Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: Шэсьце на Бангалор «бамбяць» гэбэшныя тролі


У панядзелак на прэс-канфэрэнцыі з нагоды сёлетняга Дня Волі арганізатары распавялі пра свой плян сьвяточных мерапрыемстваў.

Заяўка на вулічнае шэсьце і мітынг у нядзелю, 24 сакавіка, пададзеная ў Менгарвыканкам. Шэсьце мае распачацца ад Батанічнага саду і завяршыцца мітынгам на плошчы Бангалор.

У гэты ж дзень аргкамітэт плянуе правесьці ўрачысты сход у Палацы культуры трактарнага заводу, дзе выступяць гісторыкі і музыкі з так званага «чорнага сьпісу».

«Многім яшчэ патрэбны „лікбез“ і раскрыцьцё самога факту — чым ёсьць 25 сакавіка. — сказаў сябра аргкамітэту, старшыня АГП Анатоль Лябедзька. — Са свайго боку мы будзем рабіць акцэнт на тым, што сёньня на парадку дня надзвычай актуальна стаіць пытаньне абароны эканамічнага сувэрэнітэту Беларусі».

Акрамя Анатоля Лябедзькі ў прэс-канфэрэнцыі ад імя аргкамітэту ўзялі ўдзел Уладзімер Някляеў, Юрась Губарэвіч, Аляксей Янукевіч, Віктар Івашкевіч і Дзяніс Садоўскі.

«Ня так шмат у нас па-сапраўднаму гістарычных дат і гістарычных постацяў, — заўважыў Уладзімер Някляеў. — Дата 25 сакавіка і постаць Кастуся Каліноўскага — з гэтага шэрагу. Сёлета яны, нібыта, сышліся разам. І паглядзіце, што адбываецца: менавіта гэткія даты і постаці ўлады асабліва аспрэчваюць. Мне ўжо некалькі людзей казалі, маўляў: вось вы там ізноў прыдумалі — шэсьце на Бангалор — што гэта такое?! Але ж трэба глядзець, што рэальна адбываецца: тут нават правесьці сход — і тое яшчэ невядома, ці атрымаецца. А калі вам надта хочацца нешта зрабіць большае, чым сёньня здольная дэмакратычная апазыцыя, то — калі ласка, далучайцеся. Дык не — зараз гэбэшныя тролі будуць „бамбіць“, што яны там пойдуць на Бангалор абдымацца з рэжымам на канапах, а самі будуць сядзець на гэтых канапах і нічога не рабіць».

Інфармацыйная кампанія Дня Волі будзе арганізаваная праз налепкі-улёткі, а таксама праз інтэрнэт. Сябра аргкамітэту Віктар Івашкевіч заклікаў далучацца да кампаніі ўсіх неабыякавых людзей. Адначасна чальцы аргкамітэту заяўляюць, што пакуль ня маюць акрэсьленага пляну дзеяньняў на выпадак таго, што ўлады не задаволяць заявак на вулічную акцыю і ўрачысты сход.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG