Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

23 лютага — Дзень тых, хто нас уратаваў


Журналістка Радыё Свабода Ганна Соўсь у сваім блогу прапанавала грамадзкасьці адзначаць 23 лютага Дзень родных палітвязьня — у гонар жонкі Аляксандра Казуліна Ірыны, якая памерла 23 лютага 2008 году. Як да гэтай ідэі паставіліся наведнікі сайту Радыё Свабода?

«Ідэя Ганны Соўсь выключна бліскучая, хоць, магчыма, пакуль сыраватая, але нічога, з часам аформіцца. Блізкія асацыяцыі змушаюць сказаць слова ўдзячнасьці і пашаны многім жонкам/сяброўкам і палітзьняволеных, і палітычных лідэраў, — як, прыкладам, ня ўспомніць Галіну Пазьняк, Іну Кулей дый іншых? У гэты Дзень будуць гарэць сьвечкі і прэзэнтавацца новыя кнігі, паўставаць помнікі і ладзіцца імпрэзы. Беларусы будуць яднацца ў памяці і глядзець у лепшую будучыню», — выказаўся адносна прапановы Валер Дранчук.

З прапановай Ганны Соўсь пагадзіліся Вінцэнт са Слоніма і наведнік пад імем Свабода зь Менску: «Вельмі слушная прапанова. Цалкам падтрымліваю. Прыйдзе час, яно так і будзе».

Аднак прагучалі і галасы супраць. Нік «…як граў на жалейцы» бачыць у такой прапанове прыкмету «кланавага маразму».

«…дзень „родственников политзаключенных“ — тут хоць стой, хоць паваліся. Тое, што сучаснае грамадзтва ў абсалютнай сваёй большасьці выхадцы з калгасаў, наваяўленыя савецкія мяшчане, ніколі не было для мяне навіной. Іхныя густы ўзрасталі на песьнях Фельцмана — „ландышы, ландышы…“ і таму падобным сьмецьці. Савецкая прэса ўбіла нямала прапагандысцкіх стэрэатыпаў у наіўную сьвядомасьць былога сялянства. Цёткі зрабіліся да плаксівасьці сэнтымэнтальнымі. Пасьля прачытаньня плаксівых камэнтаў на сайце НН, дзе і жонка Кулей адзначылася, і на сайце РС, падумалася, што гэтае насельніцтва ня вартае свабоды… Нават сваякі расстраляных Сталіным не апускаліся да такога кланавага маразму».

«Дзень нябожчыцы Казулінай, па-мойму, з той жа савецкай мыльнай опэры…» — салідарны з папярэднім наведнікам нік «пралятаючы над сьметнікам».

І ўсё ж пераважная большасьць наведнікаў сайту Свабоды ідэю Ганны Соўсь вітала. А што пра гэта думае Аляксандар Казулін?

Аляксандар Казулін

Аляксандар Казулін

«Безумоўна, трэба з павагай ставіцца да сем’яў палітвязьняў. Людзі, якія прайшлі праз такія выпрабаваньні, яны вартыя і маральнай, і рэальнай дапамогі. Таму я вітаю ідэю, каб такі дзень сапраўды быў. А калі ён будзе — гэта ўжо іншае. Калі дзень будзе адпавядаць такой ідэі, то гэта цалкам магчыма. Калі іншы дзень знойдзецца, больш адпаведны, — таксама добра. Паўтаруся, але галоўнае, каб такі дзень уганараваньня родных палітвязьняў быў. Бо я дакладна ведаю, як шмат людзям давялося перанесьці, і таму было б выдатна, каб хаця б адзін зь дзён яны адчувалі, што гэта важна ўсім. Адчувалі людзкое спачуваньне».

Карэспандэнт: «Памятаю, як на пахаваньні Ірыны Казулінай вы сказалі пра сваю жонку, што яна „нас усіх уратавала“. Што вы тады мелі на ўвазе?»

«Як вам сказаць… Вось ёсьць прыклады гераічныя, калі людзі змагаюцца, робяць гераічныя ўчынкі. А ёсьць тое, калі змагаюцца жанчыны, і зьнешне ня бачна, што яны робіць геройскія ўчынкі. Яны змагаецца па-свойму, а мы гэтага не заўважаем, не аддаём ім належнага. А калі б мы ставіліся да гэтага больш сур’ёзна, то інакш бы ацэньвалі іх намаганьні. Ірына па-свойму разумела тую ж абарону Айчыны і абараняла яе па-свойму. І я лічу, што абараняць Айчыну нам вельмі патрэбна, цяпер яна ў вялікай небясьпецы».

Як паведаміў Аляксандар Казулін, 23 лютага яны са сваякамі зьбяруцца каля магілы Ірыны Казулінай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG