Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дом суду супраць Дому моды


Аляксандра Дынько
Аляксандра Дынько
Кастынг манекенападобных мадэлек, дызайнэры ў дзівацкіх строях і няяснага полу, візажысты зь неверагоднымі фрызурамі — так уяўляўся мне суд над мадэльерам Сашам Варламавым.

Але дзяўчаткі, што шапталіся ў калідорах перад пачаткам працэсу, ніяк не нагадвалі мадэлек. Дызайнэры былі апранутыя непрыкметна, хлопчыкі выглядалі як хлопчыкі, а дзяўчаткі як дзяўчаткі. Гэта — беларуская мода ў Доме правасудзьдзя.

А вось супрацоўніц Дому я сьмела адправіла б на подыюм: выдатныя фігуры, загорнутыя ў кароткія спадніцы, панчошкі сетачкай, шпількі, пагоны адцяняюць здаровы колер твару. Ты кажаш: «Прыгожыя дзяўчаты заўжды там, дзе грошы і ўлада». І я табе веру.

У залі суду я даведваюся, што менская мадэлька за выхад на подыюм атрымлівае 2 даляры.

Кажуць, Варламаў мільёнаў не нажыў. У кватэры ягонай на Асаналіева (нішто сабе такі «фэшэнэбэльны» раён) раскошы, і праўда, заўважана не было.

Цяпер я штодня бачу, як Варламаў павольна ідзе па цьмяным калідоры на свой суд, абапіраючыся на кульбу. Калі ўсіх запускаюць у залю, ён ужо сядзіць у клетцы. У яго вялікія вочы, правільная мова і скаваная пастава. Калі ён устае і прыхіляецца ўсім сваім нягнуткім з-за пашкоджанага хрыбта целам да прутоў клеткі, яго шкада.

У судзе Варламаў актыўны, пытаньняў да пацярпелых у яго шмат, і падрыхтаваныя яны загадзя. Самае кароннае — у канцы:

«Як вы думаеце, маё працоўнае месца — гэта стол чыноўніка ці сцэна?»

Хоча падкрэсьліць, што ня ўмее займацца фінансавымі дакумэнтамі. Ягонае жыцьцё — мода, мадэлі, паказы, калекцыі….

Абвінаваўцу гэтая тэатральнасьць не ўласьцівая. Ягоны варыянт пытаньня такі: «Як вы ўспрымалі Варламава: як кіраўніка ці як аўтара праекту?»

«Колькі можна яхідна пасьміхацца!» — кідае Варламаў пракурору. Судзьдзя робіць яму заўвагу, а заўвага ў пратакол для абвінавачанага — ня жарты.

Пракурора гэтая сцэнка забаўляе і, відаць, падымае яму настрой. Таму ў сталовай падчас перапынку ён нават па-свойску падміргвае мне: «Маўляў, бачыла, як…»

Я бачыла.

Я ўяўляю, ці мог бы працэс над Варламавым стаць сцэнарам для амэрыканскай судовай драмы. Там герой выглядаў бы гэткім мацёрым фэшн-махляром. Прыўлашчваньне грошай зь дзяржбюджэту, падман дзясяткаў мадэлек, дызайнэраў, іх бацькоў, у якім вінавацяць Варламава, — усё гэта, як на розум сярэдняга амэрыканца, можна прыдумаць толькі зламысна. Мы ж у такіх выпадках кажам — чалавек круціўся як мог.

«Тое, што Варламаў рабіў, для Беларусі зусім новае, — кажа хлопец-мадэль зь Ліды. Вось у яго сапраўды крутое дызайнэрскае паліто. Размаўляючы са мною, ён хвалюецца і ня можа зашпіліць на ім нейкі хітрамудры гузік. Я яму дапамагаю, дзеля чаго мушу папрасіць яго прысесьці. — Дзяржава ня можа ведаць, як з гэтым абыходзіцца, колькі грошай на гэта трэба. Гэта ведае толькі ён. Ён жа першы прасоўвае такую справу».

Ці маглі чыноўнікі БДУ зразумець, што значыць зрабіць за мяжой модны паказ сусьветнага ўзроўню? Ну хто зь іхняй бухгальтэрыі паверыць, што ў ведамасьць трэба ўносіць дэкаратыўную касмэтыку і ляк для валасоў, сьвятло і гук для подыюму, а тым больш — што пасьля паказаў трэба зладзіць фуршэт? Ці могуць супрацоўніцы Дому правасудзьдзя зразумець, колькі каштуе прыгажосьць?
Ці могуць супрацоўніцы Дому правасудзьдзя зразумець, колькі каштуе прыгажосьць?

Сам Варламаў, напэўна, у гэта ня верыў, ці пераканаць іх было сапраўды немагчыма. Таму выдзеленыя БДУ «сутачныя» для ўдзельнікаў паездкі, са словаў мадэльера, ішлі на паказы, а дарослыя, што суправаджалі малых мадэлек у паездках, яшчэ і плацілі за сябе. Адна бабуля вось такім чынам «недаатрымала» каля 2 тысяч эўра…

«Калі мне даюць дакумэнты падпісаць, я проста падпісваюся. Ніколі не гляджу, за што», — кажа дзяўчына. Такіх «падпісантаў» у справе Варламава дзясяткі. Сьледзтва сьцьвярджае, што яны плацілі свае грошы, не патрабавалі расьпісак, атрымлівалі сэртыфікаты невядомых установаў. Цяпер подпісы ў дакумэнтах за свае не прызнаюць.

На працягу дзесяці гадоў тое, што рабіў Варламаў, задавальняла бухгальтэрыю БДУ, Міністэрства адукацыі і дзяржаву Беларусь. Ці можна будзе даведацца, на чым ці на кім ён «пракалоўся»? Напэўна, не.

А да сьледзтва ёсьць пытаньні. «Сьледчы мне сказаў, што буду сядзець, пакуль не падпішу заяву, што Варламаў мне шкоду нанёс», — гэта адна з маладых дызайнэрак тлумачыць, чаму ў судзе адмаўляецца ад сваіх папярэдніх словаў.

Усе кажуць як адзін: калі б у іх спыталі, самі б адмовіліся ад гэтых «сутачных», абы паказацца на замежным подыюме.

«Але ж калі б нехта адмовіўся, паездка магла б сарвацца!» — мне падаецца, што Варламаў шчыра ў гэта верыць.

«Ёсьць тыя, каму дазволена болей», — вісіць у паветры залі паседжаньняў. Хто хутчэй бегае і страляе, хто спрытней перакідвае празь сетку тэнісны мячык, маюць права не выконваць маральныя абавязкі перад іншымі. Мы ім дазваляем і даруем.

Таму што разумеем: усё робіцца не паводле закону. Указы і дэкрэты, справаздачы і ведамасьці, расьпіскі і талёны жывуць уласным жыцьцём. Усе яны маюць шанец стаць рэальнасьцю толькі аднойчы — у доме беларускага правасудзьдзя, дзе даўганогая дзяўчына ў пагонах, цокаючы абцасамі, носіць па заблытаных калідорах важкія тамы крымінальных спраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG