Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нядаўна знаёмы расейскамоўны пісьменьнік зьвярнуўся да мяне зь не зусім звычайнай просьбай. Зрэшты, просьба як просьба, але матывацыя... Карацей кажучы, знаёмец папрасіў перакласьці на беларускую мову яго дзіцячую кнігу. А калі я машынальна запытаўся ў яго, расейскамоўнага і ў побыце, і за пісьмовым сталом, навошта гэта табе, то пачуў адказ — хай для ўнукаў застанецца.
яшчэ даволі малайцаваты дзядуля, які ўсё жыцьцё гаварыў па-расейску, напісаў па-расейску дзясяткі два кніжак, у зрусыфіікаванай амаль дарэшты лукашэнкаўскай Беларусі дзіўным чынам упэўнены, што ягоныя ўнукі будуць чытаць і размаўляць па-беларуску!


То бок, яшчэ даволі малайцаваты дзядуля, які ўсё жыцьцё гаварыў па-расейску, напісаў па-расейску дзясяткі два кніжак, у зрусыфіікаванай амаль дарэшты лукашэнкаўскай Беларусі дзіўным чынам упэўнены, што ягоныя ўнукі будуць чытаць і размаўляць па-беларуску! Дзеля пацьверджаньня свае ўпэўненасьці пісьменьнік нават гатовы раскашэліцца і ганарары ад маскоўскіх выданьняў пусьціць на сваю шыкоўна ілюстраваную беларускамоўную кнігу.

Прызнаюся — я быў уражаны, але не падаў выгляду. Маўляў, так і павінна быць. Толькі працытаваў свайму знаёмцу Купалу: «К свабодзе, роўнасьці і знаньню / мы працярэбім сабе сьлед, / і будзе ўнукаў панаваньне...». Я наўмысна «забыўся» на апошні радок гэтага вядомага чатырохрадкоўя, бо дзед зусім ня плакаў, а прыехаў на сустрэчу на даволі прэзэнтабэльным аўто.

І ўсё ж дзіўнаватае адчуваньне мяне тады доўга не пакідала. Далёка не аднадумцы ў дні сёньняшнім, мы цалкам сыходзіліся ў бачаньні беларускай будучыні. І ў той будучыні нам — рознамоўным і адрозным сьветапоглядна — аднолькава бачылася наша краіна. Беларускамоўная Беларусь. Умацаваная адзінай мовай.

І мне ўспомнілася, як алімпійская чэмпіёнка Надзея Астапчук (штурхальніца ядра) прызнавалася ў выкарыстаньні незвычайнага стымулятара. Аказваецца, мае яна такую завядзёнку — перад самым выхадам у сэктар для штурханьня ў вузкім коле паразмаўляць па-беларуску. І — адразу адчувае прыліў энэргіі. Вынік — залатыя і срэбныя мэдалі, якія шмат каму не даюць спакою. Будзем спадзявацца, што хоць «моўны стымулятар» беларускай чэмпіёнкі не выкліча падазрэньняў у дужа заўзятых апошнім часам допінг-кантралёраў з МАКу.

Мова — гэта сіла. І для адной спартсмэнкі, і для шматмільённага народу. Як адолець сілу? Трэба яе аслабіць знутры. Так у стан непрыяцеля засылаецца спрактыкаваны лазутчык, які ўмее дэмаралізаваць варожае войска. Так пад кару здаровага дрэва запаўзае шашаль і пачынае яго тачыць — ад абалоні да сарцавіны.

Шашаль беларускай мовы — трасянка. Здаўна яна існавала на маргінэсе грамадзкага жыцьця, ня робячы ў ім надвор’я. Але апошнім часам статус трасянкі пачаў штучна падвышацца. Зьявіліся высакалобыя разумнікі, якія абвясьцілі трасянку самабытнай і цікавай моўнай зьявай, якая мае права на актыўнае жыцьцё. На трасянцы пачалі пісаць некаторыя маладыя паэты, і вось ужо разьнеслася па краіне погаласка пра першую трасяначную кніжку з пазнавальнай назвай «Пішчавыя лішкі». Як ні дзіўна, у падтрымку трасянкі шматкроць выступаў і працягвае выступаць старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў («Лупіце на трасянцы!», «Нас спасает трасянка»). А апагеем навязваньня грамадзтву трасянкі стаў апошні перапіс насельніцтва, падчас якога кіраўнік Беларусі заявіў на ўсю краіну, што размаўляе на трох мовах — па-расейску, па-беларуску і... на трасянцы. Пасьля такога прызнаньня заканамерна было чакаць указу ці рэфэрэндуму аб трох дзяржаўных мовах. Але ня трэба будзіць ліха, хай сьпіць ціха.

Высакалобыя разумнікі тлумачаць, што трасянкі розных гатункаў распаўсюджаныя ва ўсім сьвеце, параўноўваюць беларускі варыянт зь піджынам і суржыкам. Але піджын — зьява зусім іншага парадку, ён узьнікае ў экстрэмальнай сытуацыі, пры міжэтнічных кантактах (часам — канфліктах), калі зьяўляецца вострая неабходнасьць паразумецца, каб не нарабіць яшчэ большай бяды. А суржык — гэта той самы шашаль, толькі точыць ён мову ўкраінскую. З трасянкай яны сапраўды — як блізьняты, і паходжаньне ў іх аднолькавае, і спосабы пранікненьня.

Маладым паэтам хочацца вылучыцца, хочацца пазьбегнуць падабенства з астатнімі. Усе пішуць па-беларуску? А я буду на трасянцы, да чаго вунь і старшыня ТБМ заклікае. І вось ужо фэйсбукі і твітары разносяць па сьвеце рыфмаванкі накшталт: «Жэншчына зь вядром на галаве, вы каво удумалі пугаць ім? Мы ведзь вам за эпатаж ня плацім, жэншчына зь вядром на галаве». Сьмешна? Яшчэ як. Моладзь пасьцябацца любіць. Але сьцёб гэткі прыядаецца пасьля першай жа порцыі. Што добра разумелі Дунін-Марцінкевіч у «Пінскай шляхце», Купала ў «Тутэйшых», Гілевіч у «Родных дзецях», уводзячы трасянку ў тэкст невялічкімі дозамі, і то дзеля таго, каб паказаць у камічным сьвятле сваіх герояў-прыстасаванцаў.

Аўтарытэтны гісторык Алег Трусаў мае, вядома, права выступаць у абарону трасянкі. Але, як на добры лад, ён мусіў бы спачатку сысьці з пасады старшыні ТБМ.

Аўтарытэтны гісторык Алег Трусаў мае, вядома, права выступаць у абарону трасянкі. Але, як на добры лад, ён мусіў бы спачатку сысьці з пасады старшыні ТБМ. Бо што ж гэта за садоўнік, які ў давераны яму сад кашамі носіць жукоў-караедаў? Калісьці я публічна, у прысутнасьці шаноўнага Алега Анатолевіча, прапанаваў пераназваць трасянку ў трусянку — у ягоны гонар. За асаблівыя, так бы мовіць, заслугі. І — не пачуў пярэчаньняў. Відаць, спадабалася. Калі так — хай будзе трусянка. Прынамсі, будучым этымолягам ня прыйдзецца ламаць галаву над паходжаньнем кораня, а то ў трасянцы нейкая трасца чуецца.

Калі пазыцыя старшыні ТБМ адносна трасянкі-трусянкі выглядае дзіўнавата, то пазыцыя «трохмоўнага» Лукашэнкі ясная як Божы дзень. «Трэцяя мова» патрэбная для размываньня, для падточваньня першай. Шашаль трасянкі падточыць мову беларускую, і тады «другая дзяржаўная» запануе ў Беларусі з усім уласьцівым ёй размахам.

Трасянка — рэч далёка не бяскрыўдная, як некаму працягвае здавацца. Гэта зьява пачварная, антыкультурная. Гэта — траянскі конь русыфікацыі, і ўцягваць яго на беларускі падворак небясьпечна.

Беларусам трасянка далася ў знакі яшчэ на самым пачатку сталінскага тэрору. Не, на ёй «тройкі» не пісалі свае прысуды. Проста тагачасны сакратар моўнай камісіі Інбелкульту Язэп Воўк-Левановіч у 1929 годзе выступіў на моўнай канфэрэнцыі ў Акадэміі навук зь яўна правакацыйнай прапановай — увесьці ва ўжытак наступныя словаформы: інцярэсы, ліцература, шчот, случай, фяўраль ды інш. Пісьменьнікі і мовазнаўцы пачалі пратэставаць супраць відавочнай бязглузьдзіцы. Іх пратэсты адсочваліся ГПУ, і ў 1930-м усе нязгодныя з засьмечваньнем беларускай мовы апынуліся ў Гулагу. Сьледам за імі саслалі да белых мядзьведзяў і Ваўка-Левановіча, адкуль ён, як і большасьць ягоных калегаў, ужо не вярнуўся.

Беларуская мова перажыла многіх сваіх прытоеных незычліўцаў і зацятых ворагаў. Расейскага цара, які абвясьціў яе па-за законам. Першага сакратара ЦК КПБ, які пісаў на яе даносы Сталіну. Маскоўскага генсека, якому яна перашкаджала рухацца да камунізму. Усіх перажыла. А паводле словаў Генадзя Бураўкіна, і «тых бясспрэчна перажыве, хто з трасянкаю ў галаве».

І ўсё ж наймудрэй паступіла студэнтка-перапішчыца ў Драздах. Пачуўшы зь дзяржаўных вуснаў пра трэцюю мову — трасянку, — яна яе мужна праігнаравала і нават не пазначыла такое ўзьніклае ў асобна ўзятай галаве «трохмоўе» ў апытальніку.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG