Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Жыбуль — пра «ізмы» беларускай літаратуры


Віктар Жыбуль

Віктар Жыбуль

У Швайцарыі быў дадаізм, у Францыі — сюррэалізм, у Нямеччыне — экспрэсіянізм, у Італіі — футурызм, у Расеі — таксама футурызм, плюс акмеізм, імажынізм і яшчэ шмат чаго. Былі свае «ізмы» і ў нас, у Беларусі. Але ў сусьвеце пра іх ведаюць мала. Усё ж нашыя «ізмы» — ня масавыя літаратурныя плыні ці кірункі, а пераважна наадварот — індывідуальныя, аўтарскія творчыя мэтады. Яны прадстаўленыя двума-трыма, а часам і адным творцам — тэарэтыкам і практыкам у адной асобе.

Я наўмысна выбраў для агляду двух прадстаўнікоў літаратуры 1920-х гг. і трох нашых сучасьнікаў. Вядома ж, кідаецца ў вочы кантраст, але можна заўважыць і пэўную тэндэнцыю: падобна, што ранейшыя беларускіх «істы» надавалі болей увагі зьместу твора, затое цяперашнія — больш «канкрэтныя» у пытаньнях формы.

Адам Бабарэка. Збор твораў у 2 т.
Вільня: Інстытут беларусістыкі — Беласток: Бел. гіст. тав-ва, 2011

Бадай, усе беларускія «ізмы» 1920-х гг. (вітаізм, маладнякізм, за-утраізм, аквітызм) зьяўляюцца, па сутнасьці, распрацоўкамі аднаго тэарэтыка — Адама Бабарэкі. Але найбольш адметны і канцэптуальна ўгрунтаваны зь іх усё ж аквітызм. Гэта нават не кірунак, ня стыль і ня мэтад, а хутчэй — філязофска-эстэтычная сыстэма. Паводле Адама Бабарэкі, Беларусь — гэта «вузел усходу і захаду, паўдня і паўночы, цэнтар Эўропы». Гэта і ўзвышша, пасярэдзіне якога было возера з жывой вадою, акавітай. З гэтага возера ўтварыліся рэчкі, якія павыцякалі ў моры чалавецтва ў выглядзе чужых культур, а само возера ператварылася ў балота. Таму Бабарэка бачыў задачу сваіх паплечнікаў-аквітыстаў (некаторых сяброў згуртаваньня «Узвышша») у тым, каб вярнуць акавіту на месца, ператварыць балота ізноў у возера, ажывіць і ўзбагаціць беларускую культуру літаратурай эўрапейскага ўзору. У яшчэ больш шырокім сэнсе канцэпцыя аквітызму прадугледжвае шлях да ідэалу ўсебакова разьвітага «новага чалавека» з шырокімі й разнастайнымі памкненьнямі й магчымасьцямі.

Язэп Пушча. Vita.
Менск: Выданьне ЦБ «Маладняка», 1926

Увогуле, у сярэдзіне 1920-х гг. Язэп Пушча называў сябе беларускім імажыністам і пацьвярджаў гэта тэорыяй і практыкай. Але гэтым ён сябе не абмяжоўваў, спрабуючы ва ўмовах таго часу выпрацаваць і нейкі адмыслова беларускі літаратурны кірунак. Пад час адной зь літаратурных гутарак Язэпа Пушчы, Нічыпара Чарнушэвіча і ўжо згаданага Адама Бабарэкі ў траўні 1923 г. нарадзіўся тэрмін ‘вітаізм’ (ад лац. ‘vita’ — жыцьцё). Так яны вырашылі назваць «сынтэз, стройную сугучнасьць рамантызму жыцьця зь яго рэалізмам», у якім бачылі чарговае заданьне беларускай паэзіі. Жыцьцё ўспрымалася Пушчавым лірычным героем як «суровасьць і закон», зь якім ён ніяк ня можа паладзіць. І адлюстраваць жыцьцё ён імкнецца без залішняга «рогату і плачу» — каб не зьявіліся раптам у яго вершах-мэлёдыях фальшывыя ноты. У адным з праграмных вершаў зборніка паэт прызнаецца:

...ніяк, аніяк
Немагчыма жыцьцю дагадзіць.
Не адзін перад ім ужо зьмяк, —
Хоць і хацеў
Схапіць выбрык гадзін.


І нядзіва. Дзе ж тут пасьпееш яго схапіць, калі «Ідзем мы за сталецьцем у сталецьце, — / Адзін закон зьмяняецца другім»?


Сяргей Мінскевіч. Праз галерэю: Трансьлёгічныя творы.
Полацак: Полацкае ляда, 1994

Гэтую кнігу назвалі ў свой час назвалі «самай мадэрнісцкай у сэрыі „Паэзія новай генэрацыі“». У ёй Серж (тады яшчэ Сяргей) Мінскевіч дэманструе на практыцы, чым ёсьць распрацаваны ім (разам з Алесем Туровічам) мастацкі мэтад трансьлягізм, згодна зь якім тэкст — гэта адмысловы сьвет, дзе тунэлі ўва ўсе магчымыя суседнія сьветы «безупынна то адкрываюцца, то зачыняюцца». Адпаведна, і творы ў зборніку альбо хаваюць у сабе пераход у іншую тэкставую рэальнасьць, альбо мусяць чытацца й перачытвацца па пэўным зададзеным альгарытме. У кнізе ёсьць, умоўна кажучы, традыцыйныя вершы. Але ёсьць і ўзоры камбінаторнай паэзіі, якія маюць штосьці агульнае зь філялягічнымі галаваломкамі. Скажам, верш зь дзьвюх строфаў, дзе першая чытаецца па гарызантальных радках, а другая — па вэртыкальных слупках. Альбо верш-абракадабра, дзе можна здабыць сэнс, паперастаўляўшы месцамі склады ці літары. Альбо верш, радкі якога набываюць у адваротным чытаньні іншы сэнс. Альбо нават не набываюць, а захоўваюць той самы (але ж захоўваюць!) і заадно кідаюць выклік агаломшанаму чытачу, які, як падазрае аўтар, часта можа і сам зьяўляцца пісьменьнікам:

— Паліндром і ні морд, ні лап
цешыць не здадзен... — Цішэць!
Тое ня так! (Кат я? Не!) От...
У-у, наце, пісьменьнікі, і кінем сіпець. Ану!
(На заяву рубам — адказ кулем! : гукавы паліндром)



Зьміцер Вішнёў. Тамбурны маскіт.
Санкт-Петербург: Невский простор, 2001

«Сэрца сапраўднага Афрыканоляга пускае алькагольныя і наркатычныя бурбалкі, якія служаць для стварэньня самых прыгожых мастацкіх твораў!» — сьцьвярджае аўтар. Чытаючы творы Зьмітра Вішнёва, нехта, магчыма, падумае, што без алькаголю і наркаты тут сапраўды не абышлося, а нехта і ўгледзіць у тэрміне ‘афрыканізм’ слова ‘фрык’ (пра якое аўтар, пэўна, і ня думаў). Некаторыя свае творы паэт называе, адпаведна, ‘афрыкозамі’ — мабыць, па аналёгіі з ‘паэзамі’ Ігара Севяраніна. Афрыка для эўрапейца зьяўляецца ўвасабленьнем экзотыкі, а вершы Вішнёва акурат вобразнай, фанэтычнай і лексычнай экзотыкай і напоўнены, а часам нават і перапоўнены. Паэтычны сьвет Зьмітра Вішнёва зьдзіўляе — нават калі аўтар піша зусім не пра Афрыку. У ягонага лірычнага героя скура — «кракадзілавая», вушы — «паласатыя», зубы — «як мачта», рука — «нахабная творчая зьмяя», душа — «аэраплян», а муза — «на паласатых батарэях». Але шмат у чым герой-афрыканэр такі самы, як большасьць яго беларускіх суграмадзянаў: ён марыць, кахае, хвалюецца, пратэстуе, ня хоча бачыць сваю краіну «савецкай выспай» і стараецца пазьбягаць лішніх сустрэчаў з «адказнымі чыноўнікамі» ды «апаратнымі супрацоўнікамі».

«Кашляйце і шыпшынай шамкайце, — у свой авангардысцкі рупар крычыць паэт. — чакайце пачастунку / чакайце шаманскі шаль / будзе вам экзотыкі баль!»


Арцём Кавалеўскі. Адмысловыя гульні.
Менск: Логвінаў, 2003

Паводле маніфэсту, калісь апублікаванага аўтарам, лёгафармізм (ад лац. ‘logos’ — слова і ‘forma’ — форма) — літаратурна-мастацкі мэтад, у аснове якога палягае «маналітная еднасьць СЛОВА + ФОРМА, вынікам якой зьяўляецца ідэальнае адчуваньне: слыхавое, эмацыйнае, а ў першую чаргу зрокавае — кожнага слова як адзінага неабходна-выразнага мастацкага элемэнта» (Першацвет. 1999. № 7-8). Праўда, «самыя візуальныя» вершы Арцёма Кавалеўскага ў кнігу «Адмысловыя гульні» не ўвайшлі па чыста тэхнічных прычынах — за выняткам хіба што «Трохвугольных нерэальнасьцяў» (назва кажа сама за сябе), верша-ромба «я чуў голас...» ды «Транскрыпцыі пакутаў арыштаванага ліхтара». Куды больш тут «паэзіі для слыху» — нездарма ў пасьляслоўі да кнігі С. Мінскевіч называе А. Кавалеўскага «кампазытарам вершаў». Сапраўды, творы паэта сатканыя з мэлядычных і рытмізаваных сугуччаў, пабудаваныя на гульні словаў, алітэрацыях і асанансах. Так што logos Арцёма Кавалеўскага арганічна спалучаецца калі ня з графікай, дык з музычным пачаткам — сынтэтызм навідавоку паўсюль:

ДО —
допісы
доўгіх
допытаў.

РЭ —
рэквіем
рэакцыйнага
рэзанансу.

МІ —
мінімальнае
мігценьне
мілагучнасьці...

(«Гама»)
XS
SM
MD
LG