Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Італіі: мінімальная перавага левых


На выбарах у парлямэнт Італіі зь мінімальным адрывам перамагла левацэнтрысцкая кааліцыя. Пра гэта сьведчаць афіцыйныя дадзеныя МУС краіны, які выконвае функцыі цэнтарвыбаркама.

Паводле папярэдніх вынікаў выбараў у італьянскі парлямэнт, падобна, абедзьве яго палаты будуць падзеленыя паміж правымі і левымі. Розьніца галасоў за кандыдатаў ад левага цэнтра і апанэнтаў з правацэнтрысцкай кааліцыі Сыльвіё Бэрлюсконі ў ніжнюю палату склала менш за адзін працэнт — 29,56% і 29,17% адпаведна.

Адрыў ў 0,4% галасоў дае ўсе падставы для пераправеркі вынікаў галасаваньня. Пра гэта ўжо заявілі кааліцыі Бэрлюсконі. У сваю чаргу прадстаўнік боку-пераможцы адзначыў, што левацэнтрысцкая кааліцыя з усёй адказнасьцю ставіцца да вынікаў выбараў.

На галасаваньні ў Сэнат (верхнюю палату) левы цэнтар набраў 31,6% галасоў, што на 1% больш, чым у правацэнтрыстаў — 30,7%. Гэтага недастаткова для таго, каб атрымаць 158 мандатаў, якія гарантуюць большасьць.

Выбары ў Італіі праходзяць на фоне глыбокай рэцэсіі і строгіх мер эканоміі. Яны азначаюць сабой вяртаньне краіны да паўнавартаснай дэмакратыі пасьля роспуску тэхнакратычнага ўрада Марыё Монці, чые спробы зрэзаць выдаткі выклікалі незадаволенасьць у грамадзтве. Аналітыкі зазначаюць,што для фармаваньня ўстойлівага ўрада можа спатрэбіцца правядзеньне перавыбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG