Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі паспрабуюць гаварыць па-беларуску


Намесьнік старшыні Бабруйскага гарвыканкаму Аляксандар Маркачоў зьвярнуўся да дзяржаўных службоўцаў, каб яны 21 лютага «па-магчымасьці размаўлялі на роднай мове».

Словы чыноўніка падае бабруйская прэса. Зварот спадар Маркачоў агучыў на нарадзе гарвыканкаму 19 лютага.

Аляксандар Маркачоў заявіў, што ягоныя калегі пастараюцца падтрымаць ягоную ініцыятыву. На пытаньне, ці зварот тычыцца толькі сёньняшняга дня ці наступных таксама, службовец зазначыў: «Па-магчымасьці кожны дзень. У нас жа ня ўсе размаўляюць на роднай мове, але па-магчымасьці... Яны паспрабуюць гаварыць па-беларуску».

Актывіст Таварыства беларускай мовы з Бабруйска Віктар Маліноўскі кажа, што ведае ў гарвыканкаме некалькіх службоўцаў, якія валодаюць беларускай мовай. Акрамя таго, чыноўнікі са стажам, паводле спадара Маліноўскага, пасканчалі беларускамоўныя школы і роднай мовай валодаюць.

«Гэтая ініцыятыва пэўную глебу пад сабой мае. Адзінае, што засмучае, каб пакарыстацца дзяржаўнай роднай мовай, трэба мець у календары Усясьветны дзень роднай мовы». Сытуацыя зь беларускай мовай у Бабруйску такая ж складаная як і па ўсёй Беларусі. Ніводнай беларускамоўнай школы ў 200-тысячным горадзе няма», — адзначае Віктар Маліноўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG