Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крутое піке Саракашыша: камэра замест курорту


Георгі Саракашыш, былы дырэктар санаторыя «Беларусь» на расейскім курорце ў Сочы, можа правесьці за кратамі бліжэйшыя 12 гадоў.

Грамадзянін Расеі, таемна затрыманы беларускімі спэцслужбамі яшчэ летась у сьнежні, падазраецца ў крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Аналягічны артыкул Крымінальнага кодэксу пагражае і ягонаму намесьніку, беларусу Аляксандру Кізіму, які таксама застаецца пад вартай.

Затрыманыя кіраўнікі беларускай здраўніцы вось ужо два месяцы знаходзяцца ў сьледчым ізалятары КДБ, але шырокай грамадзкасьці пра вязьняў стала вядома зусім нядаўна. Прычым пра затрыманьне свайго грамадзяніна некаторы час была ня ў курсе нават амбасада Расейскай Фэдэрацыі ў Менску, хоць дыпляматычныя нормы вымагаюць неадкладна інфармаваць пра надзвычайнае здарэньне з удзелам замежнікаў. Тым больш калі супраць чалавека выстаўляюцца сур’ёзныя абвінавачаньні.

Як удакладніў «Свабодзе» афіцыйны прадстаўнік расейскай амбасады Ўладзімер Марчукоў, згодна зь беларускімі законамі за злоўжываньні на ранейшай пасадзе Саракашышу пагражае істотнае пакараньне:

«Паводле нашай інфармацыі, яму закідаюць 210-ы артыкул Крымінальнага кодэксу, таму абвінавачаньне фактычна прад’яўленае. Некалькі разоў консульскія работнікі зь ім ужо сустракаліся, таму неабходны працэс ідзе, амбасада ў гэтым кірунку працуе».

Паводле ўдакладненых зьвестак расейскай амбасады, Георгі Саракашыш разам са сваім намесьнікам Аляксандрам Кізімам яшчэ пры канцы мінулага году былі выкліканыя ў Менск, каб удакладніць пляны дзейнасьці санаторыя на 2013-ты і алімпійскі 2014-ты гады. Аднак замест выбудоўваньня плянаў на будучыню яны былі 21 сьнежня ўзятыя пад варту на падставе часткі 4 артыкула 210 Крымінальнага кодэксу — крадзёж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Санкцыі ў дадзеным выпадку прадугледжваюць пакараньне пазбаўленьнем волі на тэрмін да 12 гадоў.

Пры гэтым у праваахоўных ведамствах не ўдакладняюць, якія канкрэтна злачынствы інкрымінуюцца Георгію Саракашышу і ягонаму намесьніку. Вядома, што да зімовай Алімпіяды-2014 на тэрыторыі здраўніцы, якая аддадзеная беларускаму боку ў арэнду на 49 гадоў, разгорнутае маштабнае будаўніцтва, каб атрымаць як найбольшыя дывідэнды ад галоўных спаборніцтваў чатырохгодзьдзя. Пра нямэтавае выкарыстаньне сродкаў падчас пераабсталяваньня тэрыторыі санаторыя казаў у сваёй справаздачы і нядаўна прызначаны кіраўнік спраў прэзыдэнта Віктар Шэйман, але тады ні прозьвішчаў патэнцыйных карупцыянэраў, ні падрабязнасьцяў злачынных схемаў не агучвалася.

Першымі пачалі біць трывогу супрацоўнікі санаторыя, якія не дачакаліся свайго кіраўніцтва ні да канца 2012-га, ні на пачатку новага 2013-га.

Зрэшты, супрацоўнікі ня надта зьдзіўленыя падобнай разьвязкай, бо многія самі сталі закладнікамі татальнай перабудовы. Прыкладам, Любоў Голубеву, якая шмат гадоў адпрацавала ў прыёмным пакоі, сілай адсялілі зь ведамаснага жыльля, даўшы ўзамен фактычна непрыдатны для сталага пражываньня інтэрнацкі пакой у Дагамысе, што за 20 кілямэтраў ад Сочы. Таму асаблівага жалю ад расставаньня з былымі начальнікамі яна ня мае:

«Саракашыш — ён мясцовы кадар, а Кізім прыехаў зь Менску. Бацька ў яго ў свой час таксама быў дзесьці ва ўрадзе, і сын, атрымліваецца, пайшоў ягоным шляхам. То бок дынастыя ў іх такая — намэнклятурная. Але, як той казаў, нядоўга музыка іграла. У нас тут схіляюцца да думкі, што прычына адна — Кізім занадта моцна пачаў сябраваць з Саракашышам. Іншымі словамі, ён як адміністратар свае функцыі не выконваў, проста сябраваў з Саракашышам. Саракашыш, вядома, вельмі хутка ўмеў падмяць пад сябе любога, бо ў яго надзвычай шмат кропак узьдзеяньня на чалавека.

Увогуле мы тут перажылі некалькі начальнікаў. Некалі дырэктарам быў Дзікавіцкі зь Пінску, беларус. Проста ад Бога лекар-хірург, цудоўны спэцыяліст і чалавек. Чалавек ужо ў гадах, ня краў, чужога ня браў — унікальная асоба. Потым замест яго Лукашэнка паслаў Кучука. Ён быў таксама зь Беларусі, на той час яшчэ малады, было яму дзесьці гадоў пад 40. Доўгі час працаваў у Туапсэ, кіраваў санэпідэмстанцыяй. А вы ж ведаеце, што такое ва ўсе часы санэпідэмстанцыя? Той, хто замест прывітаньня ў хату адчыняе дзьверы нагой. То бок ня стукае, а адразу адчыняе. І ён сябе паказаў, заявіўшы: хопіць „укалваць“, будзем грошы рабіць. А ўжо пасьля, калі сышоў Дзікавіцкі, сышоў Кучук, я яшчэ некалькі гадоў — дакладней, чатыры гады — працавала з Саракашышам. Як цяпер там будзе Рыжанкоў працаваць — шчыра кажучы, ня ведаю, бо асабіста зь ім папросту не знаёмая».

У часе нядаўняга адпачынку ў Сочы Аляксандар Лукашэнка асабіста прадставіў калектыву санаторыя новага дырэктара. Ім стаў былы кіраўнік дэпартамэнту гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, начальнік мэдычнай часткі шматфункцыянальнага комплексу «Мінск-Арэна» Ўладзімер Рыжанкоў. Выглядае, што хуткага вяртаньня каманды Саракашыша ў Сочы не плянуецца.
XS
SM
MD
LG