Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў і Лябедзька вылучылі «нерэалістычную прапанову»


Анатоль Лябедзька: «Для нас сама пастаноўка гэтага пытаньня вельмі актуальная, бо апошняя выбарчая кампанія была абсалютна брутальная».

На дыскусію па беларускай праблематыцы, якая адбылася 22 лютага ў Вене ў рамках сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, прыйшлі каля 40 дэпутатаў — зь Нямеччыны, Літвы, Нідэрляндаў, Швэцыі, Францыі, Даніі, Эстоніі, Ірляндыі, Грузіі, Італіі, ЗША і іншых краін. Адметнасьць гэтай дыскусіі ў тым, што яна адбылася ўпершыню пасьля парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.

Падчас дыскусіі, якая доўжылася амаль дзьве гадзіны, зь беларускага боку, апроч Анатоля Лябедзькі, выступілі былы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна і дачка палітвязьня Мікалая Статкевіча Кацярына.

Андрэй Саньнікаў гаварыў пра ўзмацненьне санкцыяў супраць рэжыму ў Беларусі, у тым ліку эканамічных.

Кацярына Статкевіч цалкам прысьвяціла свой выступ зьняволенаму бацьку, экс-кандыдату ў прэзыдэнты, палітвязьню Мікалаю Статкевічу. Потым у яе адбылася асобная сустрэча з удзельнікам дыскусіі, спэцдакладчыкам ААН у правах чалавека ў Беларусі Міклашам Харасьці.

Падводзячы вынікі, Анатоль Лябедзька адзначыў карэспандэнту Свабоды:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Гэта быў аркестар, гралі па адных нотах. Па выніках дыскусіі спадар Харасьці заўважыў, што многае з таго, што было агучана падчас сустрэчы, ён скарыстае падчас падрыхтоўкі свайго дакладу. Мы з Андрэем Саньнікавым выйшлі з такой ініцыятывай — аб прыпыненьні статусу дзейнага сябра Парлямэнцкай асамблеі для дэлегацыі беларускага Нацыянальнага сходу. Мы разумеем, што па працэдурных момантах, зыходзячы з таго, што тут дзейнічае прынцып „кансэнсус мінус адзін“, гэта практычна нельга рэалізаваць. Але для нас сама пастаноўка гэтага пытаньня вельмі актуальная, бо апошняя выбарчая кампанія была абсалютна брутальная. Яна прывяла да таго, што зноў усе 109 так званых дэпутатаў прызначаныя, яны не абраныя людзьмі і нікога тут не прадстаўляюць».

Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў заявіў, што ў Анатоля Лябедзькі, да прыкладу, як дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, больш легітымнасьці, чым у той афіцыйнай дэлегацыі, якая прыехала ў Вену.

Дарэчы, намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі і старшыня камісіі па міжнародных справах Савету Рэспублікі Ўладзімер Сянько — сябры афіцыйнай дэлегацыі — гэтае мерапрыемства, як здаралася і раней, праігнаравалі. Як напісаў у фэйсбуку старшыня АГП Анатоль Лябедзька, «калі людзі не выкарыстоўваюць адкрытую пляцоўку для прасоўваньня і адстойваньня сваёй пазыцыі, то гэта азначае, што ім альбо няма чаго сказаць, альбо яны ня хочуць выглядаць ідыётамі».

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі прэзэнтавалі падчас дыскусіі стратэгію трох крокаў — вызваленьне палітвязьняў і іх рэабілітацыя, свабодныя, сумленныя выбары і плян мадэрнізацыі Беларусі. Лябедзька значную частку свайго выступу прысьвяціў пытаньню абароны эканамічнага сувэрэнітэту Беларусі і пагрозе карумпаванай «прыхватызацыі», якая паўзе на Беларусь.

Анатоль Лябедзька так прагназуе далейшыя стасункі паміж Беларусьсю і Парлямэнцкай асамблеяй АБСЭ:

«Як мінімум на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ будуць запрашаць прадстаўнікоў палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, родных і блізкіх тых, хто знаходзіцца ў вязьніцы. І фон такіх дыскусій добры, ён дае рэалістычную карціну сёньняшняй Беларусі».
У 2003 годзе пасьля шасьцігадовага змаганьня дэлегацыя Нацсходу Беларусі стала сябрам Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Раней гэты статус мела дэлегацыя Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Потым цягам амаль двух гадоў адносна Беларусі праводзілася палітыка «пустога крэсла», калі дэлегацыі ўладаў і апазыцыі ня мелі права голасу на пасяджэньнях Асамблеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG