Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія: цяперашнія падзеі нечаканыя для ўсіх


 Серж Саргсян

Серж Саргсян

У Армэніі працягваюцца масавыя акцыі грамадзянскіх актывістаў і студэнтаў супраць афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Раней Цэнтравыбаркам абвясьціў, што за дзейнага прэзыдэнта Сержа Саргсяна прагаласавалі 58,6 працэнтаў выбаршчыкаў.

Падзеі ў Ерэване і ў іншых рэгіёнах Арменіі, дзе на акцыі пратэсту выходзіць вялікая колькасьць грамадзянаў, камэнтуе супрацоўнік армянскай рэдакцыі Радыё Свабода Геворг Стамбалцян:

«Цяперашнія падзеі нечаканыя нават для тых, хто быў за кандыдатам ад апазыцыі, які паводле афіцыйных дадзеных, набраў каля 37 працэнтаў галасоў. Таму што пасьля парлямэнцкіх выбараў 2010 году ўсе былі перакананыя, што палітычнае поле цалкам зачышчанае і прэзыдэнцкі апарат кантралюе ўсё — і сілавыя структуры, і буйны бізнэс. Менавіта таму асноўныя палітычныя гульцы вырашылі ня ўдзельнічаць у цяперашніх выбарах.

Фактычна, з Саргсянам супернічалі палітыкі „другога эшалёну“, зь якіх больш-менш уплывовым лічыўся першы міністар замежных спраў незалежнай Армэніі Аванэсян. Мяркуючы па тым, што ён робіць, для яго было сюрпрызам, што ён набраў такую колькасьць галасоў. Пры тым што былі сур’ёзныя фальсыфікацыі ў сельскіх рэгіёнах.

Цяпер кандыдат ад апазыцыі вырашыў не факусавацца на пратэстных дзеяньнях у сталіцы, ён разьяжджае па рэгіёнах і зьбірае даволі вялікую колькасьць людзей. Але пры гэтым застаецца незразумелым, якія могуць быць ягоныя наступныя крокі. Да суботы ён можа апратэставаць вынікі выбараў у Канстытуцыйным судзе. Але да гэтага часу ён не зрабіў гэтага.

Разам з тым, у прэсе зьяўляюцца паведамленьні пра нейкія закулісныя перамовы паміж ягоным штабам і прэзыдэнцкім апаратам. Словам, сытуацыя дынамічная і можа зьмяніцца ў кожную хвіліну. У чацьвер ён зьбірае вельмі вялікі мітынг у Ерэване і паабяцаў, што на мітынгу ў суботу скажа „адну важную рэч“ — можна толькі здагадвацца, што гэта будзе».
XS
SM
MD
LG