж малако, дык яно скісьне), намесьнік міністра прызнаў:

«Калі казаць пра малочную прадукцыю, дык ужо гады тры як ад нас яна туды не паступала. Усё ж такі адлегласьць. Дый вельмі цяжка туды паставіць прадукцыю. Але мы будзем прапрацоўваць пытаньне далей і максымальна выконваць даручэньні кіраўніка дзяржавы і ўраду, знаходзіць нейкія магчымасьці.

На жаль, мы ня можам прыходзіць туды з нашай прадукцыяй, каб яна была таньнейшай. Па-першае, адлегласьць. Па-другое, побач зь імі найбуйнейшыя экспартэры — Новая Зэляндыя, Аўстралія, ЗША».




Пляны па асваеньні Банглядэш, Віетнаму і іншых краін гэтага рэгіёну эканаміст Міхась Залескі называе пустой тратай намаганьняў і беларускіх грошай. Ён упэўнены: нармальна канкураваць з Новай Зэляндыяй, у якой самае таннае ў сьвеце малако, беларускім вытворцам немагчыма.

Міхал Залескі

Міхал Залескі

«У нас савецкая сацыялістычная аграрная эканоміка. Мы можам прадаваць нашае абязводжанае, ці абястлушчанае, ці сухое малако нават у самой Новай Зэляндыі. Таму што цана на малако ў нас ня рынкавая, а любая. А паколькі яна можа быць любой, то і грошы для гэтага ўзяць трэба дзесьці ў іншым месцы.

Тут уся праблема ў структуры сабекошту. У нас у сельскай гаспадарцы ён нідзе нармальна ня ўлічваецца. Існуе цэлая разгалінаваная сыстэма датацыяў, перакрыжаванага субсыдыяваньня, ільготнага крэдытаваньня, скасаваньня запазычанасьці. І вось з улікам гэтых датацыяў мы можам некаторыя пазыцыі рабіць канкурэнтаздольнымі на ўсясьветным рынку. Але ж заробкі ад гэтага фіктыўныя. Фактычна мы нашы датацыі экспартуем у Банглядэш, Расею, яшчэ некуды».

Аляксандар Ярашук, які шмат працаваў у аграпрамысловым комплексе, кажа, што пошук новых рынкаў Беларусь пачала не ад добрага жыцьця:

Аляксандар Ярашук

Аляксандар Ярашук

«Наш аграрны комплекс страчвае расейскі рынак, паколькі Расея ўступіла ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. І хутка тое ж масла з Новай Зэляндыі на расейскім рынку стане значна таньнейшым за беларускае.

Што ж тычыцца ўсіх гэтых даручэньняў па выхаду на іншыя рынкі, то няма сэнсу іх нават аналізаваць, бо ўся стратэгія разьвіцьця сельскай гаспадаркі будуецца на дзяржаўных датацыях. І калі раней казалі пра экспарт харчоў на 3 мільярды даляраў на год, а затым і на 7, то, можа, мы і дойдзем да гэтай лічбы. Але пры гэтым укладзём 10 мільярдаў. За мінулую пяцігодку Беларусь „бухнула“ ў АПК 42 мільярды даляраў. Столькі ж плянуюць і на гэтую пяцігодку. Усе гэтыя даручэньні па асваеньні Банглядэш ды іншых падобных краінаў ня маюць ніякай эканамічнай лёгікі. Гэта — чыста палітычныя рашэньні».

Міхась Залескі лічыць: Беларусь у сваім жаданьні выйсьці на азіяцкі рынак не дэманструе нічога новага. Яна толькі паўтарае досьвед былога СССР:

«Ёсьць такі прыклад. Вось рагачоўскі завод, які робіць „згушчонку“. Яшчэ калі вайна была ў Віетнаме, мой дзядзька туды вазіў самалётам гэтую „згушчонку“. На Віетнам, на іншыя Банглядэшы тады працаваў рагачоўскі завод. А глыбоцкі — на Савецкі Саюз».

Палітоляг Андрэй Фёдараў згадвае: Беларусь яшчэ на пачатку 2000-х гадоў спрабавала асвоіць рэгіён Блізкага Ўсходу. Затым — краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі:

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

«Размоваў было шмат. Гладка было на паперы. А насамрэч аказалася, што гэта ня так лёгка. Падаецца, што пэўныя разьлікі былі памылковыя. Як з той жа іранскай нафтай.

Нават наконт гандлю з Вэнэсуэлай сёньня я б не ганарыўся. Гандаль у нас зь імі вельмі-вельмі моцна скараціўся. Будаўніцтва там, праўда, нейкае ідзе. Але гэта зусім ня тыя аб’ёмы, пра якія марылася».

Беларусь нічога не атрымае на рынку Паўднёва-Ўсходняй Азіі, кажа палітоляг Віктар Марціновіч. І гэта не тэарэтычныя меркаваньні. За апошнія два гады ён правёў амаль тры месяцы якраз у гэтым рэгіёне:

Віктар Марціновіч

Віктар Марціновіч

«Тыя людзі, якія ў Менску будуюць нейкія пляны па асваеньні Паўднёва-Ўсходняй Азіі, не ўсьведамляюць, што там насамрэч робіцца. Мне сьмешна чытаць эканамічныя прагнозы пра захоп гэтага рэгіёну беларускімі таварамі ці нават пра нейкую крэдытную экспансію.

У гэтым рэгіёне ёсьць дзьве акалічнасьці. Яны дрэнна ўсьведамляюцца зь Менску. Першая — там вельмі бедна жывуць. Чалавек, які атрымлівае адзін даляр на дзень, лічыць сябе шчасьлівым. Таму давайце забудземся, што наша прадукцыя зь яе коштамі можа ўяўляць нейкую цікавасьць для гэтага рэгіёну.

І другая акалічнасьць. Рынкі гэтага рэгіёну кантралююцца Кітаем. Няма такой прадукцыі, якая б не была яшчэ па вельмі танных коштах і ў вялікай колькасьці прапанаваная Кітаем.

Таму я хацеў бы прапанаваць нашаму ўраду шукаць супрацоўніцтва, інвэстыцыйныя пляцоўкі, крэдытныя рэсурсы, рынкі збыту дзе заўгодна, толькі не ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Адзінае, што ў гэтым рэгіёне запатрабавана, дык гэта танная зброя».

Гандлёвы абарот Беларусі і Банглядэш у 2011 годзе склаў 135 мільёнаў даляраў, а Беларусі і Віетнама за гэты ж час — 212 мільёнаў. А пляны былі нашмат большыя. Так, летам 2010 году, калі ў Менск прыяжджаў прэзыдэнт Віетнаму Нгуен Мінь Чыет, гаворка ішла пра тое, каб праз пару-тройку гадоў падняць таваразварот да аднаго мільярда даляраў на год. Цяпер бачна, што гэтым плянам ня збыцца.
XS
SM
MD
LG