Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прычыны выбуху на вуліцы Пляханава дагэтуль высьвятляюцца (відэа зь месца)

  • БелаПАН

На месцы надзвычайнага здарэньня ў шматпавярховым доме па вул. Пляханава ў Мінску, дзе 23 лютага адбыўся выбух і пажар, працуе адмысловая камісія. Жыхары дома часткова адселеныя.

Як паведамілі БелаПАН у Міністэрстве па надзвычайных сытуацыях, сёньня ў 9.00 пачала працу адмысловая камісія па вызначэньні цэласнасьці будаўнічых канструкцыяў дома. З прычыны ўзьнікненьня пагрозы абвальваньня будаўнічых канструкцыяў пад’езду прынята рашэньне пра эвакуацыю жыхароў пад’езду № 10, а таксама чатырох кватэраў дзявятага пад’езду. Яны часова расьселеныя: частка — у сваякоў, частка — у найбліжэйшай дзяржаўнай установе адукацыі «Ясьлі-сад № 315 г. Менску».

23 лютага ў 16 гадзін 43 хвіліны ў цэнтр апэратыўнага кіраваньня Менскага гарадзкога ўпраўленьня МНС паступіла паведамленьне пра выбух па адрасе вул. Пляханава, 85. Да месца здарэньня былі скіраваныя 25 адзінак тэхнікі МНС, 11 брыгадаў хуткай мэдычнай дапамогі і аварыйная брыгада УП «Мінгаз».

Пасьля прыбыцьця ў 16.48 да месца выкліку ратавальнікі выявілі гарэньне ў дзьвюх кватэрах на дзявятым паверсе дзевяціпавярховага жылога дома. У гэтых кватэрах адбылося разбурэньне перагародак, абвальваньне плітаў перакрыцьцяў на плошчы прыкладна 30 кв. мэтраў. Пажар лякалізаваны ў 17.16, ліквідаваны ў 18.03.



Падчас аварыйна-ратавальных працаў супрацоўнікамі МНС выратаваныя 9 чалавек, эвакуяваныя 22 чалавекі. У выніку выбуху нязначна пацярпелі пяць чалавек, адна грамадзянка дастаўленая ў Гарадзкую клінічную бальніцу хуткай мэдычнай дапамогі з атручваньнем прадуктамі гарэньня (пазьней была адпушчаная з бальніцы).

У адной з кватэраў, дзе здарыўся пажар, выяўленыя абгарэлыя целы двух загінулых, асобы якіх вызначаюцца.

Паводле інфармацыі Менскага гарадзкога ўпраўленьня МНС, на месцы надзвычайнай сытуацыі працягваецца праца па ўмацаваньні бэтонных перакрыцьцяў на восьмым і дзявятым паверхах пры дапамозе спэцыяльных распорак, разборка абваленых будаўнічых канструкцыяў.

Цяпер у дзясятым пад’езьдзе адключаныя газ і электрычнасьць ў 18 кватэрах.

Прычына здарэньня высьвятляецца. На месцы працуе камісія па надзвычайных сытуацыях пры Менгарвыканкаме.
XS
SM
MD
LG