Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незаконныя сьвіньні


Пад Рэчыцай у прыдарожным лесе дажывае апошнія тыдні гаспадарка індывідуальнага прадпрымальніка Пятра Зыкава. Невялічкі ўчастак зямлі ён атрымаў некалі для расьпілоўкі лесу, але апошнім часам гадаваў там сьвіней. Цяпер ня можа іх прадаць: улады кажуць — не на тое зямлю давалі.

Пакуль прадпрымальнік Зыкаў адбіваўся ад розных камісіяў, пад цяжарам сьнегу абрынуўся дах над ягонай піларамай. І цяпер сядзіба Пятра выглядае як пасьля дзесяцібальнага землятрусу.

Да таго ж прадпрымальнік кажа, што апошнім часам яго замучылі розныя праверкі й камісіі. Працягваць бізнэс больш не выпадае:

«Месяцы два езьдзілі да мяне ўсе — і падатковая, і санстанцыя, і экалёгія, і пажарнікі. Замучылі!»

Пятро Зыкаў у раней працаваў кіроўцам у Рэчыцкай управе тэхналягічнага транспарту «Беларуснафты». Бываў нават на поўначы Расеі, дзе распрацоўваліся нафтавыя радовішчы. Але ў 90-я гады «бадзяжны» лёс надакучыў, і Зыкаў вырашыў стала заняцца прадпрымальніцтвам. Яму ўдалося набыць пілараму. Горш было з афіцыйным афармленьнем зямельнага ўчастка пад яе. Але ўрэшце ў 2003 годзе Рэчыцкі райвыканкам выдзеліў у Зарэчанскім лясьніцтве 76 сотак пад цэх апрацоўкі драўніны. Зыкаў кажа, што паспрыяў гэтаму былы старшыня аблвыканкаму.
Піларама пасьля абрушэньня

Піларама пасьля абрушэньня


Але «драўляны» бізнэс прадпрымальніка з кожным годам мізарнеў, як шчыгрынавая скура. Кошт лесу для прыватнікаў рос празьмернымі тэмпамі. Былі й іншыя перашкоды:

«Зямлю мне далі для перапрацоўкі лесу. Калі кошт лесу падняўся, ня стала выгады й блізка. Людзей нельга наняць, толькі сваю сям’ю. Дык што я сваёй сям’ёю зраблю зь лесам? Са сьвіньнямі ўдваіх я яшчэ ўпраўлюся. А зь лесам трэба сама меней трыццаць чалавек. І вось яна сышла, уся лясная дзейнасьць. Кінуў гэты лес і не хачу яго нават бачыць. Няхай ужо, хто хоча, сячэ яго й пілуе».
Застылыя лесавозы

Застылыя лесавозы


Калі разьляцеўся «драўляны» бізнэс, Пятро прыдумаў сабе іншы занятак:

«Я кінуў гэты лес. Пачаў гадаваць сьвіней. Выгадаваў, а цяпер не магу іх рэалізаваць — хоць забіся. Восем месяцаў тузаюся — на рынак мяне не пусьцілі. Не далі дакумэнтаў, даведку не далі з пасялковага савету, і вось я не магу збыць сорак галоў сьвіней».
Сьвіньні Зыкава

Сьвіньні Зыкава


Прадпрымальнік доўга шукаў, да якога сельскага савету належаць ягоныя землі. Да Зарэчанскага пасялковага савету — усяго каля двух кілямэтраў. Туды найперш і падаўся Зыкаў, каб атрымаць дакумэнт, што ён ня скраў, не скупіў, а сам выгадаваў сьвіней:

«Я паехаў у Зарэчча ў пасялковы савет — старшыня не дала даведку. Паехаў у Заходы ў сельскі савет — таксама не далі. Проста яны б’юць народ па руках, каб не трымалі жыўнасьць. Так атрымліваецца».

З такімі выказваньнямі прадпрымальніка ў тым жа Зарэчанскім пасялковым савеце не пагаджаюцца:

«Яму нават старшыня райвыканкаму ня даў такой даведкі. Гэтай справай цяпер займаецца пракуратура. На ўчастку пад цэх дрэваапрацоўкі ён набудаваў хлявоў і незаконна вырошчвае сьвіней у прамысловых маштабах без усякага дазволу. І яшчэ хоча, каб даведкі яму выдалі і селі ў турму за гэта».
Указаньне пракуратуры

Указаньне пракуратуры


Пятро стаў высьвятляць, у якім сельсавеце ўсё ж ягоныя 76 сотак? Яны ж не паміж небам і зямлёю? Урэшце землеўпарадкавальная служба пісьмова паведаміла: гэта тэрыторыя Заходаўскага сельскага савету. Заадно землямеры выявілі, што прадпрымальнік самавольна прыгарадзіў да сваёй гаспадаркі сямісоткавы загон — і праз суд запатрабавалі, каб Зыкаў сплаціў 28-мільённы штраф.

Сьледам пракуратура ў межах каардынацыі барацьбы са злачыннасьцю і карупцыяй дала ўказаньні шасьці раённым службам праверыць гаспадарку Зыкава. І гэта канчаткова выбіла 64-гадовага прадпрымальніка з працоўнай каляіны:

«Надакучылі ўсякімі гэтымі праверкамі. Не хачу нават і гаварыць. Няхай працуе той, што зайдросьціў і быў крывасмокам».
Гаспадарская хата

Гаспадарская хата


У Пятра Мікалаевіча цікавімся, чаму ён усё-ткі не перааформіў сваю гаспадарку як фэрмэрскую, а пачаў, паводле чыноўнікаў, самавольна вырошчваць сьвіней:

«Фэрмэрства экалёгія не падпісала. На гэтым усё й затармазілася. Зямлю мне 27 гектараў каля Васількова давалі, тут недалёка. Але экалёгія не падпісала мне паперы. Пажарнікі падпісалі, усе падпісалі, а экалёгія — не. Сьцёкаў няма тут — толькі з даху, калі дождж ці сьнег. Сорак галоў сьвіней — які тут сьцёк?»

Тое, што прадпрымальнік стаў разводзіць сьвіней, ні для кога не было сакрэтам. Паглядзець ягоную гаспадарку наяжджалі нават кіраўнікі раёну. Не цяперашнія, а папярэднія:

«Калі я жыўнасьць разьвёў, тут былі старшыні райвыканкамаў — Баранаў, Шостак не адзін раз прыяжджаў. Хвалілі. Пахадзілі па хлявах, паглядзелі: усё добра. Потым усё гэта абярнулася супраць мяне».
Падворак

Падворак


Цяжкай і нэрвовай працай прадпрымальнік не нажыў вялікага багацьця:

«Дваццаць гадоў я працаваў, але нічога фінансава не займеў. Толькі на жалезьзе й працаваў. Хацеў дапамагчы ўнучцы, каб вывучыць яе. Слава Богу, вывучыў. Усё, зь мяне хопіць. У бліжэйшы час я ўсё тут закрыю».

Зыкаў папрасіў Рэчыцкі райвыканкам працягнуць арэнду, якая сканчаецца ў красавіку, да канца гэтага году, каб прадаць пілараму, старыя лесавозы, дрэваапрацоўчыя станкі. І, вядома, збыць вырашчанае пагалоўе сьвіней.

Рэчыцкі прадпрымальнік, актывіст кампаніі «Гавары праўду» Алег Шабетнік, які разьбіраўся ў справах Пятра Зыкава, дзівіцца, што мясцовыя ўлады завязалі тугі вузел вакол лясной гаспадаркі працавітага чалавека:

«Тут, выглядае, найшла каса на камень. Чыноўнікі проста ня хочуць рэальна ўзяцца за праблему. Яе можна вырашыць вельмі проста: даць чалавеку магчымасьць прадаць. Ды гэта ж нармальна, што чалавек вырасьціў гэтых сьвіней, паколькі не было чым заняцца іншым. Ён жа іх вырасьціў — ня ўкраў, не прыгнаў зь лесу дзікоў. Гэта ж бачна, што чалавек працуе й вырошчвае».
Пётар Зыкаў

Пётар Зыкаў


Сам Пётар Зыкаў ад крыўды прыдумляе розныя варыянты, каб назаўсёды разьвязацца з прадпрымальніцтвам:

«Я — араў. Правільна ці няправільна, але я працаваў. І працаваў церазь сілу. Вельмі крыўдна, ажно слоў няма, так крыўдна. Я хацеў ужо да райвыканкаму адвезьці й выгрузіць гэтых сьвіней. Навырошчваў і не магу збыць — сам я ня ў сілах зьесьці столькі. Напэўна, прыйдзецца, калі сыдзе сьнег, у лес іх выганяць — і няхай ваўкі там разьбіраюцца».
XS
SM
MD
LG