Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: прэс-канфэрэнцыя да Дня Волі і дзень памяці аўтара бел-чырвона-белага сьцяга


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі 25 лютага.


У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ

А 12-ай гадзіне адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя аргкамітэту па сьвяткаваньні 95-х угодак абвяшчэньня БНР у сядзібе Партыі БНФ (Чарнышэўскага, 3). Сябры аргкамітэту распавядуць пра заплянаваныя мерапрыемствы ў межах сьвяткаваньня, а таксама падзеляцца думкамі наконт інфармацыйнага забесьпячэньня і суправаджэньня акцыі.




У Дзяржаўным музэі беларускай літаратуры адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Алеся Пісьмянкова «Не зьнікай», прымеркаваная да дня нараджэньня паэта. Пачатак у 17.00.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

У 1836 годзе Сэм’юэл Кольт атрымаў патэнт на шасьцізарадны рэвальвэр. У адрозьненьне ад пісталету, патроны ў ім разьмяшчаліся ў няздымным барабане (умяшчальнасьць 5–8 патронаў). Падача чарговага патрона ажыцьцяўляецца шляхам правароту барабану.



У 1841 нарадзіўся П’ер Агюст Рэнуар, францускі мастак-імпрэсіяніст, бацька знакамітага рэжысэра Жана Рэнуара. Рэнуар вядомы ў першую чаргу як майстар сьвецкага партрэту, не пазбаўленага сэнтымэнтальнасьці, ён першым з імпрэсіяністаў здабыў посьпех у заможных парыжанаў. У сярэдзіне 1880-х гадоў фактычна парваў з імпрэсіянізмам, вярнуўся да клясыцызму.

У 1959 годзе памёр Клаўдзій Дуж-Душэўскі, беларускі палітычны дзеяч, дыплямат, рэдактар, пэдагог. Менавіта ён на падставе гістарычных сьведчаньняў і колераў народных строяў і арнамэнтаў стварыў у свой час эскіз сьцягу БНР. У сьнежні 1917 году ў Менску падчас Усебеларускага зьезду бел-чырвона-белы сьцяг ужо аднадушна ўважаўся за нацыянальны сымбаль Беларусі.

У 1871 нарадзілася ўкраінская пісьменьніца, паэтка, культурная дзяячка Леся Ўкраінка.

У 1921 годзе часткі 11-й Чырвонай арміі ўвайшлі ў Тбілісі. У Грузіі гэты дзень адзначаецца як Дзень савецкай акупацыі

У 1932 годзе Адольф Гітлер атрымаў нямецкае грамадзянства. Неўзабаве пасьля гэтага прэзыдэнт Гіндэнбурґ прызначыў Гітлера райхсканцлерам, і той цягам аднаго году дабіўся ўсталяваньня ў Нямеччыне дыктатуры нацыстаў.

У 1943 нарадзіўся Джордж Харысан (пам. 2001), ангельскі рок-музыкант і рок-кампазытар, музыка легендарнага гурту «The Beatles». Пасля распаду «The Beatles» распачаў сольную кар’еру і працу ў гурце The Traveling Wilburys. З канца 1970-х да пачатку 1990-х актыўна працаваў як кінапрадусар — заснаваў фірму «HandMade Films».



У 1947 годзе нарадзіўся Яўген Шатохін, беларускі мастак, грамадзкі дзеяч, ганаровы сябра праўленьня Беларускага Саюзу Мастакоў, уваходзіў у мастацкую суполку «Пагоня». Памёр 22 студзеня 2012 году.

У 1956 годзе на закрытым пасяджэньні ХХ зьезду Камуністычнай партыі СССР Мікіта Хрушчоў выступіў з дакладам аб кульце асобы Іосіфа Сталіна. Паводле дакладу, культам Сталіна называюць "узьвялічваньне асобы Сталіна сродкамі масавай прапаганды, у творах культуры і мастацтва, у дзяржаўных дакумэнтах, законах, стварэньне вакол яго імя паўбоскага арэолу."




У 2010 годзе Віктар Януковіч склаў прысягу як прэзыдэнт Украіны. Дзед Януковіча — зь вёскі Янукі Докшыцкага раёну, яшчэ да Кастрычніцкага перавароту зьехаў зь Беларусі у Данбас на заробкі. У 2006 годзе Віктар Януковіч абяцаў пабудаваць міні-малаказавод і адрадзіць вёску Янукі.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

«Цікава адзначыць, што беларусы выбралі сваім дзяржаўным гербам той, што і літоўцы, гэта значыць белую „Пагоню“ на чырвоным полі, аднак нацыянальнага сьцягу не было. Мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сьцягу, і адзін зь іх быў прыняты: а менавіта: бела-чырвона-белы. 3 таго часу гэты сьцяг і лічыцца беларускім нацыянальным»

Клаўдзій Дуж-Душэўскі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG