Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кабінэт міністраў Літвы ўхваліў плян ўвядзеньня ў краіне эўра з 2015 году.

Плян прадугледжвае стварэньне стратэгічнай і каардынацыйнай камісій, а таксама рабочых груп. Наколькі Літва адпавядае Маастрыхцкім крытэрам, будзе разглядацца ў ведамствах ЭЗ у лютым-сакавіку наступнага году.

Калі будзе прызнана, што Літва адпавядае ўсім неабходным патрабаваньням, то ў траўні наступнага году павінна быць прынята рашэньне дазволіць ўвесьці эўра з пачатку 2015 году, паведамляе Delfi.

На сёньня эўра ўвялі 17 краін Эўразьвязу з 27. Каб уступіць у эўразону, дзяржава павінна адпавядаць так званым Маастрыхцкім крытэрам па дэфіцыту дзяржаўных фінансаў, інфляцыі і даўгах. Гэта значыць, што дэфіцыт бюджэту не павінен перавышаць 3% ВУП, доўг дзяржавы не павінен перавышаць 60% гадавога ВУП.

Галоўнае перашкода для Літвы на шляху ўвядзеньня эўра — узровень інфляцыі. У пачатку 2007 году Літва з-за занадта высокай інфляцыі не змагла ўвесьці эўра.

Улады Літвы запэўніваюць, што не будуць карыстацца мэтадамі штучнага зьніжэньня інфляцыі і спадзяюцца, што да 2014 году інфляцыя будзе адпавядаць Маастрыхцкім крытэрам.

На думку літоўскіх уладаў, краіне выгадна быць у эўразоне, таму што эўра ёсьць у галоўных гандлёвых партнэраў, акрамя таго, эўра ўмацаваў бы давер інвэстараў і дазволіў таньней браць пазыкі на рынках.
XS
SM
MD
LG