Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньняшняе падарожжа незвычайнае ўжо тым, што адбываецца яно ў Менску, але тычыцца жыхароў-пасажыраў, бадай, усёй краіны.

Карэспандэнт: «Вы сказалі, што збор подпісаў набыў агульнабеларускі характар…»

Талмачоў: «Так, самы паўднёвы званок — з Гомеля, самы паўночны — з краю Віцебскай вобласьці. Яны прызвычаіліся да аўтавакзалу, дзе ўтульна прыпыніцца і прывесьці сябе ў парадак…»

Карэспандэнт: «Спадар Віктар, як, калі і чаму нарадзілася ініцыятыва за захаваньне „Маскоўскага“?»

Талмачоў: «На пачатку году пайшла інфармацыя пра будаўніцтва тут Газпрамам адміністрацыйнага будынка. Мяне як старэйшыну мікрараёну „Ўсход“ атакавалі жыхары, якія прасілі ліквідаваць гэтую пагрозу. Я зьбіраю подпісы — цяпер іх 500, працэс ідзе безь перапынку. Мне праз паўгадзіны ідуць званкі, дзе паведамляюць людзі пра сваю заклапочанасьць — карыстаюцца лецішчамі, з прыгарадаў прыяжджаюць сюды па Віцебскім напрамку ды Лагойскім…»
Віктар Талмачоў

Віктар Талмачоў


Патлумачу. Мой суразмоўца — 73-гадовы спадар Віктар Талмачоў — як ён сябе называе, галоўны абаронца менскага аўтавакзалу «Маскоўскі». Днямі гэты невысокі, рухавы чалавек, кандыдат фізыка-матэматычных навук, стварыў грамадзкую ініцыятыўную групу па абароне «Маскоўскага». У тым, што людзі актыўна яго падтрымліваюць, пераканаўся на сходзе, які адбываўся проста перад уваходам у аўтавакзал.

Спадарства: «Я хадзіла прасіць кнігу скаргаў і прапаноў — сказалі, вам не дадзім, бо вы ў нас сёньня 52-я! Я хацела прапанаваць ня зносіць! Адміністратар сказала — месца ня хопіць…»
Я хадзіла прасіць кнігу скаргаў і прапаноў — сказалі, вам не дадзім, бо вы ў нас сёньня 52-я!

Талмачоў: «Хай другі том заводзяць!»

Хлопец: «Я прачытаў пра збор подпісаў і адмыслова прыехаў. Калі ўсё згрупуецца на „Цэнтральным“, гэта ж як будзе перагружаны пляц Незалежнасьці! І трэба ж неяк берагчы, што пабудавана нядаўна!»

Спадарства: «І хочуць зьнесьці ў 2013-м, які прэзыдэнт абвясьціў годам беражлівасьці і эканоміі!.. Мы ў Серабранцы жывем, едзем у Гарадзішча на лецішча — як нам з палачкай дабірацца? У аэрапорт, на працу езьдзяць… Хіба гэта па-гаспадарску — спачатку будаваць, а потым бурыць?! І гэта патураньне ад кіраўніцтва зьверху, у тым ліку ад Лукашэнкі!»

Талмачоў: «Праходзіць інфармацыя, што на базе „Маскоўскага“ будзе пабудавана і казіно. Ужо існаваньне „Аляксандравага пасажа“ выклікае рост бандытызму, зафіксаваны з боку расейцаў, якія адмываюць тут грошы, зьбіваюць менчукоў. Гэта павысіць крымінал у нашым спальным раёне…»

Да гісторыі пытаньня. У СМІ ўжо паведамлялася, што расейская кампанія «Газпрам» плянуе пабудаваць у Менску офіс-хмарачос на тэрыторыі аўтавакзала. Вакзальны будынак у 1999-м быў прызнаны «найлепшай пабудовай году». Паводле Мінстату, сутачная прапускная здольнасьць яго — 15 200 пасажыраў. Перад тымі паведамленьнямі быў візыт кіраўніка «Газпрому» Аляксея Мілера, дзе ён, стоячы цераз дарогу ад аўтавакзалу на агляднай пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі, публічна заявіў: «Хутка мы адтуль будзем так на бібліятэку глядзець». Пасьля ў афіцыйным друку раптам зьявіліся артыкулы, дзе «Маскоўскі» называўся «правінцыйным тварэньнем», а старшыня Менгарвыканкаму Ладуцька выказаўся, што «асаблівай каштоўнасьці вакзал ня мае». Нядаўна ж паведамілі, што рыхтуецца ўказ пра зьнішчэньне будынка.

Карэспандэнт: «Вы чыталі ў афіцыйным друку, што ваш праект назвалі „правінцыйным“?»

Навумаў: «Не. А хай мне пакажуць „сталічны“. Раней гэта была і „лятаючая талерка“, і „вакзал будучыні“. Чаму хочуць прыбраць — гэта грошы…»

…Мажны, спакойны чалавек скрушна пляскае рукамі пасьля майго пытаньня. Гэта мы сядзім у кватэры 70-гадовага спадара Мікалая Навумава, архітэктара будынка, ды разглядаем 5 міжнародных узнагарод за яго. Гаспадар паказвае падрыхтаваны ў Беларускім саюзе архітэктараў зварот, дзе адзначаецца, што зьнішчэньне аўтавакзалу азначае «ня толькі страту нацыянальнай культурнай каштоўнасьці, але і дэвальвацыю прысуджанай Прэзыдэнтам РБ Дзяржпрэміі». Тое, што адбываецца, мой суразмоўца ўспрымае як страту 12-гадовага кавалка жыцьця — столькі доўжылася будаўніцтва. Штодзённы і штоночны боль. Ён успамінае:
Мікалай Навумаў

Мікалай Навумаў


Навумаў: «Спачатку ўсё было ў тынку, а калі зьявіўся будынак, на які сталі зьвяртаць увагу,скарысталі граніт ды мармур, пасьля шкло ды алюміній, але дарагія — вітражы з чорнага мэталу, падлогі з маналітнай мазаікі. Уражаньне — „лятаючае“. І на першых нарадах гаварылі, што ён ня мае аблічча вакзалу. Я казаў, што на першы плян выходзяць самі машыны і навес стварае транспартны вобраз — з плястыку нямецкага. Кіраўніцтва кажа — „Мы можам перанесьці бяз стратаў, бо ён не загружаны“. Гэта надумана, бо ўсё залежыць ад гаспадара. Вакзал жа зроблены з улікам пэрспэктыўнага разьвіцьця гораду…»

Карэспандэнт: «Але, паводле Мінстата, ад „Маскоўскага“ ўтрая больш ідзе маршрутаў, чым ад „Цэнтральнага“…»

Навумаў: «Дзе непрыемнасьці для пасажыраў, бо трапляеш у заторы. І выезд адтуль — трэба мець розум на азадак пастаўлены! Паводле генпляну трэба было рабіць у заходнім кірунку вакзал і сувязь з мэтро. З гэтым вакзалам мы абхітрылі Маскву. Мы ў савецкія часы павіны былі агульны каштарыс узгадняць у Маскве, а 3 млн толькі зацьвярджае Менск. Мы разьбілі праект на аб’екты, безь якіх вакзал функцыянаваць ня можа. І атрымаўся кошт больш за 10 млн. А так бы Масква паставіла на ім крыж. А цяпер ім трэба паставіць газпромаўскую лапу на ўвесь Менск…»

* * *

Хаджу па залях «Маскоўскага». Разглядаю яго сёньняшнюю пакуль аўтавеліч — схему маршрутаў ад Афінаў да Осла, ад Адэсы да Парыжа. Пакуль 345 зь іх — у прыгарадных кірунках, 144 — у міжгародніх ды міжнародных.

Тым часам неафіцыйна супрацоўнікам паведамлена, што дапрацоўваюць яны «апошнія месяцы». Нават ананімна пра гэта «на мікрафон» са мной гаварыць адмаўляюцца. Акрамя прыбіральшчыцы, спадарыні Тамары — у яе, калі што, «пытаньне вырашана».

Карэспандэнт: «Вы чулі, што „Маскоўскі“ зносіць будуць?»

Прыбіральшчыца: «Ну і што? Я пэнсіянэрка — мне ўсё роўна, знайду іншую працу…»

Яшчэ адно інтэрвію перад уваходам.

Спадарыня: «На лецішча адсюль езьдзім на Лагойшчыну пад Сілічы заўжды. На „Цэнтральны“ перанясуць — хутчэй папуткамі даеду. І тут бясплатна я еду, а там трэба плаціць, і ўдвая. А ў мяне група…»

Пачуўшы нас, самі падыходзяць кіроўцы, што падвозяць пасажыраў адсюль штодзень — для іх гэта страта бізнэсу.

Спадар: «Наагул яго ня будзе? Расфармуюць хіба?»

Карэспандэнт: «А што вы будзеце рабіць?»

Спадарства: «Нічога — а што людзі будуць?! Вакзал мае два ордэны і адзін мэдаль!.. На „Цэнтральным“ ніводнай стаянкі таксі, і наагул — як людзям пад’ехаць? У любога кіроўцы спытайце — ніхто ня хоча туды ехаць!.. Мо ўсё будзе як мае быць — уздымаюцца людзі!»
У любога кіроўцы спытайце — ніхто ня хоча туды ехаць!

Я пабываў і на параўнальна нядаўна адчыненым пасьля рамонту «Цэнтральным». Замест назвы на фасадзе на ўсю сьцяну — рэкляма фірмы «Galileo». Двухпалосны ўезд — туды і назад. Тым ня менш ужо сёньня з «Маскоўскага» сюды перакінутыя колькі маршрутаў. А вось і першыя ўражаньні пасажыраў.

Карэспандэнт: «Вы далёка едзеце?»

Спадар: «Узда, сам мясцовы…»

Карэспандэнт: «А вы адпраўляліся з аўтавакзалу „Маскоўскі“?»

Спадар: «Ну зразумела! Раней заўжды з „Маскоўскага“ выяжджаў — а тут толькі ў 9:42 аўтобус, а потым пасьля 12 — на працу спазьняюся. Я Аляксандар, 28 гадоў…»

Дзяўчаты: «З „Цэнтральнага“ цяжка выяжджаць, калі перакрыта! Чым далей ад цэнтру гораду, тым лепей — я сама званіла ў Мінтранспарт…»

Карэспандэнт: «А калі з „Маскоўскага“ дададуць яшчэ сотню рэйсаў сюды — нармальна будзе?»

Дзяўчаты: «Не, вядома ж! Аўтавакзалы на ўскраіне гораду зносіць ня трэба. А „Маскоўскі“ прыгожы — „Усходні“ горш выглядае…»

Мяне своечасова папярэджваюць пра набліжэньне міліцыянтаў — аказваецца, гэта ўжо «рэжымны аб’ект». Я ж ізноў зьвяртаюся да размовы з «галоўным абаронцам», спадаром Талмачовым. Віктар Пятровіч у свае часы быў ініцыятарам і грамадзкай кампаніі па абароне Севастопальскага парку, церазь які зьбіраліся пракласьці трэцяе транспартнае кола. Клаўся пад бульдозэр, каб абараніць зялёную зону побач са сваім домам. Дарэчы, мае і вялікі досьвед «хаджэньня па інстанцыях», куды журналістаў не дапускаюць.

Карэспандэнт: «Што вам кажуць у Менгарвыканкаме?»

Талмачоў: «У вялікім засмучэньні ад заявы Мілера намесьніца старшыні Біліч Жана Эдуардаўна, адказная за транспарт і зьнешнеэканамічную дзейнасьць. У прыватнасьці, Дамарацкі, які адказвае за абслугоўваньне насельніцтва, прама сказаў, што мы пакінем у спакоі „Маскоўскі“. Тэрмін яго акупнасьці — 20 гадоў, а трэба, каб столькі ж прыносіў прыбытак…»

Карэспандэнт: «Перанос маршрутаў на „Цэнтральны“ падоўжыць час і зробіць іх даражэйшымі…»

Талмачоў: «Менавіта так. Заклапочаныя ўсе, каб зьменшыць загазаванасьць Менску, а тут плянава падаўжаюцца маршруты да цэнтру. У нас жа выйшаў — мэтро з аднаго боку і крыжавая аўтобусная сыстэма з другога…»

Карэспандэнт: «Але Лукашэнка, які пляскаў у ладкі пры адкрыцьці „Маскоўскага“, можа падпісаць указ аб яго закрыцьці. Значыць, гэта носіць палітыка-эканамічны характар…»

Талмачоў: «Так! Фінансавая сыстэма ў інфляцыйным стане, таму кіраўніцтва рада любым грошам. Але прывязка будынку Газпрома павінна праводзіцца ў адпаведнасьці з інтарэсамі жыхароў. Ёсьць магчымасьці за „Аляксандравым пасажам“ разьмесьціць, на мэтэагорцы, дзе хмарачосы будуць усталяваныя, на 9-м кілямэтры і нават ля Кургана славы, бо там выхад з аэрапорту ёсьць і магістральны напрамак на Маскву. І патрабаваць з Газпрома яшчэ большыя грошы за такія заявы — у рамках грамадзкага і дзяржаўнага суду гэта падлягае пакараньню…»

Карэспандэнт: «Магчымы знос аўтавакзалу памножыць антырасейскія настроі ў грамадзтве?»

Талмачоў: «Безумоўна! Выраз Мілера надзвычай цынічны. У прэсе патрэбны лёзунг — маскоўскі Газпром захоплівае аўтавакзал „Маскоўскі“! Калі тут будзе пастаўлена вежа, бібліятэка, якая зьяўляецца сымбалем культурнага цэнтру Менску, будзе нівэліраваная. Гэта закране і асабіста Лукашэнку і яго аўтарытэт як кіраўніка, які ня можа прывязаць інвэстыцыйны праект да канкрэтнай мясцовасьці. І я, як абаронца вакзалу, і ў далейшым прапаную менчукам сканцэнтраваць намаганьні супраць цынічнага разьмяшчэньня газпромаўскага адміністрацыйнага будынку на скрыжаваньні Філімонава і праспэкту Незалежнасьці…»

Карэспандэнт: «Rалі ішла барацьба за Севастопальскі парк, вы леглі пад машыны. За „Маскоўскі“ — можа такое паўтарыцца?»

Талмачоў: «Такі варыянт не выключаецца…»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG