Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяржава натхнёна хоча забраць сабе акцыі»


Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

Беларускі ўрад паставіў задачу да канца сакавіка атрымаць кантрольныя пакеты акцый у менскім холдынгу «Абутак-Прамень» і бабруйскім «Чырвоным харчавіку». Чаму ўлады, з аднаго боку заяўляючы курс на мадэрнізацыю, зь іншага — фактычна праводзяць нацыяналізацыю? Як на гэта могуць адрэагаваць патэнцыйныя інвэстары ў беларускую эканоміку? На гэтыя пытаньні адказвае дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман.

— Чаму ўжо ня першае прадпрыемства становіцца ахвярай нацыяналізацыі? Чаму чыноўнікі вырашаюць, што нацыяналізацыя становіцца адзіным рычагом, каб паправіць сытуацыю на гэтых прадпрыемствах?

— Я б не сказаў, што гэтак лічаць дзяржаўныя чыноўнікі. Найхутчэй, тыя выпадкі, якія ўжо былі — доказ таго, што Аляксандар Лукашэнка быў незадаволены тым, што некаторыя бізнэсоўцы могуць дзейнічаць, карыстаючыся чыста камэрцыйнымі інтарэсамі і не зважаючы на палітычныя інтарэсы самога Лукашэнкі.

Таму тыя ранейшыя два выпадкі — з «Камунаркай» і «Спартаком» — далі штуршок да наступных працэсаў. Наколькі я ведаю, па «Абутку-Прамень» ужо каля году доўжыцца справа, і дзяржава натхнёна хоча забраць сабе гэтыя акцыі. Таму пытаньне хутчэй пра тое, што Лукашэнка хоча кантраляваць цалкам усе працэсы, якія праходзяць на гэтых прадпрыемствах, складаць нейкую мазаіку эканамічных працэсаў, якая супадала б зь ягонымі палітычнымі.

— Ці ня могуць гэтыя дзеяньні па нацыяналізацыі палохаць замежных інвэстараў?
Многія, ведаючы ўсе рызыкі ў Беларусі, шукаюць тут вялікія і рызыкоўныя прыбыткі

— Цалкам дакладна, што яны іх вельмі палохаюць. Я асабіста размаўляў за апошнія месяцы зь бізнэсоўцамі з розных краінаў Захаду, і яны ведаюць пра ўсе гэтыя выпадкі. Нават тыя, хто праяўляў пэўную зацікаўленасьць, цяпер страцілі ўсялякі інтарэс. Я не кажу, што зусім няма ніякай цікавасьці, бо многія, ведаючы ўсе рызыкі ў Беларусі, шукаюць тут вялікія і рызыкоўныя прыбыткі. Аднак нармальнага і цывілізаванага прыходу інвэстараў ня можа быць.

Іншая справа, відавочна, што для некаторых людзей у атачэньні Лукашэнкі ўся гэтая схема накіравана не на тое, каб сюды прыўнесьці інвэстыцыі і мадэрнізацыю. Іхняя мэта — каб праз гэтыя працэсы нацыяналізацыі стань ценявымі ўласьнікамі гэтых прадпрыемстваў, а потым, празь некалькі гадоў, стаць і фактычнымі ўласьнікамі. Такія інтарэсы, відавочна, ёсьць у шмат каго з намэнклятуры.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG