Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загад Лукашэнкі бізнэсоўцам не фінансаваць «пятую калёну» камэнтуюць прадстаўнікі апазыцыйных партыяў.

АГП мае фінансавую падтрымку ад беларускага бізнэсу, і падобныя заявы Лукашэнкі могуць яе толькі павялічыць, заявіў карэспандэнту «Свабоды» лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Сёньня самаадчуваньне беларускага бізнэсу такое, што ім час ужо прыйшоў пераходзіць да больш рашучых дзеяньняў. Тое, што дзяржава робіць цяпер зь бізнэсам, толькі стымулюе прадпрымальнікаў шукаць альтэрнатыву. Трэба дадаць, што вялікую колькасьць беларускага бізнэсу ўлада выштурхнула з краіны, і яны ўжо не баяцца беларускага КДБ ці падатковай».

Спадар Лябедзька ў цэлым ацэньвае заяву Лукашэнкі як «поўнае цемрашальства»:

«Як можа чалавек, які называе сябе кіраўніком дзяржавы, забараняць тое, што дазволена законам? Калі нейкі прадпрымальнік хоча ахвяраваць палітычнай партыі, АГП, якая афіцыйна зарэгістраваная, то ў гэтым няма нічога супрацьзаконнага. Гэта азначае, што або Лукашэнка ня ведае нават Канстытуцыі, законаў, якія сам стварыў, альбо робіць заявы па-за межамі здаровага сэнсу».

Падобную сваволю ў дачыненьні да сваіх грамадзян дазвалялі сабе хіба што ў СССР ці ў нацысцкай Нямеччыне, якія кепска скончылі, зазначыў спадар Лябедзька.

Сябра Партыі БНФ Юры Чавусаў кажа з гэтай нагоды, што беларускае заканадаўства і так моцна абмяжоўвае магчымасьці палітычных партыяў атрымліваць фінансаваньне:

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

«Ахвяраваньні ад прадпрыемстваў, фірмаў, карпарацыяў на дзейнасьць палітычных партыяў немагчымыя, таму што яны рэгулююцца нормамі Ўказу аб спонсарскай дапамозе, які не дазваляе фінансаваць дзейнасьць партыяў. Адзіная магчымасьць атрымліваць фінансаваньне — праз ахвяраваньні ад грамадзян, у тым ліку бізнэсмэнаў».

Разважаючы над тым, чаму Лукашэнка яшчэ раз прыгразіў беларускім прадпрымальнікам — «Не падтрымлівайце апазыцыю», Юры Чавусаў прызнаў, што ў сфэры прадпрымальніцтва ў Беларусі ўсё ж такі крыху больш свабоды, чым у палітыцы:

«Я б тут правёў паралель з працэсамі распродажу беларускіх прадпрыемстваў у Расею, якія цяпер актывізаваліся. Наш нацыянальны капітал не зацікаўлены ў тым, каб пераўтварыцца ў простага назіральніка за тым, як расейскія манаполіі будуць скупляць тут найлепшыя кавалкі ўласнасьці. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч нядаўна заявіў пра тое, што беларускі бізнэс павінен мець прыярытэтнае права на ўдзел у працэсах прыватызацыі. Лукашэнка ж не зацікаўлены нават у тым, каб такія думкі ў беларускага бізнэсу ўзьнікалі, бо ён пераўтварыў краіну ў лямбард. Беларускія прадпрыемствы ён аддаў у заклад узамен за расейскія крэдыты беларускаму рэжыму. Праз пэўны час нацыянальнага бізнэсу ў Беларусі можа не застацца ўвогуле».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG