Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нечаканая паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы, такое ж раптоўнае вяртаньне, непераканаўчае афіцыйнае тлумачэньне сэнсу гэтага візыту — усё гэта пакідае шмат пытаньняў. І галоўнае зь іх: чаму ж не адбылася чаканая журналістамі і экспэртамі сустрэча прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі?

Зразумела, можна казаць, што перамовы двух кіраўнікоў і не плянаваліся, Лукашэнка зьезьдзіў адпачыць, а заадно спраўдзіць, як ідзе будаўніцтва інфраструктуры санаторыя «Беларусь». Аднак шэраг фактаў сьведчаць пра іншае.

Найперш, варта зазначыць, што паездка Лукашэнкі ў Сочы выйшла раптоўнай, яна не плянавалася. З-за гэтага прэзыдэнт паламаў свой працоўны графік. У прыватнасьці, анансаванае раней і прызначанае на 11 лютага пасяджэньне Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва з удзелам прэзыдэнта не адбылося.

Як паведаміла прэс-служба прэзыдэнта Беларусі, напярэдадні адбылася тэлефонная размова Лукашэнкі з Пуціным, і апошні афіцыйна запрасіў беларускага лідэра наведаць Сочы. У выніку кіраўнік Беларусі ўсё кінуў і адразу ж паляцеў. Як было сказана ў тым жа паведамленьні, — з рабочым візытам і дзеля кароткатэрміновага адпачынку.

Пуцін запрасіў Лукашэнку ў Сочы ў той час, калі сам быў там. І звычайныя правілы добрага тону абавязвалі гаспадара, проста нават дзеля ветлівасьці, павітаць госьця, якога ён запрасіў да сябе

Але зьезьдзіць на адпачынак у Сочы Лукашэнка мог і без аніякага запрашэньня. Там жа ёсьць санаторый «Беларусь» (беларуская ўласнасьць). Дарэчы, раней ён так і рабіў.

Другі момант. Пуцін запрасіў Лукашэнку ў Сочы ў той час, калі сам быў там. І звычайныя правілы добрага тону абавязвалі гаспадара, проста нават дзеля ветлівасьці, павітаць госьця, якога ён запрасіў да сябе. Тым больш калі гаворка ідзе пра найбліжэйшага саюзьніка, кіраўніка краіны, зь якой Расея інтэграваная ў саюзную дзяржаву і Мытны зьвяз.

Можна выказаць здагадку, што сустрэча з Пуціным была ў нейкай форме абяцаная. Пра гэта сьведчыць ня толькі раптоўная паездка пасьля тэлефоннага запрашэньня, але і афіцыйнае тлумачэньне візыту Лукашэнкі ягонай прэсавай службай. Падаецца, у Менску былі так упэўненыя ў гэтай сустрэчы, што нават не падаслалі саломкі на выпадак аблому. Пра гэта сьведчыць і афіцыйная інфармацыя пра тэлефанаваньне, запрашэньне, і тэзіс пра «рабочы візыт», падчас якога заплянаваны «шэраг рабочых сустрэч». Калі б прэзыдэнцкая прэс-служба проста паведаміла, што кіраўнік дзяржавы паехаў у Сочы дзеля кароткатэрміновага адпачынку, ані ў кога ніякіх пытаньняў бы ня ўзьнікла.

А так пытаньні ўзьнікаюць. Праверка будаўніцтва аб’ектаў ніяк ня цягне на статус рабочага візыту. І ўжо тым больш амаль няма чаго ўцямнага сказаць пра рабочыя сустрэчы.

Падаецца, ключом да гэтага дыпляматычнага казусу можа служыць візыт у Беларусь віцэ-прэм’ера РФ Аркадзя Дварковіча. Ягоны прыезд, які адбыўся якраз на другі дзень пасьля ад’езду Лукашэнкі ў Сочы, нагадваў інспэкцыйную паездку. Па яе выніках кіраўнік ураду Беларусі Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што ўжо ў гэтым годзе могуць быць створаныя пяць беларуска-расейскіх кампаніяў. Аркадзь жа Дварковіч пасьля наведваньня прадпрыемстваў МАЗ, «Гомсельмаш», «Гродна Азот» быў менш аптымістычны, казаў пра тое, што яшчэ трэба прасьці пэўны шлях, пра няпростыя перамовы.

Можна меркаваць, што пасьля таго, як Пуцін атрымаў інфармацыю пра нездавальняючыя для расейскага боку вынікі візыту Аркадзя Дварковіча, ён адмовіўся ад сустрэчы з Лукашэнкам

Можна меркаваць, што пасьля таго, як Пуцін атрымаў інфармацыю пра нездавальняючыя для расейскага боку вынікі візыту Аркадзя Дварковіча, ён адмовіўся ад сустрэчы з Лукашэнкам. Маўляў, няма прадмету перамоваў.

На карысьць гэтай вэрсіі сьведчаць і іншыя факты. Вярнуўшыся з Сочы, Лукашэнка прыняў прэм’ер-міністра Мясьніковіча, і пасьля прэс-служба прэзыдэнта заявіла, што Менск мае намер падняць на пасяджэньні вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы пытаньне аб тым, што недапушчальна, каб партнэры па Адзінай эканамічнай прасторы прымалі рашэньні, якія разбураюць агульны рынак.

А ў пятніцу Лукашэнка фактычна дэзавуяваў абяцаньні, дадзеныя Мясьніковічам па выніках візыту Дварковіча: «Пакуль ніякага продажу і абмену ўласнасьці ня будзе. Гэта пустыя разважаньні ці асобных, магчыма, чыноўнікаў, ці тых, хто хоча прамацаць, што скажа Лукашэнка наконт прыватызацыі гэтых прадпрыемстваў. Не дачакаецеся! Ніхто за бесцань прадпрыемствы прадаваць ня будзе», — падкрэсьліў прэзыдэнт.

Падобна да таго, што ў бясконцым беларуска-расейскім канфлікце адбываецца чарговае абвастрэньне.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG