Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У міністэрстве абароны працуюць фантазёры або тыя, у каго была двойка па гісторыі.

У Горадні на скрыжаваньні пешаходнай Савецкай і Ажэшкі зьявілася расьцяжка на расейскай мове, падпісаная міністэрствам абароны: «95 гадоў Узброеным сілам Рэспублікі Беларусь».

Расьцяжку амаль адразу перанесьлі далей з вачэй пешаходаў, замяніўшы яе запрашэньнем на мядовы кірмаш. Цяпер яна на суседняй Віленскай, дзе людзей значна менш, пераважна машыны. Канечне, сорамна чытаць напісанае ваякамі людзям, якія пакуль на склероз ня скардзяцца. Няцяжка прыгадаць школьны курс: савецкая Беларуская рэспубліка была створаная 1 студзеня 1919 году. Таварышы афіцэры: ці атрымліваецца «95»? А менавіта ад савецкай адлічвае ўпарта цяперашняе начальства свае гады. Мала таго, не пасьпелі бальшавікі дазволіць яе, як яна зьнікла больш чым на паўгода: ніякай беларускай савецкай не існавала зусім, апроч кароткага тэрміну ў выглядзе гібрыду «Літ-Бел».

Дык, можа, мінабароны наважылася на крамолу: аб’явіць у лютым свой радавод ад войска «буржуазнай» Беларускай Народнай Рэспублікі? Але ж сама БНР была абвешчаная, як добра вядома, толькі 25 сакавіка. Дык тады, можа, у Горадні «заходняе апэратыўнае камандаваньне» вырашыла згуляць на мясцовым патрыятызьме і ўзгадаць свае сьціплыя карані — колішні беларускі полк, які так і ня быў як належыць створаны, і які прыяжджаў раззбройваць ажно сам Пілсудзкі? Дык і гэтая падзея не пасуе: бо адбывалася ўсё, зноў жа, у 1919-м, 95 ніяк не атрымліваецца, таварышы афіцэры.
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG