Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ардэнаносец карупцыйнай акадэміі


ілюстрацыйнае фота
ілюстрацыйнае фота

Сябра прэзыдыюму Савету Рэспублікі, старшыня камісіі па эканоміцы Ўладзімер Панцюхоў мае ўзнагароду няіснай Акадэміі праблем бясьпекі, абароны і правапарадку — ордэн Пятра Вялікага другой ступені.

Пра гэтую ўзнагароду згадваецца ў афіцыйнай біяграфіі, разьмешчанай на сайце Савету Рэспублікі. Сама акадэмія, паводле расейскамоўнай Вікіпэдыі, была ліквідаваная пастановаю Вярхоўнага Суду Расеі ў 2008 годзе. Насуперак дзейнаму заканадаўству яна заснавала 73 віды ідэнтычных дзяржаўным узнагародаў, а таксама выдавала падобныя да дзяржаўных пасьведчаньні прафэсара і акадэміка. Паводле расейскай генпракуратуры, гэта ўсё «стварае ўмовы для карупцыйных праяваў і дыскрэдытуе дзяржаўную ўладу». З офіса арганізацыі ў Маскве вывезьлі заснаваныя ёю ордэны і мэдалі, афіцыйна прызнаныя несапраўднымі.

У размове з карэспандэнтам «Свабоды» Ўладзімер Панцюхоў паведаміў, што ніякіх вучоных званьняў ад той акадэміі ня мае.

«Я зьяўляўся актыўным памочнікам у прасоўваньні іх намераў па збліжэньні дзьвюх эканомік — Расеі і Беларусі, і ў тым ліку Кемераўскай і Магілёўскай абласьцей».

Карэспандэнт: «Але ж цяпер гэтая акадэмія ліквідаваная...»

Панцюхоў: «Цяпер, магчыма, і так. Але ж гэтай узнагародзе гадоў дзесяць. Гэта падчас станаўленьня нашай маладой рэспублікі адбывалася».

Карэспандэнт: «Акадэміяй займалася расейская Генпракуратура, і паведамлялася, што ўсе яе званьні, узнагароды ствараюць умовы для карупцыйных праяваў і дыскрэдытуюць дзяржаўную ўладу».

Панцюхоў: «Вось як. Ведаеце, я ні пра саму іх структуру, ні хто ў іх там кіраўнік, уяўленьня ня маю. Былі тры ўзнагароды на Магілёўскую вобласьць — першай ступені для Барыса Батуры, а таксама для мэра Магілёва Віктара Шорыкава і для мяне. Вось трое чалавек, якія пасьля візыту кемераўскага губэрнатара Амана Тулеева ў Магілёўскую вобласьць былі ўзнагароджаныя. Я тады быў кіраўніком спраў Магілёўскага аблвыканкаму. Потым мы туды ляталі да Тулеева, а потым прыйшлі і дакумэнты. Але гэта было так даўно, што я і забыўся пра гэта. Было прыемна на той момант».

Карэспандэнт: «А як выглядае гэты ордэн?»

Панцюхоў: «Круглая зорка, пасярэдзіне Петар Першы, а вакол нешта накшталт каменьчыкаў. Што гэта за каменьчыкі, сказаць цяжка. Памятаеце, быў адзін кліп, калі Сувораву на стужку чаплялі, вось нешта такое падобнае, вялікае, на паўдалоні. Маглі б упакоўку больш саліднай зрабіць, бо назва салідная, а астатняе так сабе. Але каб я з гэтым насіўся ці ганарыўся, дык такога няма. Як да звычайнага дыплёма аб заканчэньні машынабудаўнічага інстытуту — прыкладна такое стаўленьне».

Барыс Батура цяпер старшыня Менскага аблвыканкаму. У сваіх афіцыйных біяграфіях ён ня згадвае гэты ордэн Пятра Вялікага.

Затое цяперашняга кіраўніка спраў прэзыдэнта Віктара Шэймана ў афіцыйнай біяграфіі на сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА называюць, сярод іншага, прафэсарам Акадэміі праблем бясьпекі, абароны і правапарадку Расейскай Фэдэрацыі.

Ад 2000 да 2008 году акадэмія пасьпела ўручыць свае ўзнагароды беларускаму кіраўніку Аляксандру Лукашэнку, расейскаму палітыку Ўладзімеру Жырыноўскаму, былому лідэру басьнійскіх сэрбаў Радавану Караджычу і шмат каму яшчэ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG