Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі ўрад паставіў задачу да канца сакавіка атрымаць кантрольныя пакеты акцыяў у менскім холдынгу «Абутак-Прамень» і бабруйскім «Чырвоным харчавіку». Навошта ўлады гэта робяць? Чаму рыхтуюцца зьмены ў сыстэме ўладальніцкага нагляду ў акцыянэрных таварыствах? Якія наступствы для эканомікі будуць мець такія дзеяньні ўладаў?

Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і журналістка газэты «Белорусы и рынок» Тацьцяна Манёнак.

Навошта ўлады забіраюць уласнасьць?


Валер Карбалевіч: «Нацыяналізацыя дзяржавай акцыянэрных таварыстваў цягнецца ўжо пэўны час. Можна ўзгадаць, што раней былі нацыяналізаваныя прадпрыемствы „Пінскдрэў“, „Белмэдпрэпараты“, „Керамін“. Мінулай восеньню са скандалам забралі ў амэрыканскага бізнэсоўца Новікава кандытарскія фабрыкі „Камунарка“ і „Спартак“. Нядаўна, у лютым, улады абвясьцілі пра пляны нацыяналізаваць „Баранавічыдрэў“. І вось настала чарга менскага „Абутак-Праменя“ і бабруйскага „Чырвонага харчавіка“.
Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Тацьцяна Манёнак

Тацьцяна Манёнак

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч


Трэба нагадаць, што ў кастрычніку падчас той скандальнай нарады, на якой вырашаўся лёс кандытарскіх фабрык, Лукашэнка паставіў задачу вярнуць ва ўласнасьць дзяржавы ўсе прадпрыемствы, якія ў 1990-я гады былі акцыянаваныя. Навошта гэта робіцца? Якая тут лёгіка дзеяньняў улады?»

Барыс Жаліба: «Нацыяналізацыя, дэпрыватызацыя — гэта рух у процілеглы бок ад рынкавай эканомікі. Прычым адна справа, калі дзяржава вяртае ў сваю ўласнасьць стратнае прадпрыемства. Але ж тое самае адбываецца і з пасьпяховымі прадпрыемствамі. У такіх паводзінах праяўляецца сутнасьць аўтарытарнай эканомікі. Улада жадае ўсім кіраваць, усіх кантраляваць. Яна не давярае ўласьнікам, акцыянэрам».

Тацьцяна Манёнак: «Слова „нацыяналізацыя“ тут не пасуе. Бо нацыяналізацыя прадугледжвае кампэнсацыю ўласьнікам за забраную маёмасьць. А ў нашых выпадках улада нічога не кампэнсуе ўласьнікам.

Сапраўды, гэты працэс цягнецца даўно. Але апошнім часам ён актывізаваўся. Адна з прычын палягае ў тым, што Беларусь стала часткай адзінай эканамічнай прасторы разам з Расеяй і Казахстанам. Узмацняецца канкурэнцыя. І беларускія ўлады лічаць, што для ўзмацненьня канкурэнтаздольнасьці беларускай прадукцыі трэба ўзбуйніць структуры, стварыць холдынгі. І вось для гэтага трэба забраць маёмасьць у рукі дзяржавы.

Акрамя таго, можна атрымаць і прыбытак у дзяржбюджэт. Пераход у дзяржаўную ўласнасьць акцыянаваных прадпрыемстваў адбываецца для дзяржавы танна. А потым гэтыя прадпрыемствы можна прадаць стратэгічнаму інвэстару дорага. Так, мусіць, лічаць улады.
Пераход у дзяржаўную ўласнасьць акцыянаваных прадпрыемстваў адбываецца для дзяржавы танна

Акрамя таго, улады імкнуцца захаваць у дзяржаўнай уласнасьці харчовыя прадпрыемствы, каб трымаць невысокія цэны на тавары першай неабходнасьці і не справакаваць незадаволенасьць насельніцтва.

Яшчэ адзін аргумэнт. Вось у выпадку з прадпрыемствам „Баранавічыдрэў“ улады аргумэнтавалі яго пераход у дзяржаўную ўласнасьць тым, што яго гаспадары, акцыянэры не ўкладалі грошай у разьвіцьцё вытворчасьці. Але гэта цяжка зрабіць ва ўмовах, калі няма рынку акцыяў, калі ў патэнцыйнага інвэстара няма магчымасьці набыць кантрольны пакет акцыяў. А толькі ў гэтым выпадку ёсьць сэнс укладаць капіталы ў прадпрыемства. Ва ўладаў няма магчымасьцяў, рэсурсаў, каб разьвіваць адначасова ўсе прадпрыемствы, займацца іх мадэрнізацыяй. Гэта тупіковы шлях».


Зьмены ў сыстэме ўладальніцкага нагляду


Карбалевіч: «Бліжэйшым часам на разгляд у Нацыянальны сход будзе ўнесены праект закону аб прыватызацыі, які прадугледжвае зьмены ў сыстэме ўладальніцкага нагляду ў акцыянэрных таварыствах. Паводле іх нават у тыя акцыянэрныя таварыствы, дзе няма дзяржаўнай долі, але яны ствараліся ў працэсе прыватызацыі або на базе арэндных прадпрыемстваў, будуць прызначаныя прадстаўнікі дзяржавы. Інтарэсы мінарытарных акцыянэраў нават бязь іхнай згоды будзе прадстаўляць дзяржаўны чыноўнік. Экспэрты кажуць пра вяртаньне такім чынам інстытуту „залатой акцыі“ ў новай форме. Як гэта можна пракамэнтаваць?»

Жаліба: «Я згодзен з гэтымі экспэртамі. Улады аргумэнтуюць свае дзеяньні тым, што нібыта акцыянэрныя таварыствы ня лічацца з інтарэсамі дробных, гэта значыць мінарытарных, акцыянэраў. Гэта, як правіла, работнікі гэтых прадпрыемстваў ці пэнсіянэры, якія раней працавалі на гэтых прадпрыемствах. І сапраўды, былі факты, калі мінарытарным акцыянэрам не выплачвалі дывідэнды. Але гэта проста падстава, якую ўлады знайшлі, каб забраць прадпрыемствы ў сваю ўласнасьць.
Гэтыя прадпрыемствы будуць пазбаўленыя самастойнасьці

Пасьля прыняцьця гэтых заканадаўчых зьмен, пра якія вы казалі, улады будуць мець магчымасьць кантраляваць важныя рашэньні гэтых акцыянэрных таварыстваў. І гэтыя прадпрыемствы будуць пазбаўленыя самастойнасьці ў вытворчай, маркетынгавай палітыцы, у разьмеркаваньні прыбыткаў».

Манёнак: «Залатая акцыя» была адмененая ў 2008 годзе. Тады Расея абвясьціла, што зьменшыць прэфэрэнцыі беларускай эканоміцы. У такіх умовах беларускія ўлады заявілі курс на лібэралізацыю, прыватызацыю, супрацоўніцтва з МВФ.

Тады ж быў адменены мараторый на куплю-продаж акцыяў. Шмат дробных акцыянэраў прадалі свае акцыі, а некаторыя прыватныя кампаніі пачалі іх купляць. У выніку акцыі купілі кампаніі, якія былі непажаданыя беларускім уладам. Напрыклад. галоўным акцыянэрам прадпрыемства «Чырвоны харчавік» стала кампанія «Белцяжмаш», і гэта не спадабалася ўладам.

Таму ў 2011 годзе Лукашэнка выдае ўказ, паводле якога прыярытэтнае права на куплю акцыяў атрымалі аблвыканкамы і Менскі гарвыканкам. Прычым указ быў уведзены задняй датай, некаторыя зьдзелкі былі ануляваныя. Дзяржава атрымлівае акцыі праз дадатковую эмісію».


Якія наступствы для эканомікі будуць мець такія дзеяньні ўладаў?


Карбалевіч: «Нагадаю, што ў Інвэстыцыйным кодэксе, Грамадзянскім кодэксе зафіксаваныя гарантыі абароны ўласнасьці, маёмасьці для беларускіх і замежных інвэстараў. Апошнімі гадамі беларускія ўлады прыкладаюць вялікія намаганьні, каб стварыць у Беларусі спрыяльны інвэстыцыйны клімат. Прэзыдэнт паставіў задачу, каб наша краіна ўвайшла ў 30 найлепшых дзяржаў у сьвеце па ўмовах вядзеньня бізнэсу. Рэгулярна праводзяцца інвэстыцыйныя форумы. Пляны па прыцягненьні інвэстыцыяў разьвярстаныя па кожным раёне і прадпрыемстве. Як стасуюцца ўсе гэтыя намаганьні з палітыкай нацыяналізацыі акцыянэрных таварыстваў?»

Жаліба: «Супярэчнасьці адбываюцца ўвесь час. З аднаго боку, афіцыйныя асобы заяўляюць пра неабходнасьць прыцягненьня стратэгічных інвэстараў. Надрукаваныя сьпісы на прыватызацыю з 800 прадпрыемстваў. А зь іншага боку, прымаюцца рашэньні аб дэпрыватызацыі. Назіраючы за гэтым, сур’ёзныя замежныя інвэстары сюды ня пойдуць».

Манёнак: «Адна з прычын зьмены эканамічнай палітыкі палягае ў тым, што палепшыліся адносіны з Расеяй, Масква павялічыла субсыдыі беларускай эканоміцы за кошт ільготных цэнаў на энэргарэсурсы.

Але галоўная прычына такой палітыкі ў іншым. Лукашэнка неяк казаў кіраўнікам абласьцей, што ўласнасьць — гэта ўлада. Адзіная эканамічная прастора азначае стварэньне агульнага рынку капіталу. У яе межах павінны быць уніфікаваныя законы, правілы эканамічнай дзейнасьці. І беларускія ўлады баяцца адкрыць сваю эканоміку перад расейскім капіталам».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG