Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Фабрыка тэрору: Унутры вырабленай ФБР вайны з тэрарызмам»


Радыё Свабода ўзяло інтэрвію ў аўтара кнігі, якая абвінавачвае амэрыканскае Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў у правакаваньні патэнцыйных тэрарыстаў.

Ад часоў тэрактаў 11 верасьня 2001 году амэрыканскае Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў шмат разоў абвяшчала аб посьпехах у барацьбе з тэрарызмам. Штораз, калі ФБР арыштоўвала падазраваных, рабіліся заявы пра тое, што агенцтва здолела прадухіліць чарговы жахлівы плян.

Трэвар Эрансан

Трэвар Эрансан

Але, прагледзеўшы тысячы старонак судовых дакумэнтаў, журналіст Трэвар Эрансан прыйшоў да іншай высновы — большасьць арыштаваных ніколі не змаглі б зрабіць тое, у чым іх абвінавачвалі, калі б ФБР не забясьпечыла іх тым, што было для гэтага трэба. У сваёй кнізе «Фабрыка тэрору: Унутры вырабленай ФБР вайны з тэрарызмам» Эрансан сьцьвярджае, што ўрад ЗША арганізаваў і прафінансаваў больш тэрарыстычных змоваў на тэрыторыі Злучаных Штатаў, «чым любая іншая групоўка». З Эрансанам пагутарыла вашынгтонская карэспандэнтка Радыё Свабода Гэдэр Мар.

РС: Вы пачалі сваё дасьледаваньне з пытаньня: Ці ФБР змагаецца з тэрарыстычнымі змовамі, ці ўзначальвае іх? Што вы высьветлілі?

Але нашмат больш сярод іх — больш за 150 чалавек, якіх арыштавалі ў выніку апэрацыяў укараненьня — гэта людзі, якія ніколі ня мелі сродкаў, а часам нават і плянаў тэрарыстычнай змовы. Усім гэтым іх забясьпечыла ФБР — бомбай, транспартам, ўсім неабходным, каб яны маглі прасоўвацца па шляху тэрарыстычнай змовы

Эрансан: ФБР шукае тых, каго яны называюць «тэрарыстамі-ваўкамі-адзіночкамі» — чалавека, які сядзіць недзе ў кватэры і выказвае прыхільнасьць да Аль-Каіды, але ў якога магчыма няма канкрэтных сродкаў такое зрабіць. І вось ФБР ладзіць «апэрацыі ўкараненьня», каб знайсьці гэтых людзей — людзей, якія могуць жадаць зрабіць тэракт, якія ідуць па шляху ператварэньня з прыхільніка ў дзейную асобу — а потым з дапамогай такіх «апэрацыяў укараненьня» гэтых людзей завабліваюць і ўцягваюць у тэрарыстычную змову, за якую іх пасьля ўрэшце і судзяць.

Аднак я высьветліў, што сярод гэтых справаў можна паказаць толькі на жменьку сапраўдных, небясьпечных тэрарыстаў, такіх як Файзал Шахзад, які быў блізкі да таго, каб зладзіць выбух на Таймс-сквэры ў Нью-Ёрку, ці Наджыбула Зазі, які быў блізкі да таго, каб зладзіць выбух у нью-ёрскім мэтро. Але нашмат больш сярод іх — больш за 150 чалавек, якіх арыштавалі ў выніку апэрацыяў укараненьня — гэта людзі, якія ніколі ня мелі сродкаў, а часам нават і плянаў тэрарыстычнай змовы. Усім гэтым іх забясьпечыла ФБР — бомбай, транспартам, ўсім неабходным, каб яны маглі прасоўвацца па шляху тэрарыстычнай змовы — і без чаго яны б ніколі не змаглі гэтага зрабіць самастойна. І відавочна з доказаў можна зрабіць выснову, што ў большасьці выпадкаў яны да таго раней ня мелі ніякіх канкрэтных сувязяў з тэрарызмам. Таму вельмі складана паверыць, што яны б калі-небудзь мелі ці атрымалі недзе сродкі, каб зрабіць нейкі тэрарыстычны акт.

РС: Як праходзілі гэтыя «апэрацыі ўкараненьня» ФБР?

Эрансан: У тэрарыстычнай «апэрацыі ўкараненьня» інфарматар ці тайны агент ФБР выдае сябе за ўдзельніка Аль-Каіды ці іншай тэрарыстычнай групоўкі і кажа чалавеку, супраць якога вядзецца апэрацыя: «Ведаеш, у мяне ёсьць тое, што табе трэба, калі ты хочаш арганізаваць тэрарыстычную змову. Я магу забясьпечыць табе бомбу, транспарт, я магу даць табе ўсё патрэбнае». І потым, калі яны прасунуліся ў змове, калі яны зрабілі бомбу і паклалі яе ў машыну, калі яны прыехалі на месца, і чалавек, супраць якога вядзецца апэрацыя, набірае нумар на мабільным тэлефоне, верачы, што ад гэтага здэтануе бомба і заб’е дзясяткі людзей, яго арыштоўваюць. Такім чынам у «апэрацыі ўкараненьня» урад фактычна робіцца часткай змовы і ўрэшце вылучае абвінавачаньні супраць чалавека за яго ўдзел у гэтай змове, за яго дзеяньні ў працэсе гэтай змовы.

ФБР мае беспрэцэдэнтную колькасьць інфарматараў — агулам існуе 15,000 чалавек. І ім плацяць — у некаторых выпадках вельмі добра; часам па $100,000, у адным выпадку ў Каліфорніі $400,000

РС: Вы пішаце, што ключавыя фігуры у «апэрацыях укараненьня» гэта інфарматары, якія знаходзяць тых, хто прыхільна ставіцца да тэрору, і зьвяртаюць увагу ФБР на гэтых людзей. Хто гэтыя інфарматары і якую яны атрымліваюць з гэтага выгаду?

Эрансан: ФБР мае беспрэцэдэнтную колькасьць інфарматараў — агулам існуе 15,000 чалавек. І ім плацяць — у некаторых выпадках вельмі добра; часам па $100,000, у адным выпадку ў Каліфорніі $400,000 — ім плацяць, каб яны знайшлі людзей, якія зацікаўленыя ў тым, каб зрабіць тэракт; людзей, схільных да нейкай формы гвалту, якія кажуць, што хочуць зрабіць нейкае гвалтоўнае дзеяньне, але ў якіх магчыма няма сродкаў, каб гэта зрабіць. Задача інфарматараў вызначыць іх і ўцягнуць у гэтыя «апэрацыі ўкараненьня».

Але шмат у якіх з гэтых выпадкаў я сутыкнуўся з той праблемай, што магчыма інфарматар — горшы злачынца, чым той супраць каго вядзецца апэрацыя. У гэтых «апэрацыях укараненьня» ФБР часта выкарыстоўвала ў якасьці інфарматараў гандляроў наркотыкамі, асуджаных за забойствы, а ў адным выпадку ў Сіэтле пэдафіла — людзей, якія агідныя ва ўсіх сэнсах. І ў іх таксама ёсьць наўпроставы стымул знайсьці тэрарыстаў і давесьці справу да абвінавачаньня, бо яны могуць так шмат зарабіць у якасьці інфарматараў.

Таму калі яны прыходзяць у мячэці і шукаюць людзей, якія зацікаўленыя зрабіць тэракты, яны ведаюць, што за знаходку такога чалавека могуць атрымаць шмат грошай. І у выніку яны ў большасьці выпадкаў урэшце знаходзяць людзей на маргінэсе грамадзтва, якія жывуць у адчайным эканамічным стане, у некаторых выпадках маюць псыхічныя хваробы, і гэта якраз тыя людзі якія паддаюцца ўплыву інфарматара з моцнай воляй.

РС: Як у судзе ўспрымаецца аргумэнт аб тым, што гэтых людзей справакавалі, «завабілі ў пастку»? Ці толькі журналісты вывучаюць такі падыход ФБР да тэрарызму?

Пакуль што 11 абвінавачаных у такіх справах афіцыйна вылучалі ў судзе аргумэнт аб правакацыі, і ні разу гэта ня мела посьпеху

Эрансан: Ва ўсіх гэтых выпадках пытаньне наконт правакацыі зьяўляецца ключавым. І пакуль што суды не жадаюць пагаджацца з тым, што гэта выпадкі правакацыі. Пакуль што 11 абвінавачаных у такіх справах афіцыйна вылучалі ў судзе аргумэнт аб правакацыі, і ні разу гэта ня мела посьпеху. У той жа час, я лічу, што назіраецца ўсё большы скептыцызм і крытыка такіх выпадкаў з боку прэсы. Напрыклад, калі ўрад ЗША абвяшчае аб гэтых справах, дык часта гаворыцца якая гэта была б жахлівая і кашмарная змова, калі б яе не спынілі, але пры гэтым замоўчваецца той факт, што абвінавачаныя ніколі б ня здолелі самі зрабіць такое злачынства. Гэта заняло шмат часу, але цяпер мы пачынаем назіраць сапраўдную крытыку гэтых выпадкаў у мэдыях.

РС: Вашая кніга выйшла ў сьвет некалькі тыдняў таму. Ці была ўжо рэакцыя ФБР, наўпроставая ці ўскосная?

Эрансан: Адзінай у нейкім сэнсе афіцыйнай рэакцыяй была вельмі крытычная рэцэнзія на маю кнігу ў Wall Street Journal, якую напісаў былы агент ФБР Алі Суфран. Рэакцыя Алі Суфрана на маю кнігу тыповая для рэакцыі ФБР, калі гаворыцца, што існуюць сапраўды небясьпечныя тэрарысты і што «апэрацыі ўкараненьня» дапамагаюць прыбраць іх з нашых вуліц.

Але праблема ў тым, што Алі Суфран у сваёй рэцэнзіі, як і іншыя агенты, зь якімі я размаўляў, увесь час спасылаюцца, напрыклад, на Файзала Шахзада — гэта чалавек, які быў блізкі да таго, каб зладзіць выбух на Таймс-сквэры ў Нью-Ёрку — ці на Наджыбулу Зазі, які быў блізкі да таго, каб зладзіць выбух у мэтро. Яны падаюць гэтых людзей у якасьці прыкладаў сапраўдных тэрарыстаў і прыкладаў таго, чаму патрэбныя «апэрацыі ўкараненьня». Але, на маю думку, праблема з іх аргумэнтамі ў тым, што насамрэч нікога з гэтых людзей не злавілі ў выніку «апэрацыі ўкараненьня». Дагэтуль мы яшчэ не пабачылі ніводнага сапраўднага патэнцыйнага тэрарыста: некага, хто быў гатовы да тэракту, хто меў зброю, хто меў сродкі і каго спынілі з дапамогай «апэрацыі ўкараненьня».

***

Радыё Свабода зьвярнулася па камэнтар у Міністэрства юстыцыі ЗША. Прэсавы сакратар аддзелу нацыянальнай бясьпекі Дын Бойд сказаў, што не чытаў кнігі Эрансана, але прыслаў наступную заяву:

«Па-першае, важна адзначыць, што тайныя «апэрацыі ўкараненьня» дзесяцігодзьдзямі выкарыстоўваюцца праваахоўнымі органамі, каб змагацца з рознымі тыпамі злачыннасьці, у тым ліку зь дзіцячай парнаграфіяй, карупцыяй, фінансавымі махлярствамі, наёмнымі забойствамі, перавозкай наркотыкаў ды іншымі.

Па-другое, трэба адзначыць, што «апэрацыі ўкараненьня» гэта толькі адзін з мноства розных інструмэнтаў, якія могуць выкарыстоўваць праваахоўныя органы, каб нэўтралізаваць гвалтоўныя змовы. Шмат у якіх выпадках контратэрарыстычная дзейнасьць не ўключае ў сябе тайных апэрацыяў. Выкарыстаньне гэтай тэхнікі цалкам залежыць ад фактаў і абставінаў кожнай справы і вызначаецца цягам расьсьледаваньня. Тайныя «апэрацыі ўкараненьня» выкарыстоўваліся там, дзе гэта было слушна, каб сарваць некаторыя гвалтоўныя змовы і абараніць грамадзтва.

Па-трэцяе існуюць дакладныя правілы, якімі кіруюцца пры выкарыстаньні тайных «апэрацыяў укараненьня». Сярод гэтых правілаў — дэталёвыя юрыдычныя праверкі і зацьвярджэньне на высокім узроўні. Да таго ж законы ЗША даюць моцную абарону супраць правакацыяў. Юрыдычна, асоба лічыцца справакаванай, калі праваахоўнікі схіляюць ці пераконваюць яго ці яе зрабіць злачынства, рабіць якое гэта асоба раней ня мела намеру. У тых выпадках, калі «апэрацыі ўкараненьня» выкарыстоўваюцца ў сфэры антытэрарыстычнай дзейнасьці, урад рупліва працуе над тым, каб гарантаваць, што правакацыі не адбудзецца.

Па-чацьвертае, існуе доўгі публічны сьпіс прызнаньняў віны і прысудаў вінаватым. Фэдэральныя суды і суды прысяжных у пераважнай большасьці пацьвярджалі правамоцнасьць выкарыстаньня тайных апэрацыяў у справах аб тэрарызьме, дзе выкарыстоўвалася «ўкараненьне». Хоць у такіх справах у якасьці аргумэнта абароны рэгулярна могуць заяўляць аб правакацыі, дагэтуль ніводны з абвінавачаных пасьля 11 верасьня 2001 году не дабіўся апраўданьня, выкарыстоўваючы такую абарону.

Урэшце, ва ўсіх выпадках, калі асоба прыдумляе плян, каб зьдзейсьніць акт гвалту — і мае намер яго ажыцьцявіць — праваахоўнікі маюць абавязак дзейнічаць, каб абараніць грамадзтва. Нельга дазволіць асобам, якія маюць намер ажыцьцявіць акт гвалту, дзейнічаць бесьперашкодна, бо яны могуць зьдзейсьніць яго самастойна ці знайсьці іншых, хто пажадае ім дапамагчы".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG