Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Гэніку Лойку будзе абскарджаны


Гэнік Лойка

Гэнік Лойка

Сваякі асуджанага ўчора на 5 сутак арышту за абарону беларускай мовы скульптара Гэніка Лойкі зьбіраюцца абскарджваць вырак і патрабаваць дысцыплінарнага пакараньня судзьдзі Людмілы Лапо.

Сястра скульптара Валянціна Лойка заявіла карэспандэнту «Свабоды», што сям’я будзе дамагацца скасаваньня прысуду, перш за ўсё на падставе парушэньня судзьдзёю працэсуальных правоў падсуднага на пераклад на родную мову. Касацыйную скаргу ў Менскі гарадзкі суд мае падаць адвакат Гэніка Лойкі. Валянціна Лойка і жонка асуджанага Алена зьбіраюцца таксама падаць скаргі ў Мін’юст і Вярхоўны суд на паводзіны судзьдзі Лапо падчас учарашняга працэсу, калі тая ня толькі парушала правы падсуднага і адваката на выкарыстаньне першай дзяржаўнай мовы, але дыскрымінавала і іх, і беларускую мову:

«Мы абураныя і неэтычнымі паводзінамі, і непрафэсіяналізмам судзьдзі Лапо. Яна рабіла відавочныя парушэньні, дапускала моўную дыскрымінацыю. Мы нават думаем калектыўную заяву напісаць. Гэнік адкрыта заявіў у судзе, што ён не разумее расейскай мовы і яму павінны былі прадставіць перакладчыка, але не зрабілі гэтага. Фактычна ён быў без абароны. Мы ўтрох вялі стэнаграфічны запіс гэтага працэсу, таму мы возьмем гэтыя запісы і адлюструем у скарзе ўсе абуральныя факты, усе недакладнасьці».

Валянціна Лойка кажа, што адвакат таксама выступіла з хадайніцтвам аб перакладчыку, але абодва хадайніцтвы судзьдзя адхіліла:

«У працэсе Гэнік проста не разумеў судзьдзю, ня мог адказваць ёй. Суд быў нейкі недарэчны, судзьдзя нешта казала, але падсудны яе не разумеў. Больш за тое, судзьдзя таксама прымушала адваката гаварыць у судзе толькі па-расейску».

Юрыст «Вясны» Валянцін Стэфановіч перакананы, што Менскі гарадзкі суд мае падставы скасаваць вырак судзьдзі Людмілы Лапо толькі на падставе моўнай дыскрымінацыі падсуднага:

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«Калі чалавек у судзе заявіў, што кепска разумее, пра што ідзе гаворка, то згодна з законам яму павінен быць дадзены перакладчык. Гэта наўпрост указана ў працэсуальна-выканаўчым кодэксе».

Паводле спадара Стэфановіча, існуе і адпаведная практыка: калі ў 2003 годзе суд Ленінскага раёну Менску адмовіў у прадстаўленьні перакладчыка Ўладзімеру Лабковічу, гарадзкі суд скасаваў вырак і накіраваў справу на новы разгляд:

«Таму я лічу, што гэта вельмі грубае парушэньне, і вельмі дзіўна, што судзьдзя Лапо так сябе паводзіць, парушаючы працэсуальныя правы чалавека, у адносінах да якога вядзецца працэс. А калі б гэта быў грузін ці азэрбайджанец, што б яна рабіла? Ці калі патрабуюць пераклад на беларускую, дык гэта можна ігнараваць?»

Паводле Стэфановіча, патрабаваньні судзьдзі, агучаныя на адрас адваката, каб яна гаварыла ў працэсе па-расейску, таксама груба супярэчаць кодэксу ПІКаАП, які рэглямэнтуе, што справаводзтва вядзецца па-беларуску або па-расейску:

«Беларуская мова мае статус дзяржаўнай, і паводзіны Лапо зьяўляюцца яскравай праявай дыскрымінацыі. Судзьдзя павінен стаяць на абароне законных інтарэсаў грамадзян, а не парушаць іх правы і дыскрымінаваць па моўнай прыкмеце».

Валянцін Стэфановіч таксама перакананы, што ёсьць усе падставы, каб Мін’юст і Вярхоўны суд прыцягнулі судзьдзю Лапо да дысцыплінарнай адказнасьці. І Праваабарончы цэнтар «Вясна» гатовы дапамагчы сваякам Лойкі напісаць адпаведныя скаргі.

Тым часам Гэнік Лойка адбывае пакараньне ў турме на Акрэсьціна. На абскарджаньне выраку судзьдзі Лапо даецца пяць дзён, за гэты час ён ужо адбудзе свой тэрмін. Але скасаваньне прысуду Лапо і ў такім выпадку патрэбнае — для таго, каб яе пакаралі за парушэньне закону і каб іншыя судзьдзі паважалі беларускую мову.
XS
SM
MD
LG