Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
На сьвеце існуе прыблізна 7000 моваў. На 96% з гэтых моваў гаворыць усяго 4% сусьветнага насельніцтва. Кожныя два тыдні зьнікае адна мова — выміраюць дашчэнту яе носьбіты. Праз два-тры пакаленьні са сьвету зьнікне палова вядомых нам сёньня моваў. Гэтую статыстыку сусьветныя СМІ нагадваюць штогод 21 лютага, у Дзень роднай мовы. І кожны раз у гэты дзень мне хочацца згадаць два-тры канкрэтныя выпадкі моваў, якія памерлі або паміраюць. Ну бо калі перафразаваць дзеля гэтага выпадку адно вядомае выказваньне, дык зьнікненьне 3500 моваў — гэта ўсяго абстрактная статыстыка, а сьмерць адной мовы — гэта заўсёды трагедыя.

Самота на востраве Крк

Зьнікненьня моваў у Эўропе мы не заўважаем, бо яны зьнікаюць наогул у іншых месцах — недзе на Сыбіры, у Індыі, на Папуа-Новай Гвінэі або ў Афрыцы. Калі насамрэч зьнікла нейкая мова ў Эўропе? У Эўропе хутчэй за ўсё ўзьнікаюць новыя — прыкладам, македонская ў Югаславіі, русінская ў Славаччыне, кашубская і шлёнская ў Польшчы, (заходне)палеская ў Беларусі...

Але вось дата сьмерці адной эўрапейскай мовы вядомая дакладна — 10 чэрвеня 1898 году памерла далматынская мова. У той дзень апошні чалавек, які яе ведаў, наступіў на вайсковую міну на востраве Крк у Адрыятычным моры, міна разарвалася, і ён загінуў.

Далматынская — гэта раманская мова, нешта сярэдняе паміж італьянскай і румынскай, якая ўжывалася на ўзьбярэжжы Харватыі і Чарнагорыі і была спакваля выціснутая славянскім моўным субстратам.

Апошнім чалавекам, які ведаў далматынскую мову, быў нехта па прозьвішчы Туонэ Удайна. За год перад ягонай трагічнай сьмерцю яго на востраве Крк наведаў італьянскі мовазнаўца Матэа Бартолі, які запісаў ад Удайны некалькі тысяч далматынскіх словаў і розныя гісторыі. Застаецца таямніцай, як Бартолі здолеў дамовіцца з Удайнай, які на той час быў глухі і бяззубы, і не гаварыў ні з кім па-далматынску цягам апошніх 20 гадоў. Далматынскай мове ён навучыўся ад сваіх бацькоў, падслухоўваючы тайком, як яны гаварылі адно з адным па-свойму (з сынам яны гаварылі выключна па-італьянску). З таго, што Удайна нагаварыў італьянскаму мовазнаўцу, Бартолі здолеў сфармуляваць фанэтычныя і граматычныя правілы далматынскай мовы ды апублікаваць вынікі сваёй працы па-нямецку ў кнізе «Das Dalmatische» (1906). Італьянскі рукапіс ягонай працы недзе прапаў, і кнігу пераклалі «назад», зь нямецкай на італьянскую, зусім нядаўна. Недзе ў інтэрнэце мне трапіла на вочы згадка пра тое, што нядаўна групка энтузіястаў узялася адраджаць далматынскую мову...

Можна запытацца — а ці варта адраджаць мову, на якой ніхто не гаворыць? Дзеля чаго і каго?

Уваскрэслая зь мёртвых

Корнская мова памерла пад канец 18 стагодзьдзя. Апошняя згадка пра яе як пра жывую мову, калі не памыляюся, паходзіць з 1776 году. Некаторыя мовазнаўцы кажуць, што былі людзі, якія на корнскай мове гаварылі і цягам 19 стагодзьдзя. Аднак жа ніякіх матэрыяльных доказаў гэтага няма.

Корнская мова — гэта кельцкая мова, нешта сярэдняе між брэтонскай і валійскай. На ёй гаварылі людзі ў той паўднёва-заходняй частцы Вялікабрытаніі, якая завецца Карнуэлам.

Адраджэньне корнскай мовы пачалося ў 20 стагодзьдзі — у 1904 годзе адзін навуковец выдаў нешта накшталт падручніка корнскай мовы, а ў 1924 іншы апублікаваў кніжку з корнскімі правапіснымі правіламі, абапіраючы іх на тэксты гэтак званага «сярэдняга пэрыяду» разьвіцьця даўняй корнскай мовы (1200-1600). І неяк пайшло. Знайшліся бацькі, якія навучыліся корнскай мове з гэтых кніжак, а потым, калі ў іх нараджаліся дзеці, сталі гаварыць зь імі на гэтай мове. Сёньня корнская мова лічыцца «жывой» — то бок, у агульнапрынятай клясыфікацыі ЮНЭСКА яна перайшла з групы extinct (памерлая) у групу critically endangered (на мяжы зьнікненьня).

Колькі людзей сёньня ў змозе гаварыць на корнскай мове? У залежнасьці ад вызначэньня таго, што значыць «гаварыць на мове», колькасьць носьбітаў корнскай мовы вагаецца ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч.

Абсалютна жывая

Яшчэ 150 гадоў таму іўрыт быў у стане «клінічнай сьмерці», калі можна гэты тэрмін ужыць да мовы. То бок гэтай мове габрэйскіх дзяцей абавязкова вучылі ў школах, але насамрэч ніхто на ёй не гаварыў у жыцьці. Інакш кажучы, мова была закансэрваваная ў старажытных рэлігійных тэкстах і не разьвівалася.

Першым, хто стаў гаварыць на гэтай мове ў сваёй сям’і, як бы яна была жывой, быў Эліэзэр Бэн-Егуда (1858-1922), які нарадзіўся ў вёсцы Лужкі на Віцебшчыне. Гісторыя Бэн-Егуды і ягонага змаганьня за адраджэньне іўрыту вартая зусім асобнага расповеду — я згадваю яго тут толькі дзеля адной цытаты. У прадмове да слоўніка старажытнага і сучаснага іўрыту, які Бэн-Егуда стаў публікаваць у Палястыне ў 1910 годзе, ён напісаў: «Калі можна аднавіць мову, якой перасталі размаўляць (і ад яе амаль нічога не засталося, як з нашай мовай), і зрабіць яе размоўнай, каб выражала ўсё, што хоча сказаць прынамсі адзін чалавек, то без усялякіх сумненьняў яна можа стаць мовай зносінаў для ўсяго грамадзтва».

Кожны раз, калі я чытаю разважаньні пра заняпад беларускай мовы ў Беларусі і пра тое, хто ў ім вінаваты і што рабіць, каб зьмяніць сытуацыю дзеля лепшага, мне прыгадваецца прыклад Эліэзэра Бэн-Егуды... Ну, не абавязкова кожнаму беларусу адразу ствараць свой слоўнік беларускай мовы, але абавязкова трэба навучыць сваё дзіця гаварыць па-беларуску яшчэ ў калысцы. І ўсё наладзіцца, нават калі лепшых часоў трэба будзе чакаць яшчэ гадоў 50... Дарэчы, калі Бэн-Егуда пачуў, што ягоная жонка сьпявае ягонаму сыну калыханку па-расейску, ён яе толкам адчыхвосьціў. Як кажуць, высновы пакідаю тут чытачу...

Дыялект з арміяй і флётам

Насамрэч не існуе выразных межаў паміж тым, што мы называем мовай і дыялектам. Збольшага мы ведаем, як разьмежаваць, прыкладам, дыялекты беларускай мовы ад дыялектаў украінскай, але калі зьяўляецца група людзей, якая кажа, што вось зь нейкіх дыялектаў з украінскімі рысамі на Палесьсі можна стварыць асобную мову, і робіць дзеля гэтага адпаведныя захады, дык тое, ці (заходне)палеская мова стане асобнай мовай ад украінскай і беларускай — залежыць у першую чаргу ад носьбітаў гэтай мовы, а не ад прафэсараў у Менску ці Кіеве.

Найбольш вядомым і адначасова найбольш дасьціпным вызначэньнем розьніцы паміж мовай і дыялектам зьяўляецца выказваньне, якое прыпісваюць габрэйскаму мовазнаўцу Максу Вайнрайху: «Мова — гэта дыялект, у якога ёсьць армія і флёт» (A shprakh iz a dialekt mit an armey un flot).

Гэтае выказваньне — адзін з дэвізаў сацыялінгвістыкі, сумежнай навуковай дысцыпліны, якая вывучае комплекс праблемаў, зьвязаных з сацыяльнай прыродай мовы, яе грамадзкімі функцыямі ды мэханізмам узьдзеяньня сацыяльных фактараў на мову.

Сацыялінгвістыка аргумэнтуе, між іншым, што статус мовы вызначаюць ня чыста навуковыя крытэры, а палітычна-грамадзкія.

Ну й што з таго, што баўгары ня лічаць македонскай мовы асобнай ад баўгарскай? У македонцаў ёсьць свая армія, а таму на доказы мовазнаўцаў з Сафіі ім начхаць...

Канешне, бываюць сытуацыі цяжэйшыя, чым македонская... Каб не шукаць далёка — Падляшша. Адкуль падляскім беларусам узяць сваю армію, ня кажучы пра флёт, каб абараніць сваю падляскую мову? Тут трэба выкручвацца неяк іначай...

Мова і хлеб

Хацелася б закончыць гэты блог з нагоды Дня роднай мовы нейкай не зусім бутафорскай высновай. У дапамогу прыйшоў мне мой калега-журналіст Кастусь Бандарук, які ўчора ўкінуў у сусьветную сьметніцу, званую Фэйсбукам, такую рэфлексію:

«Для мяне „родная“, „матчына“ мова, гэтая тая, якую па сёньняшні дзень трапна завуць „простай“, бо яна самым простым і натуральным чынам адлюстроўвае немудрагелістае і ня вытанчанае сьветаадчуваньне нашых пад-крынкаўскіх людзей. Калі мова — гэта культурны код, дык яна увабрала ў сябе ўвесь лад таго сярмяжнага, гаротнага, працавітага, сумленнага і непатрабавальнага жыцьця. Простая мова людзей простых, але не прасьцяцкіх, бедных, але чыстых духам. Я рады, што застаўся ёй верны, і яна за гэтую вернасьць адплаціла мне хлебам. Надала сэнс жыцьцю і насуперак тым, хто апалячваўся для хлеба, стала нават сродкам утрыманьня. У маім выпадку не адрачэньне ад сваіх каранёў, але вернасьць ім прынесла большы плён».

У гэтых Кастусёвых словах хаваецца тое, што я лічу асноўнай прычынай праблемаў зь беларускай мовай у Беларусі. Не «расейская акупацыя», не Лукашэнка і ягоныя міністры, не «нацыянальны нігілізм» вінаватыя ў тым, што Ялінка Салаўёва самотна ходзіць у беларускамоўную клясу на ўвесь вялікі горад Магілёў. Хто застаецца верным «простай мове» ў горадзе? Журналіст, пісьменьнік, мастак... — тыя, каго яна корміць хлебам нашым надзённым, ці то сьпечаным з мукі, ці то духоўным. Іншыя здабываюць свой хлеб пры дапамозе іншай мовы. І адвярнуць гэтую сытуацыю радыкальным чынам мне не ўяўляецца магчымым. Таму што бяз хлеба жыць немагчыма. А бяз мовы — як каму... Ня трэба забываць — да вясны яшчэ месяц, і за гэты перадвеснавы час зьнікнуць дзьве наступныя мовы на сьвеце. Ім не пашанцавала значна горай, чым беларускай. Бо яны былі непатрэбныя нават для журналістаў з мастакамі...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG