Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 мільёны даляраў — за прарыў у навуках аб жыцьці


11 навукоўцаў сталі мільянэрамі, выйграўшы прэміі за прарыў у навуках аб жыцьці. Кожны зь ляўрэатаў упершыню прысуджанай сёлета прэміі атрымае па тры мільёны даляраў — суму, якая больш як удвая перавышае грашовую вартасьць Нобэлеўскай прэміі.

Памянёныя ўзнагароды прысуджае фонд «Прэміі за прарыў у навуках аб жыцьці» (Breakthrough Prize in Life Sciences Foundation). На чале фонду стаіць кіраўнік карпарацыі Apple Артур Левінсан, сярод фундатараў прэміі — заснавальнік «Фэйсбуку» Марк Цукербэрг, сузаснавальнік «Гуглу» Сяргей Грын, а таксама прадпрымальнік, суўладальнік Mail.ru Group і DST Global Юры Мільнер, вядомы таксама заснаваньнем летась прэміі для вучоных у галіне фізыкі (The Fundamental Physics Prize).

Прэмія мае дапамагчы навукоўцам у правядзеньні дасьледаваньняў для пошуку, у прыватнасьці, новых шляхоў лячэньня сьмяротных хваробаў. Ініцыятары ўзнагароды адзначаюць, што хочуць ганараваць дасьледнікаў, якія сваёй працаю спрыяюць падаўжэньню чалавечага жыцьця.

З 11 сёлетніх ляўрэатаў «Прэміі за прарыў у навуках аб жыцьці» дзевяцера працуюць у амэрыканскіх унівэрсытэтах і інстытутах, яшчэ два ляўрэаты — вучоныя зь Японіі і Нідэрляндаў.

Аб’яўлена, што прэмія будзе штогадовай. Намінаваць кандыдата зможа хто хаця, пераможцаў жа будзе выбіраць камісія, складзеная з фундатараў прэміі і ранейшых ляўрэатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG