Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці затрымаюць Кучму?


Плякат з партрэтам Леаніда Кучмы

Плякат з партрэтам Леаніда Кучмы

Першы намесьнік генэральнага пракурора Ўкраіны Рэнат Кузьмін паведаміў, што вядзецца новае расьсьледаваньне адносна заказчыкаў забойства ў 2000 годзе журналіста Георгія Гангадзэ.

Паводле Кузьміна, Генэральная пракуратура мае дастатковую колькасьць доказаў прычыннасьці былога ўкраінскага прэзыдэнта Леаніда Кучмы да забойства Гангадзэ.

У эфіры расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы» Кузьмін прыгадаў, што раней, яшчэ паводле старога ўкраінскага заканадаўства, суд у Кіеве адмяніў пастанову аб завядзеньні крымінальнай справы супраць Кучмы — з той прычыны, што як доказ прычыннасьці Кучмы фігуравалі ў той час плёнкі экс-маёра дзяржаховы Міколы Мельнічэнкі, якія, на думку суду, мелі сумнеўнае паходжаньне. Аднак цяпер, як адзначыў Рэнат Кузьмін, Генэральная пракуратура зноў пачала расьсьледаваньне.

Раніцаю ў чацьвер дзяржаўнае агенцтва «Укрінфарм», спасылаючыся на крыніцы ў Генпракуратуры Ўкраіны, паведаміла пра затрыманьне Леаніда Кучмы ў кіеўскім аэрапорце «Жуляны». «Такі факт меў месца», — сказаў суразмоўца агенцтва, не раскрыўшы дэталяў.

Пазьней, аднак, стала вядома аб прыбыцьці Кучмы ў Харкаў. Другі прэзыдэнт Украіны прыляцеў туды для ўручэньня дыплёмаў выпускнікам тамтэйшага авіяцыйнага інстытуту, а таксама стыпэндыяў свайго дабрачыннага фонду.
XS
SM
MD
LG