Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Дашкевіч: нібыта ходзіш за Зьмітром па турэмных калідорах


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Палітвязень Зьміцер Дашкевіч працягвае дасылаць на волю свае ўспаміны-аповяды пра турэмнае жыцьцё, ў якіх таксама разважае пра актуальныя праблемы грамадзтва.

У апошнім аповядзе «Гумавы тапак», які ўжо зьявіўся ў незалежных мэдыях, Дашкевіч піша як два гады таму ён апынуўся ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў адной камэры з генэралам і дырэктарам заводу. Тут Зьміцер таксама разважае пра стаўленьне да беларускай мовы грамадзянаў краіны, ў тым ліку тых, хто апынуўся за кратамі.

Дашкевіч шмат піша пра парадкі на «Валадарцы». Жонка палітвязьня Наста Дашкевіч сказала, што калі рыхтавала гэты аповяд да друку, думала, ці не выкрасьліць доўгае і падрабязнае апісаньне дарогі з камэры ў прагулачны дворык. Але потым вырашыла яго пакінуць.

«Ён дае нам магчымасьць акунуцца ў гэтае турэмнае жыцьцё, пабыць побач, пабыць нібыта за сьпінай ягонай, паназіраць за тым, куды яго вядуць, зь кім ён сутыкаецца, як яго ўспрымаюць. Мне здаецца, што гэта вельмі важна. Мы часта не ўяўляем, як жывуць там палітвязьні. А дзякуючы лістам Зьмітра, ягоным аповядам, удаецца пабачыць, што гэта такое. Бо там не ўсё так проста. Не ўсе іх падтрымліваюць, не ўсе іх разумеюць і не ўсе зь імі салідарныя. Ёсьць многа савецкіх людзей, якія разважаюць па-савецку. Можна неяк параўноўваць нашу краіну і тую турму, дзе ён знаходзіцца і ўбачыць, што з большага гэта адно і тое ж.»

У 2011 годзе лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны на год за хуліганства, якое нібыта ўчыніў за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў. Напярэдадні заканчэньня тэрміну Дашкевічу далі яшчэ год за непадпарадкаваньне. І як злоснага парушальніка рэжыму яго перавялі з калёніі ў гарадзенскую турму, дзе трымаюць ў адзіночнай камэры. Наста кажа, што Дашкевіч ў лістах не скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня. Іншыя людзі, зь якімі ён лістуецца, таксама адзначаюць, што ў лістах ён заўсёды вельмі аптымістычны.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG