Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 27 лютага. Вечарына памяці паэта Гуменюка, прэс-канфэрэнцыя Някляева, дні нараджэньня Радзівіла «Пане Каханку» і Стэйнбэка


Юры Гумянюк

Юры Гумянюк

Агляд падзеяў і датаў сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі


Падзеі дня

У офісе грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» ў Менску адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя Ўладзімера Някляева і Андрэя Дзьмітрыева. Яны адкажуць на пытаньні па тэме «Наш паход у прэзыдэнцкі год». Два галоўныя пытаньні: а) Хто замест Лукашэнкі ці Што замест Лукашэнкі? б) «Захоп» саветаў ці байкот выбараў. Пачатак аб 11 гадзіне.

У офісе АГП у Менску пройдзе круглы стол «Прыватызацыя ў Беларусі: паміж надзеяй, чаканьнем і рызыкамі, пагрозамі». Яго арганізуе экспэртная Рада пры АГП. Да ўдзелу запрошаныя Станіслаў Багданкевіч, Леанід Заіка, Яраслаў Раманчук, Леанід Злотнікаў, Барыс Жаліба, Антон Балточка, Марыя Акулава. Пачатак а 12 гадзіне.

У Менcку адбудзецца наўпроставая лінія з намесьнікам міністра ўнутраных справаў Беларусі — камандуючым унутранымі войскамі палкоўнікам Юрыем Караевым. Тэма — сучаснае аблічча і пэрспэктывы разьвіцьця ўнутраных войскаў МУС. Задаць пытаньне можна па тэлефоне (017) 223-84-24, 223-76-64.

У Менску ў чытальнай залі Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва адбудзецца вечарына памяці гарадзенскага паэта і журналіста Юрыя Гуменюка.

У Менску ў малой залі кінатэатру «Ракета» пройдзе рэтраспэктыва бразыльскага «новага кіно».

У Менску ў малой залі імя Шырмы Белдзяржфілярмоніі — Тэатар аднаго актора «Зьніч».

Гэты дзень у гісторыі

1612 — пачала працу друкарня ў Любчы пад Наваградкам. Усяго яна выпусьціла больш за 80 кніжак па-лацінску і па-польску. Галоўным чынам, гэта былі выданьні сьвецкага зьместу: антычныя і гістарычныя творы, практычныя дапаможнікі ў мэдыцыне, вэтэрынарыі і школьнай справе, літаратурныя творы.

1734 — нарадзіўся Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку», дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.

1864 — памёр Ян Канёва-Крашэўскі, беларускі шляхціц, харунжы Пружанскага павету.

Джон Стэйнбэк

Джон Стэйнбэк

1902 — нарадзіўся Джон Стэйнбэк, амэрыканскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі.

1903 — нарадзіўся Міхась Явар, беларускі паэт.

1933 — пажар Райхстагу ў Бэрліне.

1936 — памёр Іван Паўлаў, расейскі фізіёляг.

Цытата на памяць:

Якасьці, якімі мы захапляемся ў чалавеку — дабрыня, шчодрасьць, адкрытасьць, чыстасардэчнасьць, разуменьне, адчувальнасьць, — усе яны забясьпечваюць няўдачу ў нашай сыстэме. Тыя ж рысы, якія мы лічым гнюснымі — хітрасьць, сквапнасьць, прага нажывы, подласьць, нізасьць, эгаізм, своекарысьлівасьць, — усё гэта, наадварот, гарантуе посьпех. Людзі захапляюцца першым джэнтэльмэнскім наборам, але карыстацца яны любяць пладамі другога.

Джон Стэйнбэк
XS
SM
MD
LG