Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плескачэўская крытыкуе кітайскі рэжым


Шматгадовы карэспандэнт АНТ і «СБ» ў Пэкіне Інэса Плескачэўская, вядомая сваёй ляяльнасьцю да кітайскіх парадкаў, нечакана скрытыкавала абмежаваньні для замежных журналістаў, зь якімі ёй даводзіцца мірыцца.

У інтэрвію парталу russian.china.org.cn Інэса Плескачэўская заявіла:

«Я працую ў Кітаі ўжо больш за 12 гадоў, была сьведкай важных падзей — трох зьездаў КПК, штогадовых сэсій Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў, Алімпіяды-2008. Калі шчыра, то лягчэй за ўсё журналістам было працаваць перад і падчас Алімпіяды — шматлікія абмежаваньні, звычайна вельмі жорсткія, былі зьнятыя або палегчаныя.

Але пасьля Алімпіяды многія такія абмежаваньні вярнуліся, што, вядома, ўскладняе нашу працу. Мне не падабаецца, што калі ты накіроўваеш запыт з просьбай аб інтэрвію, часьцей за ўсё не атрымліваеш ніякага адказу — ні станоўчага, ні адмоўнага. А калі атрымліваеш, то часьцей за ўсё адмоўны.

За столькі гадоў, на мой погляд, органы дзяржаўнага кіраваньня маглі б лепш наладзіць узаемадзеяньне з замежнымі журналістамі, усё ж такі наша праца аказвае пэўны ўплыў на фармаваньне грамадзкай (і ня толькі грамадзкай, але часьцяком і афіцыйнай) думкі аб Кітаі ў нашых краінах. Мне не падабаецца, што журналістам па-ранейшаму трэба атрымліваць спэцыяльны дазвол, напрыклад, для таго, каб паехаць у Тыбэт. Я марыла пабываць там як турыст — агледзець славутасьці, убачыць пэйзажы, але ў мяне няма такой магчымасьці, і я лічу, што гэта няправільна».
XS
SM
MD
LG