Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Варкута: ГУЛАГу няма, але турма застаецца


Cталінскі Варкутлаг быў зачынены шэсьцьдзесят гадоў таму. Але горад, які вырас вакол яго ў арктычнай поўначы Расеі, фактычна застаецца турмой для многіх яго жыхароў. Карэспандэнт Радыё Свабода" Том Балмфарт наведаў Варкуту.

Ганна Крыкун зь цяжкасьцю чытае пажаўцелыя дакумэнты, якія сьведчаць пра тое, што яна была асуджаная на катаржныя працы ў адным з найбольш жорсткіх сталінскіх лягерах ГУЛАГу.

У 90 гадоў яе зрок слабее. Але яна памятае ўсё, як быццам гэта здарылася ўчора. Яна згадвае імя сьледчага, які катаваў яе «канвэерам» бяссоньніцы, пакуль яна не прызналася ў здрадзе радзіме і агітацыі супраць Савецкага Саюзу.

Гэта было ў 1946 годзе, у пакутах сталінскага тэрору, і Крыкун адправілі ў Варкуту — працоўны лягер, горад, пабудаваны палітычнымі зьняволенымі ў 1931-1957 гадах.

Сёньня гэты горад па-ранейшаму застаецца сынонімам пакутаў.

Ганна Крыкун

Ганна Крыкун

Вызваліўшыся ў 1957 годзе і далучыўшыся да сваёй маці, Ганна Крыкун не магла вярнуцца дадому, у крымскі горад Севастопаль. Яе дом быў разбураны падчас Другой сусьветнай вайны, дакумэнты на яго былі страчаныя, ні сябры, ні сям’я ня выжылі.

Ня могучы выехаць бяз грошай і кантактаў, Ганна заставалася ў Варкуце і састарэла тут:

«Чаму я павінна пакідаць гэты горад? Прынамсі, тут я ведаю, што рабіць, калі нешта здарыцца. Што стала б са мной, калі б я прыехала ў новы горад, старая і нікому не патрэбная?»

Вакзал у Варкуце

Вакзал у Варкуце

Сёньня ГУЛАГу даўно няма, ёсьць толькі жменька такіх людзей, як Крыкун, якія былі сьведкамі савецкіх рэпрэсій.

І ўсё ж больш чым праз паўстагодзьдзя, Варкута стала турмой для новага пакаленьня, якое таксама ня ў стане знайсьці спосаб, каб сысьці адсюль. Шмат хто кажа, што ім не хапае грошай, каб зьехаць, і яны апынуліся ў пастцы ў гэтым далёкім горадзе, які пакутуе ад спадчыны сталінскага экспэрымэнту шэсьцьдзесят гадоў пасьля яго сьмерці.

Многія зь іх нават ахвотна прыехалі ў Варкуту.

Уладзімір Жарук прыехаў у Варкуту з Украіны ў 1979 годзе 17-гадовым пачаткоўцам-геолягам. Ён быў гатовы кінуць выклік змрочнаму клімату ўзамен за больш высокую заработную плату і пэнсію на Поўдні.

Уладзімір Жарук

Уладзімір Жарук

Але праз трыццаць чатыры гады пасьля таго, як ён сюды прыехаў, Жаруку гэтак жа далёка ад ад’езду як і тады. Ён называе сябе адным з тысячаў «закладнікаў Крайняй поўначы».

Яго геалягічныя працы скончыліся ў 1990-х гадах, калі пляны геалягічнай выведкі былі адкладзеныя. Жарук працаваў на вугальных шахтах, каб зарабляць на жыцьцё, пасьля 2005 году пакутаваў ад цяжкай траўмы. Цяпер ён, жонка і двое сыноў жывуць на пэнсію каля 500 даляраў.

Летась толькі 117 пэнсіянэраў перасялілі з Варкуты ў іншыя гарады. З такімі тэмпамі, каб перасяліць усіх, хто чакае гэтага, зойме больш за стагодзьдзе. Жарук называе дзяржаўную праграму перасяленьня пажылых людзей «генацыдам». Ён сьцьвярджае, што ўлады наўмысна спрабуюць спыніць эміграцыю, каб трымаць горад на плыву.

Сёньня Варкута па-ранейшаму мае савецкі рэтра-выгляд. Цэнтральная вуліца Леніна упрыгожаная плякатамі з заклікамі да грамадзян здабываць больш вугалю для Радзімы. Банэры ад кіруючай Адзінай Расеі заклікаюць грамадзян «Пабудуем будучыню разам».

У 1931-57 гадах два мільёны зьняволеных з СССР і 21 іншых краінаў прайшлі тут праз сыстэму ГУЛАГу. Мясцовыя гісторыкі кажуць пра 200 тысяч палітычных зьняволеных, пахаваных у вечнай мерзлаце ў безыменных магілах.
XS
SM
MD
LG