Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск зь недаўменьнем успрыняў адстаўку папы


Тадэвуш Кандрусевіч

Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч распавёў пра ролю Бэнэдыкта XVI у аднаўленьні касьцёлу ў Беларусі.

У інтэрвію РИА «Новости» кіраўнік беларускага касьцёлу ў Беларусі мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч расказаў пра сваю асабістую рэакцыю на адстаўку папы рымскага Бэнэдыкта XVI, а таксама пра ягоную ролю ў жыцьці каталіцкага касьцёлу ў Беларусі.

На пытаньне, якая была рэакцыя прадстаўнікоў беларускай улады на рашэньне Бэнэдыкта XVI сысьці ў адстаўку, Тадэвуш Кандрусевіч адказаў:

«У асабістых размовах я чуў шмат пытаньняў з нагоды таго, чаму так адбылося, і нават недаўменьня, чаму ён адмовіўся ад пасаду. Але было таксама і захапленьне гэтым учынкам як мужным рашэньнем пакорнага чалавека».

Кандрусевіч нагадаў, што цяпер інтэнсіўна рыхтуецца канкардат — афіцыйнае міждзяржаўнае пагадненьне паміж Беларусьсю і Сьвятым пасадам:

«Мы хочам, каб гэтая праца завяршылася як мага хутчэй, бо гэта і ў інтарэсах каталіцкай царквы, і ў інтарэсах беларускай дзяржавы».

На пытаньне, чым быў знамянальны пантыфікат Бэнэдыкта XVI для каталікоў Беларусі і Расеі, мітрапаліт Кандрусевіч адказаў:

«Трэба прызнаць, каталікі Расеі і каталікі Беларусі прывыклі да Яна Паўла II, які вельмі шмат зрабіў для адраджэньня каталіцкай царквы ў гэтых краінах: аднавіў кананічныя структуры, паставіў біскупаў, падтрымліваў добрыя пачынаньні, марыў зьдзейсьніць апостальскія візыты ў Маскву і Менск... Але ж кардынал Ёзаф Ратцынгер, які стаў новым пантыфікам, быў бліжэйшым паплечнікам Яна Паўла II і яго аднадумцам, таму ён працягваў справу свайго папярэдніка.

Нашы вернікі зразумелі і прынялі Бэнэдыкта XVI як вялікага мысьляра, выдатнага багаслова, выдатнага прапаведніка, які зьвяртаў увагу ўсяго сьвету на надзённыя праблемы. Для мяне ён — нязломны абаронца хрысьціянскай веры і хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, маральны настаўнік сучаснага сьвету. Ён быў і застаецца сумленьнем нашага часу. Яго прамова заўсёды была дакладнай і яснай: „так — так“, „не — не“, ён ніколі не называў чорнае белым, а халоднае — гарачым».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG