Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым украінскі прэзыдэнт лепшы за беларускага?


Украінскае інтэрнэтнае выданьне ФОКУС.UA пацікавілася, чым прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч перавышае іншых прэзыдэнтаў постсавецкай прасторы. Прапануем вам кароткі пераказ гэтага досьледу, зь некаторымі камэнтарамі.


Самы рослы


Віктар Януковіч мае багатырскі целасклад. З ростам 1,93 м (паводле розных дадзеных, ад 1,90 да 1,93 м) і вагою парадку 110 кг (паводле іншых дадзеных — да 120 кг) ён выглядае большым за большасьць сваіх калегаў. Сярод прэзыдэнтаў постсавецкіх краінаў ён адчувае сябе «нароўні» хіба што са сваім азэрбайджанскім калегам Гедарам Аліевым і грузінскім — Міхаілам Саакашвілі (абодва па 1,9 м).

Самы доўгаплаваючы


Паводле словаў Віктара Януковіча, кожнай раніцы ён паўгадзіны бегае па дарожцы зь пянькоў у сваёй рэзыдэнцыі ў Міжыгор’і. А потым ідзе ў адкрыты басэйн на тэрыторыі гэтай жа рэзыдэнцыі і праплывае ня менш за 5 км.

Самы вясёлы


Віктор Януковіч часам блытае прозьвішчы, краіны, значэньні словаў і гістарычныя падзеі. Вядомую расейскую паэтку Ганну Ахматаву ён назваў Аннай Ахметавай. Зь лёгкай рукі прэзыдэнта Павел Беспашчадны (паэт з Гарлоўкі) стаў Паўлам Бясьсьмертным. Прэм’ера Канады Стывэна Харпэра ён назваў Хайпэрам, а Чэхава — украінскім паэтам. Замест Баўгарыя ён казаў Беларусь, замест Паўднёвай Асэтыі — Паўночная, замест Косава — Чарнагорыя, Чэхію назваў Чэхаславаччынай, а Ізраіль — эўрапейскай краінай. А яшчэ жыхароў Львову ён назваў найлепшымі генацыдамі краіны (замест генафонду), паблытаў баромэтар з флюгерам, а інвэстыцыйны клімат з надвор’ем. (Па-нашаму, адно «ператряхваньне» з «ператрахваньнем» ураўнаважвае гэтыя ўкраінскія ляпсусы — РС.)

Самы гаспадарлівы


Януковіч прывёў да значнага росту дабрабыту ўкраінскіх алігархаў. У 2010 годзе ва Ўкраіне было 8 мільярдэраў (агульны капітал 21,8 мільярда даляраў), а ў 2011 — 21 мільярдэр (агульны капітал — 58 мільярдаў даляраў).

Самы неўязны


У 2012 Януковіч амаль ня езьдзіў у Эўропу. Калі ў першы год прэзыдэнцтва ён наведаў краіны Эўразьвязу 10 разоў, то летась пабываў там толькі тройчы. (Тут, відавочна, украінскае выданьне зусім не зьвярнула ўвагі на 15-гадовы досьвед прэзыдэнта Беларусі — РС.)

Самы асьцярожны


14 целаахоўнікаў хадзілі зь Віктарам Януковічам па швэйцарскім пасёлку Давас, дзе мясцовая паліцыя і так прачасала ўсё да мілімэтра. У Міжыгор’і, паводле чутак, яго ахоўвае агнявая група супрацьпаветранай абароны. Даходзіць да казусаў: целаахоўнікі Януковіча ў Страсбуры не пусьцілі ў туалет генэральнага сакратара Рады Эўропы, паколькі там знаходзіўся прэзыдэнт Украіны. (Нікому не ўдалося падлічыць, колькі насамрэч целаахоўнікаў суправаджае Аляксандра Лукашэнку падчас ягоных паездак у Альпы. Але, паводле Станіслава Шушкевіча, ахова прэзыдэнта Беларусі перавышае дзьве тысячы чалавек — РС)

Самы дарагалётны


У пачатку 2011 году дзяржаўны бюджэт узяў на сябе выдаткі 7,5 мільёна грыўняў (1 мільён даляраў) на штогадовае абслугоўваньне верталёту Віктара Януковіча. Прэзыдэнт плянуе лётаць па ўсёй Украіне на верталёце AgustaWestland-139 італьянска-амэрыканскай вытворчасьці. (Зноў жа вельмі сумнеўная перавага; у беларускім выпадку маецца ня толькі верталёт, але і два «боінгі» — РС.)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG