Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэрка Людміла Сабалько: «У 65 гадоў стаць бамжом — дык я лепш павешуся»


Менчукам, што жывуць у так званых службовых кватэрах, у якія яны зь сем’ямі ўсяліліся яшчэ ў 1980–90 гады, масава прыходзяць прадпісаньні тэрмінова, цягам 10–15 дзён, добраахвотна вызваліць службовае жытло. Незалежна ад таго, ёсьць дзе ім жыць ці няма. У выпадку невыкананьня — пагражаюць судом з выплатай усіх судовых выдаткаў.

Падставы для высяленьня розныя: хтосьці жыве ў так званым дапаможным, непрыстасаваным для жытла памяшканьні, кшталту «калясачнай», у кагосьці асноўны кватэранаймальнік памёр, а кватэра не прыватызаваная. Сярод патэнцыйных «высяленцаў» — шмат сем’яў былых работнікаў ЖЭСаў. Іх заўсёды не хапала, і паводле тагачасных законаў людзі маглі атрымаць службовае жытло, але абавязкова адпрацаваць там сама меней 10 гадоў, каб застацца жыць у службовай кватэры.

У грамадзкае аб’яднаньне «Цэнтар па правах чалавека» па дапамогу зьвярнуліся ўжо каля сотні чалавек. Колькі іх усяго, падлічыць пакуль складана, кажа старшыня аб’яднаньня, праваабаронца Галіна Левіна:

«Вельмі цяжка сказаць. Няма такой статыстыкі. Мы самі хадзілі ў Першамайскі суд і бачылі ў раскладзе спраў па 5–7 разбораў у дзень толькі ў Першамайскім раёне. Шмат, вельмі шмат. Але гэта толькі пачатак. Абкатка такая ідзе. Яны сьпяшаюцца перад уступленьнем у сілу новай рэдакцыі Жыльлёвага кодэксу. З членамі сям’і — гэта тысячы, нават дзясяткі тысяч».

Судзьдзя аднаго з раённых судоў гэты факт пацьвярджае, кажа, што гэта чарговая кампанія:

«Менгарвыканкам, відаць, даў указаньне ўсім раёнам прывесьці жыльлёвую палітыку ў адпаведнасьць па пэўных кірунках. Вось і пашлі пачкі пазоваў валам. Калі б гэта была плянамерная праца, не было б такога. Відаць, яны пусьцілі ўсё на самацёк, ужо забыліся пра гэтыя кватэры. А цяпер сталі глядзець дакумэнты і выяўляць такія кватэры самі. Я ўжо ня першую такую хвалю бачыла».

Пакуль ідуць яшчэ так званыя дасудовыя разборы. Складанасьць у тым, што за апошнія 30 гадоў памяняліся тры Жыльлёвыя кодэксы, зьявіліся ўказы прэзыдэнта, пастановы Вярхоўнага Суду, і гэтыя дакумэнты часьцяком супярэчаць адзін аднаму. Бальшыня грамадзянаў, якіх цяпер спрабуюць выселіць са службовага жытла, атрымлівала кватэры ў 1970–80-я гады. Тады дзейнічаў Жыльлёвы кодэкс 1983 году, тлумачыць Галіна Левіна:

«На той момант сапраўды яны мелі, згодна з Жыльлёвым кодэксам, роўныя правы і абавязкі з наймальнікам жытла. Яны стаялі на чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў і стаяць. Ішлі гады. Указ прэзыдэнта № 565 быў праігнараваны, і цяпер кінуліся яго выконваць. Хоць ва ўказе ёсьць і тэрмін даўнасьці пазову: 3 гады. Але судзьдзі не прымаюць гэта да ўвагі».

Адметна, што спасылаюцца былыя працадаўцы на адзін і той жа дакумэнт — Указ прэзыдэнта 2005 году «Аб некаторых захадах па рэгуляваньні жыльлёвых адносінаў». 7 гадоў выкананьне яго ніхто не кантраляваў, а цяпер схамянуліся. Складанасьць яшчэ і ў тым, што няма ў шматлікіх кодэксах, законах, указах, пастановах і дакладнага вызначэньня правоў наймальніка, ягоных сямейнікаў, у тым ліку былых:

«Згодна са 127-м Указам маглі прыватызаваць жытло асобы, якія прапрацавалі на прадпрыемстве 10 гадоў. Але часьцяком гаворка ідзе пра былых. І некаторыя зьвярталіся, каб прыватызаваць кватэру. Адказ быў аднолькавы: „Вы — ніхто“. Хоць яны стаяць на чарзе. Яны не маглі атрымаць службовае жытло, ня стоячы ў чарзе. І яны працягваюць стаяць. Але адказ адзін: вы — былыя, вы — ніхто».

Муж Людмілы Сабалько працаваў у Менскіх цепласетках, атрымаў спачатку пакой «на агульнай кухні», а ў 1999 годзе за сям’ёй замацавалі і другі пакой. Сям’я з двума дзецьмі спакойна жыла ў службовай кватэры, ніхто іх не чапаў, распавяла спадарыня Людміла:

«У 2007 годзе муж памёр. Якраз выйшаў указ аб прыватызацыі службовага жытла, і я зьвярнулася. Мне спачатку сказалі: „Так, вы пэнсіянэрка, вам дазволяць прыватызацыю“. Я сабрала дакумэнты, празь месяц атрымала адказ: у прыватызацыі адмовіць. У 2011 годзе я зноў зьвярнулася з просьбай аб прыватызацыі. Мне зноў адмовілі. А ў лістападзе 2011 году мне прыйшло са ЖРЭА прадпісаньне: вызваліць кватэру цягам 15 дзён».

Цяпер пэнсіянэрцы Людміле Сабалько, якая жыве ў кватэры з хворай дачкой і сынам, прапануюць заключыць дамову арэнды на 10 гадоў. Але гэта не рашэньне праблемы, лічыць яна:

«Сказалі б мне ў 1984 годзе вызваліць кватэру — натуральна, мне было тады 36 гадоў, я б магла нешта яшчэ думаць. А тут — калі табе 65 гадоў, выкідаюць на вуліцу. Я ў гарвыканкаме сказала: «У 65 гадоў стаць бамжом — дык я лепш павешуся, чым такую ганьбу цярпець: адпрацаваць 45 гадоў, і ў прававой дзяржаве апынуцца на вуліцы!»

Вось другая гісторыя. Валянціна Абразцова распавяла, як яе муж у 1994 годзе атрымаў маленькую аднапакаёўку ў Курасоўшчыне плошчай 9 квадратных мэтраў:

«У 1989 годзе ён прыйшоў працаваць сантэхнікам. 5 гадоў чакаў, пакуль атрымае жытло. Потым адпрацаваў яшчэ 14 гадоў. А цяпер лічыцца, што гэта не жылое памяшканьне, хоць у ордэры напісана, што памяшканьне жылое, 9 мэтраў квадратных. І ліст на высяленьне. Цяпер у ЖЭСе ён ужо не працуе, звольніўся. Вось такія ўмовы: альбо ўладкоўвайся назад у ЖЭС, альбо высяляйся».

Спадарыня Валянціна паказала і ордэр на службовае жылое памяшканьне, і выпіску з рашэньня Кастрычніцкага райвыканкаму аб выдзяленьні жытла, і ліст без назову за подпісам намесьніка дырэктара ЖЭУ № 4 Маскоўскага раёну, згодна зь якім ім загадана выселіцца да 1 сакавіка. Прычына — «памяшканьне № 74а, разьмешчанае ў жылым доме па вуліцы Алібегава, зьяўляецца дапаможным і не прызначаным для жытла». То бок кватэра раптоўна з жылой ператварылася ў нежылое памяшканьне. І людзям прапануюць выселіцца ў нікуды.





Маці Тацяны Лосевай Жанна Цыплянкова працавала ў ЖЭСе Першамайскага раёну, у 1987 годзе атрымала службовую кватэру і ў тым жа годзе перайшла працаваць у парадку пераводу ў ЖЭС Савецкага раёна, дзе і дапрацавала да пэнсіі. Цяпер Тацяну з двума дзецьмі высяляюць на той падставе, што маці 4 месяцы таму набыла аднапакаёвую кватэру і пераехала з другой дачкой і яе дзіцем туды. І наагул, кватэру даваў іншы раён. Тацяна Лосева — юрыст паводле адукацыі:

«Прайшлі ўсе тэрміны даўнасьці пазову. Кватэра адпрацаваная — 10 гадоў маці працавала ў ЖЭСе. Цяпер яны трактуюць: маўляў, яна працавала ў розных арганізацыях. Але ж начальнік сам падпісаў перавод у іншы ЖЭС. Што, ЖЭС Савецкага і ЖЭС Першамайскага раёну — розныя арганізацыі? Што, яны знаходзяцца ў розных дзяржавах? Іх падзяляюць трамвайныя рэйкі. Упраўленьне жыльлёва-камунальнай гаспадаркі адно».

Да таго ж у рамонт старой кватэры Тацяна ўклала шмат сродкаў:

«Тысяч 7 даляраў я туды ўклала. Гэта ж дом пабудаваны ў 1950 годзе, першы паверх. Я паставіла шклопакеты, падлогу памяняла, падвесную столь... Ну хаця б далі нейкі тэрмін — гадоў 10, каб пабудаваць жытло. Хоць цяпер гэта, напэўна, нерэальна. Судзьдзя, пракурор, адміністрацыя такія цікаўныя, такія зьдзіўленыя: „Што, вы не пабудаваліся яшчэ?“ Правільна, выканкамы, пракуроры, судзьдзі паатрымлівалі сабе кватэры. Усе законы пад іх падладжаныя».

На думку праваабаронцаў, вырашаць праблему неабходна. Тым больш што гэта тычыцца сотняў сем’яў. Адзін з варыянтаў — самі судзьдзі, якія сутыкнуцца зь вялікай колькасьцю складаных спраў, могуць зьвярнуцца з заканадаўчай ініцыятывай у Канстытуцыйны Суд. Судзьдзя ж, якой даводзіцца разглядаць падобныя справы, патлумачыла, што калі ёсьць шмат аналягічных пазоваў, выпрацоўваецца адзіная судовая практыка:

Будзе ж нейкае выйсьце. На вуліцу ж выкідаць ня будуць

«У нас усёй судовай практыкай кіруе Вярхоўны Суд. Натуральна, судзьдзі зьвяртаюцца ў гарадзкі суд, а тыя павінны ўзгадніць палітыку зь Вярхоўным Судом па гэтай катэгорыі грамадзянскіх спраў. І яны могуць даваць нейкія рэкамэндацыі: у гэтым выпадку паступаць так. Але не ў абыход закону. Будзе ж нейкае выйсьце. На вуліцу ж выкідаць ня будуць».

І яшчэ адна акалічнасьць: гаворка ідзе не пра элітнае жытло і нават не пра прасторныя сучасныя кватэры. У якасьці службовага жытла давалі маленькія кватэркі на першым ці нават цокальным паверсе, прыстасаваныя памяшканьні кшталту «калясачных», кажа Галіна Левіна:

«Ды каб вы бачылі, якія! Гэта 50—60-гадовыя панэлькі, хрушчоўкі з маленькімі пакоямі. Мы яшчэ не сутыкнуліся ні разу, каб гэта былі харомы! Аднапакаёўкі, паўтарачкі ўбогія. Дык аддайце вы іх людзям, няхай жывуць, не пазбаўляйце іх гэтага. У нас і так настолькі нізкі сацыяльны ўзровень вось гэтых грамадзянаў. Гэтым вы ж пагоршыце іх становішча. І немагчыма, і нават антыканстытуцыйна высяляць цяпер грамадзянаў без прадстаўленьня іншага жытла».

Варыянты могуць быць розныя. Да прыкладу, даць магчымасьць гэтым людзям за грошы прыватызаваць жытло. А з тымі, хто ня ў стане — з маламаёмнымі, пэнсіянэрамі — заключыць бестэрміновую дамову найманьня.
XS
SM
MD
LG