Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эўрапейскае дзеяньне» пасадзілі на суткі

абноўлена

Суд Цэнтральнага раёну Менску арыштаваў затрыманых сяброў руху «Эўрапейскае дзеяньне» на тэрмін ад 2 да 15 сутак. На бальшыню працэсаў праваабаронцы трапіць не змаглі.

15:20 Праваабаронца Наста Лойка распавяла, што рух «Эўрапейскае дзеяньне» ўпершыню трапіў пад увагу праваабаронцаў. Спачатку яго прадстаўнікі зьвярнуліся па падтрымку, а потым, калі пачалі даваць арышты, то папрасілі не называць іх прозьвішчы.

Наста Лойка адзначае, што прадстаўнікі «Эўрапейскага дзеяньня» пераконвалі праваабаронцаў, што зважаюць выключна на культурніцкія аспэкты і культурніцкія мэтады дзеяньня. Яна адзначыла, што яны былі затрыманыя беспадстаўна, бо нічога не рабілі:

«Якімі мэтадамі і чым яны займаюцца, мы цяпер будзем удакладняць. Але тое, што іх судзяць на такія вялікія тэрміны арышту, вядома, прымушае задумацца,чым яны ўсё ж займаліся і каму гэтая дзейнасьць магла не спадабацца. Ёсьць, на жаль, шэраг праблемных катэгорыяў нетыповых у Беларусі, адносна якіх насамрэч цяжка даць ацэнку пра мірнасьць ці нямірнасьць іх мэтаў і мэтадаў дзейнасьці. І пра іх мы, на жаль, мала што ведаем. Таму мы вырашылі адсачыць працэсы, і тое, што мы ўбачылі, абсалютна азадачвала. Бо абыходзяцца зь імі, як з бальшынёй апазыцыйных актывістаў. У нас вялікія сумневы пра справядлівасьць судовых разбораў. Стандарты справядлівых судовых паседжаньняў павінны быць агульныя для ўсіх».

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
15:00 Лідэр «Плятформы» Андрэй Бандарэнка сказаў, што ўпершыню бачыў прадстаўнікоў «Эўрапейскага дзеяньня». Ён сказаў, што сярод затрыманых і арыштаваных на 15 сутак быў валянтэр «Плятофрмы» Анатоль Наўмовіч. Ці ён быў там зь сябрамі, ці ён там апынуўся выпадкова, пакуль сказаць цяжка. Аднак яго ўразіла тое, як судзілі затрыманых:

«Гэта чарговыя навацыі беларускай судовай сыстэмы. Я з такім сустрэўся ўпершыню. Прывезьлі затрыманых, каля 15 чалавек, пасадзілі ў асобны пакой. А потым па адным пачалі разводзіць па розных судзьдзях. Мы паспрабавалі хаця б да некаторых затрыманых трапіць на працэс. А тое, што адбывалася далей, — гэта стандартная сытуацыя, якая адбываецца ва ўсіх адміністрацыйных працэсах. На працэсах, дзе я прысутнічаў, быў камандзір атраду АМАП Андрэй Белы, які паказаў, што затрыманы лаяўся матам, чым зьневажаў прысутных і не рэагаваў на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі. Затрыманы Грышановіч сказаў, што ўпершыню бачыць гэтага начальніка атраду, што яго затрымлівалі людзі ў цывільным. І што яны не маглі зьневажаць прысутных, бо знаходзіліся на даволі вялікай адлегласьці ад прыпынку. Пасьля гэтага судзьдзя папрасіў нас выйсьці і потым нас наагул выдалілі з будынку суду. Прычым людзі ў цывільным, якія не называліся. І на нашы заўвагі, што парушаецца права чалавека на абарону, мне асабіста пачалі пагражаць, што калі я ня выйду, то са мной расправяцца ў будынку суду».

13:40 Паводле праваабаронцаў, якія назіраюць за працэсам, затрыманым актывістам даюць 10–15 сутак, калі яны не прызнаюць віны. Калі прызнаюць, то двое сутак арышту. На суды практычна нікога не пускаюць. На двух зь іх удалося пабываць праваабаронцу Андрэю Бандарэнку. У перапынак на абед усім, хто хацеў трапіць на працэс, сказалі пакінуць памяшканьне. Праваабаронцы не выключаюць, што падчас абеду астатніх дасудзяць. Актывісту Анатолю Наўмовічу далі 15 сутак.

12:40 Актывістаў прывезьлі да будынку суда і пакуль трымаюць у міліцэйскай машыне.

Затрымана каля дзесяці актывістаў, сярод якіх Анатоль Наўмовіч, Мікіта Салановіч, Мікіта Казлоў. Паводле праваабаронцаў, ноч яны правялі ў турме на Акрэсьціна.

Як паведаміў карэспандэнту «Свабоды» адзін зь сяброў руху, актывісты нібыта хацелі выехаць на прыроду і правесьці там спартыўныя мерапрыемствы. Але на месцы збору каля «Менск-арэны» іх сустрэў аўтазак. Супрацоўнікі міліцыі патрабавалі выдаць ім сьцяг, якога не было, і абвінавацілі маладзёнаў у тым, што яны нібыта лаяліся матам і кідаліся на мінакоў.

Незарэгістраваны рух «Эўрапейскае дзеяньне» дагэтуль ніяк не праяўляў сябе на беларускай прасторы. Сябры руху заяўляюць, што не зьяўляюцца ані партыяй, ані аб’яднаньнем і «ставяць на мэце палітычна-культурнае абнаўленьне ўсяе Эўропы, выступаюць за адзіную Эўропу». Аднак сайт «Дзеяньня» выклікае пытаньні адносна ідэалягічнай скіраванасьці руху, які агрэсіўна выступае супраць прынцыпаў паліткарэктнасьці.

Прадстаўнік руху «Эўрапейскае дзеяньне» сказаў, што ўсіх ягоных сяброў шакавалі затрыманьні 24 лютага. Ён таксама пракамэнтаваў абвінавачаньні ў нэанацызьме, якія зьявіліся на форумах на адрас руху:
Мы займаемся культурна-асьветніцкай дзейнасьцю, і ні пра які нацызм ня можа ісьці і гаворкі

«Гэта правакацыя нейкая. Абсалютна не. Мы займаемся культурна-асьветніцкай дзейнасьцю, і ні пра які нацызм ня можа ісьці і гаворкі. Калі гэтыя камэнтатары зойдуць на наш сайт і ў нашу суполку, то зразумеюць, што гэта ня так. Мы не падзяляем мэтаў нэанацызму, мы зьяўляемся панэўрапейскім рухам. Мы выступаем за эўрапейскую кансалідацыю і павышэньне сьвядомасьці беларусаў, каб яны ўсьвядомілі сябе часткай эўрапейскай сям’і. Мы выступаем за адраджэньне нашых культурных традыцый і здаровы лад жыцьця. Мы не вітаем Гітлера і таго, што ён рабіў, мы не прыхільнікі яго палітыкі. Гэта правакацыя».

Рух існуе каля году, займаецца дабрачыннай дзейнасьцю, дапамагае сіротам. Таксама арганізаваў сьвята ў гонар зімовага сонцастаяньня. А што азначае жоўты крыж на сінім сьцягу руху?

«Гэта як альтэрнатыва сьцягу Эўразьвязу. Сіні і жоўты — гэта традыцыйныя эўрапейскія колеры. І наш крыж — гэта крыж крыжакаў, таксама эўрапейскі сымбаль. Гэта ня свастыка. Яго яшчэ называюць ерусалімскім крыжам, крыжам Гроба Гасподня. Гэты крыж выкарыстоўваецца ў эўрапейскай культуры. Гэта старажытны эўрапейскі сымбаль».

Чаму ўлады так жорстка адрэагавалі на рух «Эўрапейскае дзеяньне»?

«Мы нешта новае робім, і таму, напэўна, намі зацікавіліся. На палітычнае поле мы ніколі не станавіліся. Таму гэтае затрыманьне было шокам для ўсіх, ніхто не чакаў гэтага».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG