Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 лютага ў офісе БНФ згадвалі пра былога палітвязьня Арцёма Грыбкова, які загінуў у летась у сьнежні, як кажуць сваякі нябожчыка, у аўтакатастрофе.

Пачалася вечарына памяці з прагляду відэаінтэрвію Арцёма Грыбкова, якое ён даў Свабодзе ў жніўні 2011 году, калі выйшаў на волю з магілёўскай калёніі.

«Ці выйшаў бы я на Плошчу зноў?» — перапытваў з экрану Арцём Грыбкоў і адказаў, што выйшаў бы, але дзейнічаў бы інакш, не паддаючыся на правакацыі амапаўцаў, якія, як ён мяркуе, першымі напалі на пратэстуючых людзей. Гэтыя словы прысутныя сустрэлі апладысмэнтамі.

Былы палітвязень Зьміцер Дрозд сядзеў з Арцёмам Грыбковым у адной калёніі. Зьміцер Дрозд прачытаў вершы Арцёма Грыбкова, якія ён ўпершыню пачуў ад яго за кратамі:

«Гэта было неверагодна — у тых умовах напісаць такія добрыя вершы. Кажуць, што ягоны турэмны сшытак згубіўся, але зараз я прыкладаю намаганьні, каб знайсьці ягоныя творы ў іншых крыніцах, бо яны вартыя, каб іх чыталі людзі».

Успамінамі пра Арцёма Грыбкова падзяліўся і Сяргей Казакоў, які таксама быў асуджаны за Плошчу і адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі. Сяргей Казакоў захапляецца мужнасьцю і непакорлівасьцю свайго турэмнага сябра.

Удзельнікі маратону салідарнасьці з палітвязьнямі сабралі грашовыя ахвяраваньні для сям’і Арцёма Грыбкова. Ягоная ўдава Сьвятлана Грыбкова празь некалькі месяцаў мусіць нарадзіць ад яго сына.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG