Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейскі бізнэс баіцца „рэквізыцый“ у Беларусі»


Як бы не стараўся і як бы не завабліваў выгаднымі інвэстыцыйнымі ўмовамі Аляксандар Лукашэнка замежных інвэстараў, кожны, хто паспрабаваў працаваць у Беларусі, ведае, што адабраць бізнэс у яго могуць практычна ў любы дзень, піша інтэрнэт-часопіс «Биржевой лидер».

Лукашэнка праводзіць «рэквізыцыі» у Беларусі

Ужо крыху больш за год, беларускія ўлады нацыяналізуюць ўсе раней прададзеныя замежным інвэстарам прадпрыемствы. Усё пачалося з таго, як прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка асабістым указам адабраў пакеты акцый ключавых беларускіх вытворцаў цукерак, «Спартак» і «Камунарка», у расейскіх прадпрымальнікаў. Так, на сёньняшні дзень імя Марата Новікава, расійскага прадпрымальніка, які пасьпеў пабываць «гаспадаром» дадзеных прадпрыемстваў, ужо стала намінальным.

Таксама прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка асабіста скасаваў і інвэстыцыйны будаўнічы кантракт з расейскай фірмай «Ітэра». І гэта, адзначаюць расейскія бізнэсоўцы, празь пяць гадоў працы, пасьля пачатку будаўнічых работ. Так, усе пабудаваныя за пяць гадоў аб’екты перайшлі ва ўласнасьць дзяржавы, і гэта пры тым, што першапачаткова, яна інвэставала ўсяго толькі 15 адсоткаў у гэты праект.

Расейска-француская фірма «Данон-Юмілік» была «выправаджаная» з краіны практычна адразу пасьля падпісаньня інвэстыцыйнага дагавора на 250 мільёнаў даляраў. Прадпрыемства як раз толькі пасьпела ўсталяваць і наладзіць новыя лініі па фасоўцы і перапрацоўцы малочных прадуктаў на Слуцкім сыраробным прадпрыемстве.

На гэтым тыдні ўрад Беларусі паставіў новыя «захопніцкія» мэты — атрыманьне кантрольных пакетаў акцый на бабруйскім прадпрыемстве «Чырвоны харчавік» і на менскім «Абутак-прамяні». Таксама ўрад строга забараніў продаж акцый замежным інвэстарам. Паводле шэрагу крыніц, кіраўнікі гэтых кампаній паддаліся на запалохваньні і аддалі пакеты акцый ўраду на бязвыплатнай аснове. Атрымалася так, што яны «па ўласным» жаданьні іх проста падарылі дзяржаве. У абмен на гэтую шчодрасьць ім паабяцалі, што яны змогуць застацца кіраўнікамі, кажуць экспэрты выданьня «Биржевой лидер».

Паводле апошняй інфармацыі, будаўнічая кампанія з Расеі «Манолум-працэсінг» атрымала ад ураду Беларусі дазвол на забудову пляцоўкі старога тралейбуснага дэпо. Паводле ацэнак экспэртаў, кошт гэтага інвэстыцыйнага праекта складае каля 15 мільёнаў даляраў. І вось калі пачаліся будаўнічыя работы, высьветлілася, што сума інвэстыцый недастатковая, і варта яе павялічыць яшчэ ў некалькі разоў. «Манолум-працэсінг» ад гэтага праекту адхілілі, а кампэнсаваць усе выдаткаваныя сродкі ўрад ня стаў.

Таксама зусім нядаўна Рэспубліку Беларусь былі вымушаныя былі пакінуць расійскі рытэйл «Сёмы кантынент» і правайдэр інтэрнэт-сеткі Yota. Калі першая фірма пасьпела прадаць усе свае крамы мясцовым прадпрымальнікам, то другая кампанія была вымушана проста зачыніць усе свае філіялы.

Новы тэрмін — «адціснуць» або выгнаць з краіны

Што тычыцца дробнага бізнэсу, то тут у Беларусі зьявіўся нават адмысловы тэрмін — «адціснуць» інвэстара. Гэтая схема даволі простая: урад заклікае замежных інвэстараў у краіну, прапаноўваючы пэўныя льготныя ўмовы, дзе абяцаюць заніжаныя стаўкі па падатках, а таксама ўсебаковае садзеяньне мясцовых уладаў. Але, калі інвэстыцыйныя кантракты падпісаны, і будаўніцтва пачалося, беларускі бок у аднабаковым парадку зьмяняе ўсе ўмовы супрацоўніцтва. І ў выпадку, калі інвэстар выказвае незадавальненьне, яго проста выганяюць з краіны. З больш нязгодлівымі бізнэсоўцамі разьбіраюцца сілавая служба і падатковая, кажуць аналітыкі выданьня «Биржевой лидер».
XS
SM
MD
LG